У прамым эфіры – Ева Жук

Культура

 

Напярэдадні Дня ведаў у Ашмянскую дзіцячую школу мастацтваў прыйшла выдатная навіна — адзінаццаць вучняў сталі лаўрэатамі міжнароднага адукацыйнага творчага праекта ART EXPRESS — 2021. Разам з ашмянцамі ўдзел у конкурсе прынялі сотні таленавітых дзяцей з васьмі краін свету, але гэта не перашкодзіла вучаніцы музычных класаў вёскі Цудзенішкі Еве Жук атрымаць спецыяльны прыз праекта – выступленне на канале “Культура” Беларускага радыё.

На радыё дэкламатар Ева выступіла разам са сваёй настаўніцай Вольгай Чаплінскай і арганізатарам праекта ART EXPRESS Вольгай Палёхінай. У прамым эфіры дзяўчынка расказала аб першых кроках у творчасць, падрыхтоўцы да конкурсаў і прачытала верш “На кого же я похожа?”, з якім скарыла не адну міжнародную сцэну.

— У эфіры я была ўпершыню і, вядома, хвалявалася, але, дзякуючы падтрымцы работнікаў радыё і свайго настаўніка, атрымалася выдатна выступіць, — дзеліцца ўражаннямі Ева Жук. — Таксама мне вельмі спадабалася экскурсія па Дому радыё. Мы ўбачылі, як праходзяць эфіры радыё “Сталіца” і Першага канала Беларускага радыё, зазірнулі ў музей, паразмаўлялі з вядомымі людзьмі, убачылі вялікую залу з музычнымі інструментамі, дзе праходзіць запіс калектываў аркестраў і хароў.

Упершыню ў гісторыі школы ў намінацыі “мастацкае чытанне” вучаніца Вольгі Чаплінскай Ева выступіла на міжнародным конкурсе “Паруса мечты”. Дэбют маленькай артысткі атрымаўся пераможным — яна стала лаўрэатам І ступені. Талент і артыстызм у першакласніцы Вольга Францаўна заўважыла падчас падрыхтоўкі музычнага нумара і вырашыла акрамя заняткаў спевамі прысвяціць час і мастацкаму чытанню.

— Сапраўды, вялікае шчасце, калі ў твае рукі трапляе адоранае дзіця, — расказвае Вольга Францаўна. — Канешне, гэта вялікая адказнасць, да таленту трэба адносіцца ўдумліва, індывідуальна і з усёй душой. Ева — старанная і адказная вучаніца, у якой цудоўна спалучаюцца прыродны дар з настойлівасцю і працавітасцю.

За невялікае творчае жыццё другакласніца прыняла ўдзел у міжнародных конкурсах “Паруса мечты”, “Львенок собирает друзей”, “Планета дружбы”, ART EXPRESS, а таксама прадэманстравала свой артыстызм і музычныя здольнасці ў рэгіянальных “спаборніцтвах” “Вясёлыя ноткі” і “Арт-Мішка”. Запрашалі дзяўчынку і на раённае свята, прысвечанае міжнароднаму жаночаму дню, і на юбілей школы, і на выпускны вечар у школе мастацтваў.

— Ева — артыстка з дзяцінства, — расказвае яе маці Святлана Станіславаўна. — Як толькі яна пачала размаўляць, мы разам вучылі вершы і чыталі з ёй кнігі. Кожны прыход гасцей суправаджаўся разгорнутай творчай праграмай, дачка пакуль увесь рэпертуар не раскажа, не дасць дарослым паразмаўляць.

У творчай сям’і не магло быць інакш — бацькі Евы Святлана Станіславаўна і Анатоль Станіслававіч  кожную вольную хвіліну прысвячаюць дзецям, займаюцца з імі і развіваюць іх таленты. Яны разам з Евай і малодшым сынам Юстынам прымалі ўдзел у конкурсах “За гонар школы” і  “Сям’я года”. Ужо добрай традыцыяй сталі сямейныя паездкі на конкурсы. Аднойчы бацькі зрабілі Еве сюрпрыз — нечакана прыехалі ў сталіцу віншаваць юную артыстку з перамогай на першым міжнародным конкурсе. Колькі радасці было, калі Ева ўбачыла сваю сям’ю з падарункамі і рознакаляровымі паветранымі шарамі ў руках!

Намінацыя “мастацкае чытанне” заўсёды асаблівая, і тут складана здзівіць журы звычайным чытаннем верша. Таму трэба працаваць над творам і яго зместам, каб перадаць сэнс не толькі голасам, але і мімікай, жэстамі, позіркам. Падрыхтоўка займае шмат часу, але Еве гэта вельмі падабаецца, як і тое, што Вольга Францаўна ў тандэме з матуляй выбіраюць строй і цалкам складаюць вобраз выступоўцы.

Акрамя чытання твораў, Ева іграе на фартэпіяна, займаецца вакалам, самастойна складае п’есы і марыць выконваць народныя песні, як выхаванцы Вольгі Чаплінскай. Пасля ўрокаў у школе амаль кожны дзень дзяўчынка спяшаецца ў кабінет, дзе праходзяць заняткі Вольгі Францаўны. Святлана Жук усміхаецца і адзначае, што хутка юнай зорачцы набудуць фартэпіяна і яна зможа займацца дома — складаць мелодыі самастойна і вучыць музычнай грамаце малодшага брата.

Захапленне Евы падтрымлівае ўся сям’я і стараецца спраўдзіць кожную мару дзяўчынкі. Хоць бацька Анатолій Станіслававіч часта не бывае дома (ён вадзіцель-міжнароднік), Ева стараецца рабіць яму прыемныя сюрпрызы. Адзін з такіх яны “арганізавалі” разам з Вольгай Францаўнай – запісалі відэавіншаванне і адправілі бацьку, які ў той час скараў  кіламетры замежных дарог.

Свет творчых захапленняў Евы Жук не спыняецца толькі на музыцы і мастацкім чытанні. У вольны час дзяўчынка здымае відэа для ТікТок, да запісу якога старанна рыхтуецца — наносіць макіяж, падбірае адзенне і, канешне, рэпертуар. Дзяўчынка збірае пазлы, займаецца бісерапляценнем, лепкай з пластыліну і малюе карціны. Ніхто са знаёмых і сяброў дзяўчынкі не застаецца без падарунка, старанна зробленага яе рукамі.

Адораная дзяўчынка яшчэ не ведае, з якой сферай звяжа сваё жыццё ў будучыні, але смела разважае, што цудоўна было б стаць артысткай і… парыкмахерам.  Аднойчы пасля ўрока ў Вольгі Францаўны Ева прыбегла да матулі і так па-даросламу і нават па-філасофску адзначыла: “Я хачу, каб музыка ніколі не заканчвалася!”. Верым, што ў жыцці вучаніцы школы мастацтваў так яно і будзе!

Кацярына РУДЗІК.

Фота Вольгі ЧАПЛІНСКАЙ.