Алея жывых ліхтароў з’явіцца ў квартале Будаўнікоў

Культура

Ашмяны рыхтуюцца да свайго юбілею — 680-годдзя са дня заснавання. Жыхары ўжо змаглі заўважыць, як змяняецца горад, як прыгажэюць вуліцы, а ўздоўж іх месцяцца новыя арт-аб’екты, каваныя кветніцы, банэры з напамінам аб свяце.

Яшчэ адзін цудоўны падарунак з нагоды свята з’явіцца ў квартале Будаўнікоў, які сёлета адзначае сваё пяцідзесяцігоддзе.  Уздоўж дарогі размесціцца алея жывых ліхтароў, якая ў будучыні стане візітоўкай усходняга мікрараёна горада. Адметнасць гэтай алеі звязана з незвычайнай формай ліхтароў, якія будуць атачаць карункавыя каваныя лаўкі з драўлянымі элементамі.

Раённы выканаўчы камітэт прапанаваў увасобіць ідэю незвычайнай зоны адпачынку арганізацыям і прадпрыемствам Ашмяншчыны. Так, на прапанову адгукнуліся ТАА “Граніт+”, ААТ “Будаўнік”, філіял Ашмянскіх электрычных сетак РУП Гроднаэнерга, ААТ “Ашмянскі мясакамбінат”, “Ашмянскі сыраробны завод” філіял ААТ  “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”.

Камунальнікі ўжо пачалі ўсталёўваць лаўкі і хутка наладзяць асвятленне. А жыхары мікрараёна ўжо могуць убачыць новыя арт-аб’екты. Месца адпачынку ўпрыгожвае рамантычная лаўка, сядзенне якой у форме двух пераплеценых сэрцаў сімвалічна абараняюць ліхтары –“закаханыя”. Юнакі і дзяўчаты змогуць сустракацца пад аховай такіх жа “закаханых ліхтароў” і хаваць свае пачуцці ад поглядаў мінакоў пад вялікім каваным парасонам. Здаецца, металічныя музыкі, якія аздобілі лаўкі, хутка зайграюць вядомыя мелодыі, а рамантычны герой з металу падорыць каваную ружу дзяўчыне-прыгажуні.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.