Месца, дзе адбываюцца цуды

Культура

 

У пачатку лістапада католікі ўшаноўвалі Дзень памяці ўсіх памерлых і наведвалі магілы блізкіх. Будучы на могільніку ў роднай вёсцы Гароднікі, злавіла сябе на думцы, што сучасныя маладыя людзі не ведаюць, чаму з паўночнага боку капліцы няма каменнай агароджы, чаму не захавалася ні адна старая магіла і драўляныя помнікі, акрамя магілы прафесара Аджэя Снядэцкага. Людзі не ведаюць тых падзей, якія адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны на гародніцкім могільніку. Апошнім сведкам іх быў мой тата Баляслаў Антонавіч Андрыеўскі. Ужо пяць гадоў, як няма яго ў жывых. Мне хочацца, каб засталіся у памяці нашчадкаў нявыдуманыя гісторыі і цуды.

Я працую настаўнікам у Граўжышкоўскім вучэбна-педагагічным комплексе. Са сваімі навучэнцамі 10 гадоў назад мы пісалі даследчую работу аб цудах гародніцкай маці Божай. Мы звярнуліся да майго бацькі, каб ён расказаў нам аб тым, што памятае са свайго дзяцінства пра капліцу.

Пра капліцу многія людзі ведаюць як пра пахавальню Снядэцкіх. Так як з роду прафесара нікога на ашмянскай зямлі не засталося, капліца стала гародніцкай.

Людзі заўсёды даглядалі магілу вучонага. Вяскоўцы з пакалення ў пакаленне перадавалі запавет Снядэцкіх не адкрываць труны ў склепе. Капліца стала месцам малітваў людзей. І старажылы расказваюць, што яны многа разоў у капліцы выказвалі свае просьбы, і многа цудаў адбывалася: папраўляліся хворыя, цяжкія беды адступалі, збываліся самыя неверагодныя людскія пажаданні, капліца аберагала людзей і вёску ад бед і вайны.

Майму тату тады было 11 гадоў. У ліпені 1944 года савецкія салдаты прыехалі на танку да капліцы. З паўночнага боку яны разабралі каменную агароджжу і выкапалі ў двух метрах ад капліцы яму, куда паставілі танк. Вясковыя хлапчукі вельмі цікавіліся танкам. Салдаты ім сказалі, што будуць абараняць жыхароў ад немцаў. Цэлую ноч хлопцы сядзелі, схаваўшыся, і былі ў страху, бо з суседняй вёскі Сямюны даносіліся стрэлы, гукі гармат. Сачылі яны і за танкам. Зранку ў вёску прыйшлі немцы. Ехалі яны на конях, у вазах везлі авечак і свіней. Ля капліцы выставілі вартавых, развярнулі свой лагер. А савецкія салдаты закідалі танк суччам і самі ляглі побач. У некалькіх метрах хадзілі нямецкія салдаты. Ім як засляпіла вочы — танка не бачылі. Калі немцы пакінулі вёску, салдаты з’ехалі. Людзі ў вёсцы гаварылі, што гэта Маці Божая Шкаплерная засцерагла вёску ад вайны і закрыла сабой танк. Па сёняшні дзень ля капліцы засталося паглыбленне ў зямлі. Мясцовыя жыхары-старажылы ачышчалі гэтае месца ад смецця.

Баляслаў Антонавіч расказаў таксама яшчэ пра адзін цуд, сведкам якога быў сам. У ваенныя часы неяк вечарам падлеткі вёскі Гароднікі, нарабіўшы самаробных папірос, спрабавалі курыць і запалілі стог саломы, які стаяў ад могільніка на адлегласці метраў пяцьдзясят. Быў моцны вецер. Згарэлі тры хаты, што размяшчаліся адразу за капліцай. Людзі беглі тушыць пажар і вельмі хваляваліся за святыню. Вакол капліцы згарэлі ўсе дрэвы, некаторыяз іх раслі ў метры ад яе, згарэлі нават драўляныя помнікі, а капліца засталася некранутай. На ёй нават не было слядоў ад такога страшнага пажару. Людзі гаварылі аб гэтым, як аб цудзе.

Падчас савецкай улады ў капліцы хацелі зрабіць калгасны зернесклад. За вядзенне спраў капліцы вяскоўцы выбралі адказнымі Б.А. Іваноўскага, а затым Г.Ф. Дэбесь. Яна і арганізавала напісанне пісем у Маскоўскі камітэт па справах рэлігіі, а таксама Генеральнаму сакратару Л.І.Брэжневу з просьбай не рабіць з архітэктурнага помніка калгасны склад. На кожнае пісьмо былі дасланы адказы, нават і ад Л. І. Брэжнева з яго подпісам, што архітэктурны гародніцкі помнік не будзе разбураны.

Усё маё дзяцінства амаль кожны вечар у нашай хаце збіраліся людзі і вырашалі пытанні па захаванні капліцы. Мой тата быў сярод вяскоўцаў адукаваным чалавекам, і ўсе пісьмовыя справы па капліцы вёў сам. У адзін з восеньскіх дзён да святыні беглі вяскоўцы. У той час у Гародніках было 47 дамоў, і амаль з кожнай хаты прыбеглі жыхары. На дарозе стаялі грузавікі са збожжам,і незнаёмцы ўжо вырвалі замок з дзвярэй. Людзі сталі сцяной і сказалі, што не дазволяць занесці ў памяшканне ні аднагон мяха са збожжам. Пастаяўшы, машыны паехалі. Больш улады ніколі не спрабавалі зрабіць у капліцы склад.

У святыні былі два абразы, якія маюць каштоўнасць ў свеце мастацтва. Але яшчэ пры савецкай уладзе пад відам музейных рааботнікаў незнаёмцы махлярскім шляхам укралі адзін з абразоў.

Абразы “Дарогі крыжовай” перавезены у капліцу з Навапольскай капліцы Кальчунскага сельсавета, якая не захавалася да нашых часоў.

Ірына Лыскойць, настаўніца Граўжышкоўскага вучэбна-педагагічнага комплекса.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *