Свята грыбніка прайшло ў Крэйванцах

Культура

 

Грыбное свята ў аграгарадку Крэйванцы праходзіць штогод. На пачатку восені яно збірае ля сельскага клуба не толькі аматараў “ціхага палявання”, але і ўсіх вяскоўцаў – дарослых і дзяцей, каб паслухаць артыстаў з раёна і правесці цікава вольную хвіліну, а разам з тым і каб аддзячыць лесу за шчодрыя дары.

Нягледзячы на тое, што на вёсцы работа ніколі не спыняецца, грыбы – гэта святое! Восень для грыбнікоў – залаты час. Сабраныя трафеі паднімаюць настрой і папаўняюць запасы на зіму.

А колькі страў можна прыгатаваць, выкарыстоўваючы грыбы! Піражкі, піца, пірагі з грыбамі, салат “Грыбная паляна”, рыжыкі ў смятане, салянка, марынаваныя грыбочкі, катлеты з грыбным начыннем – смаката ды і толькі! Крэйванцаўскія гаспадыні пацвердзілі гэты факт на грыбным свяце ў сваім аграгарадку. А самыя дбайныя яшчэ і дыпломы атрымалі. За кулінарныя шэдэўры, якія можна было паспытаць на мерапрыемстве, былі ўзнагароджаны Крысціна Міцкевіч і Ганна Янушкевіч.

Надвор’е не вельмі спрыяла святу – паветра патыхала холадам, аднак у двары сельскага клуба сабралася шмат людзей. Загадчыца клубнай установы Кацярына Карабіцкая пастаралася, каб свята прыйшлося даспадобы і дзецям, і дарослым. Для іх ладзіліся тэматычныя віктарыны і конкурсы з салодкімі прызамі. Вядучая Ілона Стоўба разам з Баравіком (Валянціна Дзядзічкіна) загадвалі загадкі. Прыпеўкі праспявалі вучні мясцовага вучэбна-педагагічнага комплексу. На свяце нікому не дазволіла засумаваць Лісічка (Кацярына Карабіцкая), якая правяла рухомыя гульні. З лесу завіталі Мухамор (Андрэй Янушкевіч) і Паганка (Вера Батурэвіч).

Дыпломамі былі ўзнагароджаны лепшыя грыбнікі аграгарадка: Вера Батурэвіч, Андрэй Янушкевіч, Дар’я Дамбаровіч, Крысціна Міцкевіч.

Конкурс малюнкаў на тэму “У царстве грыбоў” паказаў, што дзеці не толькі прыгожа малююць, але і добра ведаюць лясныя дары. Пераможцамі творчага спаборніцтва сталі Анастасія Гурштыновіч, Ілона Стоўба, Агнія Бушмовіч, Інга Якоўчык, Максім Даўлевіч. А вось у фотаконкурсе “На грыбных сцяжынках” перамогу атрымалі Сняжана Тарасевіч, Валянціна Дзядзічкіна, Анастасія Даўлевіч, Вера Бутурэвіч.

Цёпла прымалі на грыбным свяце гасцей з Гальшан – Любоў Шчарбакову і Марыну Кісліцкую, якія падрыхтавалі для вяскоўцаў канцэртную праграму.

Юныя жыхары аграгарадка з радасцю скакалі на надзіманым атракцыёне, куплялі салодкую вату і папкорн.

Бібліятэкар сельскай бібліятэкі Валянціна Дзядзічкіна арганізавала выставу, сабраўшы да месца мастацкія, навукова-папулярныя і перыядычныя выданні для тых, каго цікавіць грыбная тэма.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.