У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы знішчылі фальварак Марыямпаль разам з жыхарамі

Культура

 

У 1984 годзе ў Мінску выйшаў зборнік «Нацистская политика геноцида и выжженной земли в Белоруссии (1941-1944 гг.)», дзе былі апублікаваныя спісы беларускіх вёсак, спаленых разам з насельніцтвам, — іх было 5295. Калі праз 11 год, у 1995-м, выйшаў зборнік «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941–1944)», які стаў удакладненым і дапоўненым выданнем кнігі 1984 года, у ім ужо налічваліся 5454 населеныя пункты, знішчаныя падчас карных аперацый. На тэрыторыі Ашмянскага раёна поўнасцю або часткова былі знішчаны  вёскі Баруны, Бурцішкі, Доржы, Жупраны, Лаўжы, Навасёлкі, Нарушаўцы, Трасечаняты. Але без сумневу можна гаварыць, што такіх населеных пунктаў было больш і мы шмат чаго яшчэ не ведаем пра сваю гісторыю. Падзеі, пра якія далей пойдзе гутарка, таму пацвярджэнне.

Адбылося ўсё ў час Вялікай Айчыннай вайны, як пазней высветлілася, у 1942 годзе, на Шкаплерную (16 ліпеня, чацвер) – так называюць месцічы Гудагаяў і ваколіцы фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай, абраз якой знаходзіцца ў мясцовым касцёле.

Вёска Труханы Гродзінскага, а ў час вайны — Палянскага сельсавета, яшчэ спала, калі з боку мястэчка Гудагай праз нядаўна зжатае поле наўпрост да фальварка Марыямпаль (Marjampol), які знаходзіўся прыблізна ў кіламетры ад вёскі, накіраваліся нямецкія карнікі на матацыклах, з сабакамі. Яны шукалі палонных салдат Чырвонай арміі, якія збеглі з чыгуначнай станцыі Гудагай.

Дакладна вядома, што ў 1941-42 гадах на станцыі Гудагай у будынку школы быў размешчаны лагер ваеннапалонных савецкіх салдат, які быў адным з аддзелаў жудаснага канцэнтрацыйнага лагера “Шталаг 342” у Маладзечне. Былі ўцекачы палоннымі гэтага лагера ці ўцяклі з цягніка, які праходзіў праз станцыю Гудагай? Калі ўцяклі, колькі іх было, колькі іх прыйшло ў вёску і фальварак? Дакладна невядома.

Са слоў Франца Кандратовіча, які нарадзіўся і вырас у Труханах, а ў 1942 годзе меў 6 год, становіцца зразумела, што яго бацькі ў гутарках між сабой неаднаразова гаварылі пра палонных, успаміналі пра рускіх і ўкраінцаў, а бацька неаднаразова таемна дапамагаў ім. Але ніводнага савецкага салдата ў сваёй хаце Франц не бачыў. Гэта дае падставу меркаваць, што былі палонныя хутчэй за ўсё вязьнямі лагера і ўцекачы, якія апынуліся той раніцай ля Трухан, былі не першымі.

Франц Кандратовіч

Пра тое, што савецкім салдатам дапамагаюць мясцовыя жыхары, даведаліся і немцы. І яны дакладна ведалі, хто дапамагаў, таму што, калі накіроўваліся ў Труханы, то добра ведалі, каго і дзе шукаць. У фальварку ля Трухан жыла сям’я Гарлуковічаў. Былі яны на той час даволі заможнымі, але спагадлівымі людзьмі, якія не адказвалі ў дапамозе знямоглым. У кнізе “Памяць” Ашмянскага раёна нагадваюцца  імёны загінуўшых жыхароў хутара Труханы — Восіп Восіпавіч і Францішка Казіміраўна Гарлуковіч, абодва 1883 года нараджэння, магчыма, менавіта яны і былі тымі самымі Гарлуковічамі. Таксама немцы ведалі, што дапамагалі палонным жыхары Трухан Вацлаў Людвікавіч Кандратовіч і Іван Замара з жонкай (на жаль, імя высветліць не ўдалося). Той раніцай іх прыгналі на хутар да Гарлуковічаў. Па словах сына Вацлава Гарлуковіча, бацька летам любіў спаць у гумне на сене – адтуль яго і забралі немцы, нават не заходзячы ў хату.

Летам Гарлуковічам дапамагаў пасвіць жывёлу хлопчык-пастушок з вёскі Гудагай. Вядома толькі яго прозвішча – Пілецкі. Узгадваюць яшчэ і дзяўчынку, якая дапамагала даіць кароў. Усіх, хто быў на хутары тым ранкам, і траіх жыхароў вёскі немцы закрылі ў доме і падпалілі. Па словах сёняшняй старасты вёскі Труханы Тарэсы Прыбыльскай ахвярамі карнікаў стала і яшчэ адна сям’я – Болзанаў.   Дакладна высветліць не ўдалося, колькі чалавек загінула ў агні і ці быў сярод іх хто-небудзь з палонных салдат-чырвонаармейцаў? Вядома толькі, што адзін з палонных уцякаў з фальварка праз поле і быў расстраляны немцамі, а пазней пахаваны мясцовымі жыхарамі непадалёку. На тым месцы доўгі час стаяў драўляны крыж.

16 ліпеня 1942 года фальварак Марыямпаль ля Трухан перастаў існаваць. Вяскоўцы не адразу даведаліся пра трагедыю, і сям’я Кандратовічаў таксама не адразу зразумела, куды падзеўся муж і бацька. Апазналі па рэштках рубашкі. Маці падпаска з Гудагаяў апазнала сына па крыжыку на шыі.

Сёння толькі старая здзічэлая каржакаватая яблыня сярод поля напамінае пра былое, ды на месцы трагедыі Франц Кандратовіч усталяваў жалезны крыж.

Ціха і мірна плывуць над зямлёй аблокі. Асабліва ціхія і ўтульныя яны цяпер – у жніўні. Плывуць над сжатымі палямі, дарогамі, вёскамі, нясуць з сабой прахалоду і вільгаць. Шмат бачаць яны ў сваёй вандроўцы і плывуць далей – бесстаронія медыятары чалавечых лёсаў.

А людзі ўсё высвятляюць, хто лепшы, мацнейшы, прыгажэйшы, дужэйшы, гатовы знішчыць адзін аднаго за прыналежнасць да іншай нацыі, рэлігіі, светапогляду. Цесна людзям на Зямлі…

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота аўтара і з архіва Франца Кандратовіча.

Ад рэдакцыі: выказваем вялікую падзяку Вандзе Гаспаровіч, старасце вёскі Труханы Тарэсе Прыбыльскай, Францу Кандратовічу за прадстаўленую магчымасць узнавіць падзеі, захаванне памяці аб родных мясцінах і павагу да мінулага.