Мітынгі ў памяць аб спаленых вёсках прайшлі ў Ашмянскім раёне

Общество

 

Мітынгі ў памяць аб спаленай фашыстамі 22 сакавіка 1943 года вёсцы Хатынь, а таксама іншых вёсках Беларусі, якіх напаткаў такі ж трагічны лёс, прайшлі ў аграгарадках Ашмянскага раёна.

Ля помнікаў загінулым землякам у Граўжышках, Жупранах, Барунах і Гальшанах сабраліся прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, настаўнікі і вучні школ, выхаванцы дзіцячых садкоў, работнікі культуры і мясцовыя жыхары.

– Трагедыя Хатыні сярод скрушных падзей Вялікай Айчыннай вайны займае асаблівае месца. Ні на адной геаграфічнай карце няма населенага пункта з такой назвай, аднак аб ім ведае ўвесь свет, — адзначыў старшыня Граўжышкоўскага сельвыканкама Пётр Чаплінскі. — Хатынь – гэта помнік усім мірным жыхарам Беларусі, якія загінулі ў гэтыя страшныя гады. Сярод іх і жыхары нашай вёскі Доржы, якая знаходзіцца ў дзесяці кіламетрах ад Граўжышак. З 41 хаты падчас ваенных дзеянняў 34 былі спалены. Мы павінны заўжды памятаць аб трагічных падзеях тых дзён і ніколі не дапускаць іх паўтарэння.

Аб падзеях ліпеня 1944 года, калі праходзіла аперацыя па вызваленні ад фашыстаў ашмянскай зямлі, расказаў вядучы мітынгу-рэквіему Эдвард Булкевіч. Школьнікі мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу ўзгадалі старонкі Хатынскай трагедыі.

На месцы спаленай вёскі ў 1969 годзе быў адкрыты Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь». А адзіны дарослы сведка той трагедыі – 56-гадовы мясцовы каваль Іосіф Камінскі стаў прататыпам вобраза для помніка “Нескароны чалавек”. Шасціметровая скульптура беларускага селяніна сімвалізуе чалавека, які вынес з агню цела мертвага сына і нясе яго праз гады, праклінаючы фашызм і любое зло на нашай Зямлі.

Завяршыліся мітынгі-рэквіемы мінутай маўчання і ўскладаннем кветак да помнікаў загінулым землякам.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *