Аб’яднала музыка і любоў да яе. Юная вакалістка Лаўра Кірдзік

Культура

 

Каб трапіць у клас Вольгі Францаўны Чаплінскай, дзе праходзяць заняткі вакальнага майстэрства, не патрэбны ўказальнік – туды, на чацвёрты паверх Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, вядуць гукі народнай музыкі. Чароўныя, мілагучныя, яны то заціхаюць, то набіраюць моцы… Вольга Францаўна стараецца падкрэсліць індывідуальнасць кожнага вучня, выхоўвае ў іх пачуццё адказнасці і дысцыпліны, бо займацца музыкай трэба заўсёды, не адкладаючы творчасць ні на хвіліну. Праўда, падыходзячы да кабінета, са словамі “лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць” можна і паспрачацца, калі размова ідзе аб выступленні юнай вакалісткі Лаўры Кірдзік. Яе звонкі голас пад акампанемент гучных народных інструментаў можна слухаць бясконца, бо ад яе спеваў сэрца напаўняецца музыкай і радасцю.

Нядаўна Лаўры споўнілася восем, а навучанне ў школе мастацтваў юная вакалістка і піяністка пачала ў пяць гадоў. Без перабольшвання можна сказаць, што захапленне творчасцю ў дзяўчынкі пачалося амаль што з нараджэння. У тры гады яна на памяць дэкламавала верш у дванаццаць слупкоў так, што бацькі нават хацелі адправіць відэазапіс “творчых пошукаў” дзяўчынкі на тэлепраграму Максіма Галкіна “Лучше всех”. Разам з хроснай маці Ганнай, якая ў свой час скончыла музычную школу, яны спявалі песні і арганізоўвалі хатнія канцэрты.

— Нездарма кажуць, што таленавітае дзіця таленавітае ва ўсім, — расказвае Вольга Чаплінская. — Сярод сваіх аднагодкаў Лаўра выдзялялася сваёй рознабаковасцю і яскравымі здольнасцямі. На першым уроку я прапанавала дзяўчынцы выканаць яе любімую песню, і якое было здзіўленне, калі яна гучна заспявала беларускую народную песню “Касіў Ясь канюшыну”. Старанная і адказная вучаніца  з захапленнем займаецца вакалам, іграе на фартэпіяна і цікавіцца мастацкім чытаннем. Мы плануем нават падрыхтаваць твор на беларускай мове, на якой Лаўра любіць размаўляць не толькі ў школе, але і ў паўсядзённым жыцці.

Сябрам сям’і Кірдзік запомніліся канцэрты Лаўры на адпачынку, дзе каля вогнішча яна выкладала свой рознабаковы і, заўважым, сур’ёзны рэпертуар – “Касіў Ясь канюшыну”, “Выходила на берег Катюша” і “Идет солдат по городу”, якую пачула ад таты. Апладысментаў і кампліментаў тады зусім маленькая Лаўра атрымала больш, чым пасля выступлення на вялікай сцэне. У дзяўчынкі свой густ не толькі на музычныя кампазіцыі, але і на мультыплікацыйныя і кінастужкі. Так, у адрозненні ад сваіх аднагодкаў яна любіць савецкае кіно, напрыклад, “Кавказскую пленницу”, “Операцию “Ы” и другие приключения Шурика”, а мелодыі з гэтых фільмаў ужо даўно вывучыла на памяць.

У дзіцячым садку Лаўра наведвала харэаграфічныя заняткі. З таго часу інтарэс да беларускай музыкі, народнага строю і аўтэнтычных танцаў толькі павялічваўся. Першым і значным крокам стала навучанне ў класе Вольгі Чаплінскай. Яна заўважыла ў дзяўчынцы талент і адразу пачала рыхтаваць юную спявачку на міжнародны фестываль-конкурс “Планета дружбы”, дзе дэбютантка Лаўра Кірдзік атрымала дыплом лаўрэата IІ ступені. Паспяховы творчы дэбют прадоўжыла выступленне на міжнародным адукацыйным творчым праекце ART EXPRESS, дзе наша зямлячка стала не толькі лаўрэатам ІІ ступені, але і тварам конкурсу — менавіта яе фотаздымак у народным строі ілюстраваў шматлікія аб’явы і запісы ў сацыяльных сетках.

Павялічваць выканаўчае майстэрства і мастацкі ўзровень дазваляе ўдзел у конкурсах. Так, за плячыма Лаўры паспяховыя выступленні на міжнародных творчых спаборніцтвах STAR FEST, “Хрустальный василек”, “Сказочная пора” і “Новогодний калейдоскоп талантов».

— Дадому пасля заняткаў у школе мастацтваў Лаўра вяртаецца заўсёды ў выдатным настроі, — расказвае маці Людміла Рыгораўна. – Адразу спяшаецца выканаць хатняе заданне і вучыць мяне іграць на фартэпіяна. А пасля імправізуе і складае простыя мелодыі.

Акрамя заняткаў творчасцю другакласніцы СШ № 3 падабаюцца школьныя ўрокі матэматыкі і літаратурнага чытання, а таксама Лаўру моцна захапляе маляванне. Сёлета прыгажуня Лаўра Кірдзік атрымала тытул “Міс школьнага лагера”, дзе не толькі прадэманстравала творчы талент – прачытала верш, але і стварыла вырабы сваімі рукамі. Разам з актыўнымі і спартыўнымі бацькамі Валерыем Станіслававічам і Людмілай Рыгораўнай яна смела праходзіць чатыры кіламетры на лыжах, сплаўляецца на байдарцы, адпраўляецца ў турыстычныя паходы. Вось толькі, усміхаюцца бацькі, не атрымалася, зацікавіць Лаўру падарожжамі на веласіпедах.

Дома ў Лаўры “вялікая гаспадарка” – сабака, папугай і новыя жыхаркі – вялікая чарапаха і рыбка, якую бацькі і лепшая сяброўка падарылі на дзень нараджэння. Напэўна, ніхто з дзяцей не зможа расказаць столькі цікавостак аб жывёлах, як дзяўчынка. Лаўра ўжо папоўніла хатнюю бібліятэку кнігамі аб сабаках і конях і смела разважае, што, калі вырасце, стане ветэрынарам і пабудуе асабістую стайню. Яна ўжо часты госць у конна-спартыўным цэнтры “Гіпіка”, дзе ў яе ёсць свая любіміца — грацыёзная Аэліта.

— Самае галоўнае, што Лаўры пашчасціла вучыцца ў Вольгі Францаўны, — усміхаецца Валерый Станіслававіч. – Нічога б гэтага не было без здольнага і патрабавальнага настаўніка, які змог развіць у нашай дзяўчынкі талент.

Слухаючы, з якой цеплынёй расказваюць дарослыя аб захапленнях дачкі, разумееш: у Лаўры шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства. Нават імя ў дзяўчынкі – незвычайнае і запамінальнае, а ў тандэме з яскравым і мілагучным голасам яно запомніцца дзясяткам і нават сотням слухачоў. Але без перабольшвання можна адзначыць, што кожнае выступленне Лаўры Кірдзік – гэта вынік вялікай сумеснай працы настаўніка, дзяўчынкі і яе бацькоў, якіх калісьці аб’яднала музыка і любоў да яе.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *