Баруны і Трасечаняты. У полымі вайны

Общество

 

У гэтыя дні беларуская зямля ўздрыгвае ад успаміну аб трагедыі, сімвалам якой стала Хатынь, ад болю і смутку аб усіх, хто быў знішчаны фашыстамі. 22 сакавіка 1943 года разам са 149 жыхарамі была спалена Хатынь. Такі ж лёс напаткаў яшчэ 185 беларускіх вёсак. У памяць аб іх у мемарыяльным комплексе «Хатынь» размяшчаюцца адзіныя ў свеце Могілкі вёсак.

Як бы цынічна гэта не гучала, на шчасце, такая вогненная навала абмінула населеныя пункты Ашмянскага раёна. Тут не праходзіла лінія фронту, не было маштабных карных экспедыцый, татальных разбурэнняў. Між тым архіўныя звесткі, дадзеныя кнігі «Памяць», успаміны мясцовых жыхароў сведчаць пра шэраг зверстваў, якія чынілі гітлераўскія захопнікі. Паводле акта, складзенага 24 мая 1945 года камісіяй па расследаванні іх злачынстваў (кніга “Памяць”), за час акупацыі на Ашмяншчыне расстраляны і закатаваны 1793 мірныя жыхары. Раённая газета “Знамя свабоды” ў нумары за 3 чэрвеня 1945 года назвала такую лічбу: “Па нашым раёне яны (немцы) забілі і вывезлі на катаргу каля 7 тысяч чалавек…” Колькі з іх забіта і колькі вывезена, тым больш, колькі вярнулася, аб гэтым не ўдакладняецца.

На тэрыторыі Ашмянскага раёна поўнасцю або часткова былі знішчаны вёскі Баруны, Бурцішкі, Доржы, Жупраны, Карлаўшчына, Карабы, Лаўжы, Навасёлкі, Нарушаўцы, Трасечаняты, Семернікі, Якелеўшчына. На жаль, крыніцы не захавалі падрабязнага апісання падзей, якія адбываліся ў большасці населеных пунктаў, і абставінаў іх знішчэння. Аднак відавочна адно: больш за тры гады мірным жыхарам давялося цярпець здзекі і гвалты, лілася нявінная кроў, смерць і пакуты прынеслі з сабой “цывілізаваныя” захопнікі. Паводле плана “Ост”, 75 адсоткаў насельніцтва Беларусі падлягала знішчэнню і прымусоваму высяленню, а 25 — анямечванню і выкарыстанню ў якасці рабочай сілы.
Усю моц “высакародных” фашысцкіх планаў адчулі на сабе жыхары Барунаў і Трасечанятаў. Згодна з даведкай, складзенай сакратаром парткама саўгаса “Баруны” А.С. Алейнікавым у 1975 годзе (захавалася ў Ашмянскім краязнаўчым музеі), у ліпені 1944 года пры адступленні нямецкіх войскаў імі спалена вёска Баруны. Пашчасціла ўратавацца ад агню глінабітцы Кандрата Шымкуса, яшчэ дзвюм хатам (Івана Гарлуковіча і Міхаіла Макася), кляштару і касцёлу, спалена было 38 (па іншых звестках – 46) дамоў.

Успамінамі сваёй маці Станіславы Казіміраўны Рукель падзялілася жыхарка Барунаў Фаіна Санковіч:
— Хата наша стаяла насупраць касцёла. У 1944-м, падчас вызваленчай аперацыі, у яе трапіў снарад. Пашчасціла, што ні дарослых, ніводнага з дзевяці дзяцей не было дома, — усе працавалі ў полі. Ад жылля, зразумела, нічога не засталося. Памятаю, як пэўны час з такімі ж гаротнымі аднавяскоўцамі жылі ў сутарэннях кляштара, аж пакуль не адбудаваліся наноў.
Захавалася ў памяці старэйшага пакалення барунцаў, што асабліва зверствавалі ў вёсцы і ваколіцах пасобнікі фашыстаў – літоўцы-нацыяналісты. Так, маці партызана некалькі дзён катавалі, а пасля забілі.

Жудасныя карціны захаваліся ў памяці відавочцаў ваенных падзей – жыхарак суседняй вёскі Трасечаняты. Валянціна Пятроўна і Кацярына Францаўна Лукашэвіч у 1941–1944 годзе былі падлеткамі. Памятаюць, як пачалася вайна, як доўга цягнуліся гады акупацыі, як, пачуўшы стрэлы і выбухі, хаваліся ў рове, з якой надзеяй на ратаванне ад фашысцкай навалы чакалі вызваліцеляў, а пасля, ужо ў 1944-м, схаваўшыся ў сутарэнні, прыслухоўваліся да “кацюш”.
Аднойчы праз Баруны і іх вёску гналі ваеннапалонных. Два дні прыбіралі яны на нямецкіх могілках першай сусветнай вайны. Замучаныя, змардаваныя, схуднелыя, колішнія салдаты прасілі есці і вады — нікога з вяскоўцаў да іх не падпускалі. Адзін палонны чырвонаармеец не вытрымаў і пабег да агародаў, каб хоць морквіну вырваць, — яго дагнала куля… Сказаць, адкуль і куды гналі ваеннапалонных праз Баруны, які лёс іх напаткаў, складана. Вядома, што лагеры ваеннапалонных былі ў Гудагаі, Ашмянах (на тэрыторыі сучаснай аўташколы), а таксама ў Жупранах.

— Цыганоў, жыдоў стралялі, Бог ведае, — успамінае Кацярына Францаўна. — Здаецца, чалавек дзевяць. Прозвішчаў усіх не памятаю. Шолам, Сроль…
Згодна з запісамі сакратара парткама саўгаса “Баруны” А.С. Алейнікава, у вёсцы Баруны былі спалены хаты яўрэйскіх сем’яў Шолам, Берчык, Апчык, Ёсель і Сроль. Сем’і былі забіты. Кніга “Памяць” называе сярод забітых жыхароў Барун 13 чалавек.

Гістарычныя крыніцы і факты сведчаць, што пад фашысцкі прыцэл у першую чаргу траплялі яўрэі, прадстаўнікі савецкай улады – старшыні калгасаў, сельвыканкамаў, начальнікі пошты, а таксама родзічы партызанаў. Так, старажылы з Трасечанятаў узгадалі эпізод забойства цэлай сям’і, якая жыла на ўскрайку вёскі.
— Спачатку забілі бацьку. А пасля, ужо назаўтра, калі нябожчыка пахавалі, уночы прыйшлі і перабілі ўсю сям’ю – жонку і дзяцей, — расказвае Валянціна Пятроўна Лукашэвіч. — Мы з вясковымі дзецьмі глядзець пасля хадзілі… За што забілі? Дык брат у таго мужыка ў “рускіх” партызанах быў. А зверства з сям’ёй учынілі “белыя партызаны” — так мы іх у вёсцы называлі.

Нават з разрозненых успамінаў зразумела, у якім жаху даводзілася існаваць мірным жыхарам: хадзіць пад кулямі, ухіляцца ад разрываў снарадаў, начаваць у прамым сэнсе слова пад кустом, каб у хаце не заспеў вораг. Бо да тых, хто не схаваўся, літасці не было — ні да старых, ні да малых…
У Год гістарычнай памяці асаблівая ўвага надаецца расследаванню фактаў генацыду, бо менавіта ад нас, нашчадкаў пераможцаў-вызваліцеляў, залежыць захаванне памяці і праўды пра Вялікую Айчынную вайну.

Людміла РЫБІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *