Вызначаны пераможцы паэтычнага конкурсу “Гэта ўсё – мая Радзіма”

Культура

 

Да юбілею нашага райцэнтра і з мэтай пошуку таленавітых аўтараў рэдакцыя раённай газеты правяла паэтычны конкурс “Гэта ўсё – мая Радзіма”. Шчыра дзякуем нашым чытачам за тое, што грамадзянская лірыка знайшла водгук у іх душы. Кожны верш, прысланы на конкурс –  трапяткое прызнанне ў любові роднай старонцы і гораду, з якім звязаны лёс. Гэта ода працавітым і слынным людзям нашай зямлі, прыгожай і маляўнічай прыродзе, роздум пра мінулае і будучае нашага краю.

Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях: “Родны мой горад, любоў мая!” і “Мой любімы родны край, ты прыгожы, нібы рай!” Трэба адзначыць, што вершаў у другой намінацыі было значна больш. Таму жыры прыйшло да высновы ў намінацыі “Родны мой горад, любоў мая!” прысудзіць толькі адно месца – першае, якое аддадзена Марце Багдановіч за “Акраверш”. Першае месца ў намінацыі “Мой любімы родны край, ты прыгожы, нібы рай!” заняў Яўген Куст за верш “Свет маіх пачуццяў”. Другое – раздзялілі Валянціна Ліштван (“Зведала сцежак-дарог я нямала…”) і Тарэса Адашкевіч (“Малая радзіма”).

Віншуем нашых пераможцаў і зычым ім творчых поспехаў і натхнення. Шчыра дзякуем за удзел у конкурсе тым, хто быў блізкі да перамогі – Валянціне Варановіч, Святлане Багдановіч, Людміле Масальскай. Упэўнены, што іх дасягненні яшчэ наперадзе.

Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Узнагароджанне адбудзецца ў дзень юбілею горада на інтэрактыўнай пляцоўцы раённай газеты, якая размесціцца ля краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча.

Аліна САНЮК.