Канстытуцыя: гісторыя стварэння і развіцця. Гутарка з навуковым супрацоўнікам Ашмянскага краязнаўчага музея

Общество

 

На працягу апошняга часу ў Беларусі часта гучыць слова “канстытуцыя”. І гэта зразумела. Мы рыхтаваліся да рэферэндуму, актыўна абмяркоўвалі прапанаваныя папраўкі, выказвалі ўласныя меркаванні. Можа, не заўсёды ўголас і з афіцыйнай трыбуны, але з сябрамі і блізкімі абмяркоўвалі абавязкова. Тэма – ёмістая і шматзначная, тут і юрыстам складана, што ж гаварыць пра звычайнага грамадзяніна. Напярэдадні Дня Канстытуцыі пра гісторыю яе стварэння і развіцця, а таксама пра значэнне ў жыцці кожнага грамадзяніна мы пагутарылі з навуковым супрацоўнікам Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Святланай Пятроўнай Чарняк.

— Святлана Пятроўна, раскажыце, колькі Канстытуцый мела Беларусь на працягу сваёй гісторыі і ў чым іх асаблівасці?

— Калі пачынаць лічыць з 1917 года (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі), то – пяць. Першая была прынята 5 лютага 1919 года і стала Асноўным Законам Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь – яна ў асноўным паўтарала палажэнні савецкай канстытуцыі РСФСР.

У 1927 годзе пасля ўваходу Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі ў склад СССР была прынята новая Канстытуцыя. Яе адметнасцю стала поўнае раўнапраўе беларускай, яўрэйскай (ідзіш), рускай і польскай моў. На тагачасным гербе БССР лозунг “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” таксама быў напісаны на чатырох мовах.

Прыняцце Канстытуцыі 1937 года, якую яшчэ называюць “сталінскай”, было прадыктавана новымі знешнепалітычнымі ўмовамі. Беларускі варыянт Канстытуцыі цалкам адпавядаў Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР. З дакумента знік артыкул аб моўным раўнапраўі. Упершыню ў дакуменце намеціўся пераход да падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. З’явіўся артыкул аб здрадзе Радзіме, пад якой меліся на ўвазе парушэнне прысягі, пераход на бок ворага, нанясенне шкоды ваеннай моцы дзяржавы, шпіянаж і якія лічыліся самымі цяжкімі злачынствамі.

Прычынамі з’яўлення Канстытуцыі 1978 года сталі змены ў эканамічным і палітычным жыцці краіны і прыняцце Канстытуцыі СССР 1977 года. Беларуская Канстытуцыя ў асноўным адпавядала Канстытуцыі СССР. Упершыню на канстытуцыйным узроўні былі замацаваны права грамадзян на ўдзел у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, права на жыллё, дзяржаўную ахову здароўя, права на карыстанне дасягненнямі культуры.

Пятая па ліку, першая ў гісторыі суверэннай рэспублікі Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. На рэспубліканскіх рэферэндумах 1996, 2004 і 2022 гадоў у Канстытуцыю ўносіліся змены і папраўкі. Наша апошняя Канстытуцыя з улікам міжнароднага права адлюстроўвае дэмакратычныя гледжанні на ўладкаванне грамадства і дзяржавы.

— Як вы лічыце, ці патрэбна звычайнаму чалавеку – не навукоўцу, не палітыку – ведаць Канстытуцыю і яе палажэнні і для чаго?

— Зразумела трэба! Я зараз не толькі як навуковы супрацоўнік гавару, а яшчэ і як настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, якія я працяглы час выкладала ў школах раёна. За маё жыццё змяніліся чатыры Канстытуцыі. Калі іх параўноўваць простымі словамі, то ў папярэдніх дакументах, на мой погляд, большая ўвага надавалася абавязкам чалавека і грамадзяніна, цяпер – перавес на правах. Гэта нядрэнна, але трэба не толькі ведаць свае правы, але і не забываць пра свае абавязкі, і правы іншых людзей. У 37 артыкуле Канстытуцыі 1978 года быў радок “Выкарыстанне грамадзянамі правоў і свабод не павінна наносіць урон інтарэсам грамадства і дзяржавы, правам іншых грамадзян”. Вельмі важны пасыл, асабліва для моладзі. Людзі, ведаючы свае правы, не заўсёды думаюць пра тое, што правы ёсць і ў іншага чалавека, што правы маюць пэўную прастору і заканчваюцца там, дзе пачынаюць парушацца правы іншага чалавека. Складаная тэма, але дыскусіі аб правах і абавязках з вучнямі старэйшых класаў праходзілі цікава, часам  — незапланавана.

— Раскажыце, чым сёння жыве музей, якія магчымасці, дадзеныя дзяржавай,  выкарыстоўвае?

— Як работнік сферы культуры магу выдзеліць 51 артыкул Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што кожны мае права на ўдзел у культурным жыцці. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, якія знаходзяцца ў дзяржаўных і грамадскіх фондах, развіццём сеткі культурна-асветных устаноў. Сёння музей перастае быць проста трансфарматарам нейкіх пэўных падзей і проста выставай рэчаў, а гледачы перастаюць быць проста аглядальнікамі экскурсій. Мы працуем над тым, каб наведвальнікі музея самі сталі творцамі і актыўнымі ўдзельнікамі выстаў, каб яны не проста праслухалі нейкую інфармацыю, але і апынуліся ў пэўнай атмасферы. На нашай базе праводзяцца музейныя заняткі для школьнікаў – асабліва падабаюцца дзецям гульні-квэсты “Аб тых і для тых, хто любіць свой горад”, “Я павяду цябе ў музей”. Карыстаюцца попытам экскурсіі з выхадам на аб’ект “Горад над ракой Ашмянкай», “Паданні зямлі Гальшанскай”, “Гістарычныя старонкі Гальшан”, экскурсія ў былы цэнтр асветы Ашмяншчыны мястэчка Баруны. Ашмянцам палюбілася акцыя «Ноч у музеі», якая адбываецца штогод 18 мая. Адкрыцці выстаў праходзяць з удзелам уладальнікаў калекцый, стваральнікаў твораў мастацтва. Дзякуючы фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама намаганням кіраўніцтва раёна атрымаў новае жыццё Гальшанскі замак, які стаў паўнавартасным філіялам музея і прыцягвае вялікую колькасць наведвальнікаў. У Год народнага адзінства мы пачалі ажыццяўляць сумесны з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна праект “Дом, у якім жывуць успаміны”, які згуртаваў вакол музея людзей сталага ўзросту. У Год гістарычнай памяці работа праекта працягваецца.

Мы ганарымся тым, што нашу работу заўважаюць і даюць ёй належную адзнаку. Па выніках 2021 года калектыў музея ўзнагароджаны Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Вашы пажаданні наведвальнікам.

— Прыходзьце, расказвайце, дзяліцеся ўспамінамі і экспанатамі. Музей заўсёды адчынены для тых, хто любіць свой край і сваю гісторыю.

Гутарыла Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *