Знаёмцеся: Аляксандр Пашкоўскі – чалавек–аркестр

 

Спытайце сёння ў любога пра самага вядомага чалавека з баянам у Ашмянскім раёне, і адказ акажацца відавочным – Аляксандр Пашкоўскі. Хаця музыку гэтак жа часта можна сустрэць з флейтай, дудачкай ці саксафонам у руках. А яшчэ ён віртуозна іграе на губным гармоніку, фартэпіяна, цымбалах. Цікава, а ці ёсць такі інструмент, які акампаніятар народнага ансамбля народных інструментаў “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу Аляксандр Пашкоўскі пакуль не асіліў?!

— Ёсць, — смяецца музыка ў свае сівыя вусы і прыжмурвае вочы. – Арфа! Хацелася б паспрабаваць здабыць з яе гукі, аднак наўрад ці такое магчыма – вельмі рэдкі зараз інструмент.

З музыкай у душы Аляксандр нарадзіўся. Яе ён упершыню пачуў ад маці, пасля — ад бабулі. Беларускія народныя песні ў іх выкананні не давалі супакою, вярэдзілі думкі: як узнікае гэткі цуд?! Як заварожаны, слухаў хлопчык мелодыі мясцовых музыкаў. А калі ў Ракаўцах, што на Смаргоншчыне, спраўлялі вяселлі, то Аляксандра немагчыма было загнаць дахаты – ён цэлую ноч наўпрост мог прастаяць ля гарманістаў. Бацькі, заўважыўшы такое памкненне дзіцяці да творчасці, у другім класе падарылі яму гармонік. На ім Саша мог сыграць любую пачутую раней мелодыю.

Але ж самы шчаслівы дзень у жыцці падлетка здарыўся ў сёмым класе – ва ўнівермагу ў Смаргоні яму купілі сапраўдны баян – вялікі і бліскучы. Ён быў вельмі цяжкім, але якія ж ён выдаваў мелодыі! Музычны інструмент і стаў тым лёсавызначальным момантам, які прывёў хлопца ў Мінскае культасветвучылішча. Праўда, будучы кіраўнік самадзейнага аркеста народных інструментаў тады нават і не здагадваўся, што для паступлення неабходна ведаць нотную грамату.

— Пра акорды і інтэрвалы я паняцця не меў, — прызнаецца Аляксандр Фёдаравіч. – экзаменатары, а пасля і выкладчыкі ў вучылішчы паверыць не маглі, што я іграю па памяці і зусім не ведаю, як адрозніць “до” ад “соль”.

У вучылішча Пашкоўскага залічылі толькі таму, што ён добра здаў іншыя іспыты – маці працавала настаўніцай, таму пастаралася падцягнуць сына і па мове, і па літаратуры. Вучыцца, асабліва на першым курсе, было складана. Акрамя прадметаў за курс сярэдняй школы неабходна было асвоіць ненавіснае сальфеджыа. Тое, што аднакурснікі спасцігалі падчас вучобы яшчэ ў музычных школах, яму трэба было вывучыць за адзін год. Жаданне стаць музыкам перасільвала любыя цяжкасці, і настойлівы юнак дамогся свайго – атрымаў жаданы дыплом і прыйшоў працаваць у мясцовы клуб.

Работа адразу ж накрыла з галавой — неабходна было ладзіць канцэрт за канцэртам. Невялікі заробак прымушаў здабываць грошы праз гранне на вяселлях. І Аляксандр неяк пачаў “астываць” — музыка перастала радаваць, з’явіліся другія клопаты. З маладой жонкай Марыяй, ураджэнкай вёскі Пятрулі, трэба было думаць пра свой кут.

Рашэнне прыйшло хутка. Аляксандр нават і падумаць не паспеў, як стаў матарыстам тынковачнай станцыі ў ашмянскім “Будаўніку”, а пасля атрымаў пакой у інтэрнаце гэтай арганізацыі.

Здавалася б, змены павінны ісці на карысць. Днём Аляксандр падаваў жанчынам-мулярам наверх цэментны раствор, а вечарамі і ў выхадныя дні мог іграць на тых жа вяселлях, але ў душы пасяліўся неспакой, а пасля і здароўе пачало падводзіць. Прынятаму калісьці рашэнню пачала супрацівіцца спіна.

Праз дзесяць гадоў ён варачаецца назад, у культуру, якой шчыра служыць па сённяшні дзень. Кракоўскі аддзел культуры і вольнага часу стаў для яго тым месцам, дзе можна адвесці душу. І хаця яго родны калектыў – гэта “Жытніца”, музыка не супраць саставіць творчую кампанію “Граўжанцам” ці “Крыніцам”, ці саксафаністу Уладзіміру Саўчанку…

— У нас так наладжана работа, што ў выхадныя дні прыходзіцца часам кагосьці падмяніць, бо розныя ж выпадкі бываюць, — прызнаецца Аляксандр Фёдаравіч. – А я іграю на многіх інструментах, таму магу падладзіцца пад любы творчы калектыў.

На момант напісання артыкула Аляксандр Пашкоўскі знаходзіўся ў водпуску, аднак яго можна было пабачыць з баянам на свяце вёскі ў Лэйлубцы, падчас чарговага аўтапрабегу ля сцен Гальшанскага замка. Яго дудачка-тралялёначка нядаўна забаўляла сваімі трэлямі жыхароў Шчучынскага раёна, дзе праходзіў абласны фестываль фальклору.

Не раз народны ансамбль народных інструментаў “Жытніца” прадстаўляў наш раён за мяжой. Ведаюць ашмянскіх артыстаў у Расіі, Польшчы і Літве. Жывыя (без фанаграмы) музыка і спевы заўсёды адгукаюцца ў душы гледачоў, а атрыманая ад іх энергія нараджае новыя мелодыі, жаданне ісці наперад і развівацца.

У вялікай кватэры Пашкоўскіх, якую Аляксандр Фёдаравіч і Марыя Уладзіславаўна атрымалі як шматдзетная сям’я, безліч музычных інструментаў: балалайка, баян, гітара, саксафон, флейта… Праўда, у дзяцей такой ахвоты іграць, як калісьці ў іх бацькі, ніколі не было. Старэйшы сын Аляксандр працуе ў аддзеле Дэпартамента аховы, дачка Кацярына вырашыла стаць рамеснікам, а малодшы Максім вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Аляксандр Фёдаравіч спадзяецца на тое, што хтосьці з яго трох унукаў пацягнецца да музыкі і асвоіць гітару ці саксафон.

— Каб давесці ігру на саксафоне да дасканаласці і жыцця не хопіць, — лічыць музыка. – На працягу чатырох гадоў гэты інструмент мне не паддаваўся, але ж я настойлівы.

Мы доўга размаўлялі з Аляксандрам Пашкоўскім. Хацелася даведацца, як гэта магчыма – сёння іграць на флейце, а заўтра – на фартэпіяна, цымбалах ці домры! Там жа ўсё рознае – аплікатура (пастаноўка пальцаў), амбушур (пастаноўка губнога апарату), дый наогул, ноты – як жа без іх!

Калі ты сам не іграеш ні на чым, акрамя нерваў, складана зразумець таго, каму падуладны амаль што ўсе музычныя інструменты. Таму для мяне Аляксандр Пашкоўскі так і застаўся загадкай – чараўніком з дзяцінства, які можа ўтаймаваць усё, што выдае гукі – ад лісціка дрэва да пральнай дошкі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Оперативные и актуальные новости г. Ошмяны и Ошмянского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке https://t.me/osh_by
0
Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля