Фальклорны гурт з Граўжышак стаў пераможцам абласнога фестывалю

Культура

 

У мінулыя выхадныя Шчучын гасцінна прымаў абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, прысвечаны Году народнага адзінства.

Духоўную спадчыну нашых продкаў прадставілі на ім два калектывы з Ашмянскага раёна: фальклорны гурт “Скарбніца” аддзела культуры і вольнага часу аг. Кальчуны і фальклорна-інструментальны гурт аддзела культуры і вольнага часу аг. Граўжышкі. Свае арыгінальныя вырабы, а таксама адмысловыя майстар-класы прадэманстравалі на фестывалі работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК.

Шчырыя гімны роднай зямлі, чалавеку працы, каханню на працягу цэлага дня разліваліся па Шчучыне – каля 70 канкурсантаў удзельнічала ў творчым фэсце.

Гарачае памкненне ашмянскіх артыстаў дзяліцца скарбамі роднай зямлі адгукнулася і ў сэрцы журы — фальклорна-інструментальны гурт аддзела культуры і вольнага часу аг. Граўжышкі ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата першай ступені. Вацлаў Сідаровіч, Эдвард Булкевіч, Аляксандр Пашкоўскі, Ірына Асмольская і Канстанцін Яраш выканалі дзве песні: “У зялёным, у гаёчку” і “Граўжанскую весялуху”, якія падхапілі і гледачы, і госці. Нават маладое пакаленне не засталося ў баку.

Мерапрыемства ў чарговы раз пацвердзіла, што ад кожнага з нас залежыць, ці зберажом мы сваю гістарычную памяць, ці пакінем будучым пакаленням незлічоныя скарбы фальклору.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.