У Гродзях і Кракоўцы “раскрывалі” таямніцы беларускага рушніка

Культура

 

У спадчыну ад нашых продкаў нам засталіся розныя прадметы побыту. Сярод іх – ручнікі.

Сучаснае пакаленне не заўважае на гэты сімвалічны элемент народнага мастацтва. Але калі задумацца, то і сёння ён побач з намі. Традыцыйная наша гасціннасць выражаецца хлебам-соллю: каравай заўжды падаецца на ручніку. Маладыя ў загсе ці царкве становяцца на яго, тым самым пацвярджаючы сваё жаданне быць разам. У многіх хатах і зараз ікона ўпрыгожана вышываным ручніком. Павязваюць яго на крыж, які аберагае нашы вёскі ад нячыстай сілы і звычайна ставіцца ў пачатку і канцы населенага пункта. У абрадзе пахавання таксама прысутнічае ручнік.

Атрымліваецца, што гэты тканы нашымі бабулямі прадмет побыту быў з чалавекам ад яго нараджэння і да самай смерці. Што там казаць, ручнікі, а разам з імі і тэхналогіі іх вырабу перадаваліся з пакалення ў пакаленне.

Прыадчыніць таямніцы ткацтва і вышыўкі ручнікоў паспрабавалі супрацоўнікі краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча разам з работнікамі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка, зладзіўшы мерапрыемства пад назвай “Матулін ручнік”. Праведзена яно было для жыхароў Кракоўкі, а таксама ў сельскім клубе вёскі Гродзі.

Напачатку планавалася, што “завязана” тэма будзе менавіта на майстрысе з Навасёлак Наталлі Шымановіч, якая не проста вышывае ручнікі, але і робіць гэта ў адпаведнасці з традыцыямі нашых продкаў. Але арганізатараў так захапіла пытанне стварэння ручнікоў, што ў хуткім часе дырэктар музея Алена Жасткова падрыхтавала грунтоўны агляд гэтай тэмы. Ручнікі сваіх матуль, а разам з імі і іншыя вырабы: ходнікі, дыванкі, вышываныя карціны прынеслі загадчык аддзела культуры і вольнага часу Роза Яцуковіч, рэжысёр аддзела Святлана Ганусевіч, бібліятэкар Галіна Мужыла, выхавальнік дзіцячага садка Марына Юшкевіч. Вялікую колькасць сваіх работ прадэманстравала ашмянская майстрыха, ураджэнка вёскі Дружба Галіна Селістроўская. Разам з вырабамі бібліятэкара Наталлі Шымановіч атрымалася не проста цудоўная выстава, а цэлы скарб народнай творчасці і мудрасці.

У гэты дзень наведвальнікі мерапрыемства атрымалі шмат інфармацыі пра гісторыю існавання ручнікоў на Беларусі. Дарэчы, сцвярджаюць, што самы стары беларускі ручнік датуецца сярэдзінай III тысячагоддзя да нашай эры (!). Быў зроблены агляд кніг на гэту тэму, гучалі вершы пра матулін ручнік і, канечне ж, песні. Разам з народным калектывам “Жытніца” спявалі ўсе, хто дачыніўся ў гэты дзень да традыцый нашых продкаў.

Усё, што занатавана ў народным ткацтве і вышыўцы, не пералічыць. Кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў і гонар за чалавека і яго працу. Ва ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфравана жыццё людзей і прыроды, веды пра наш родны край. Наш з вамі абавязак – не губляць гэту повязь з продкамі, вывучаць і шанаваць сваю гісторыю.

Аліна САНЮК.