Як у Граўжышках мёдам частавалі і песні спявалі

Культура

 

Салодкае свята ў Граўжышках прыйшлося якраз на Мядовы Спас. Гэты дзень у народным календары азначаў заканчэнне збору мёду – пчолы спынялі сваю справу і рыхтаваліся да зімы.

Жнівень — самы час аддзячыць пчале за яе работу і ўшанаваць тых, хто збірае карысны прадукт!

Мядовы кірмаш праводзіцца ў аграгарадку ў пяты раз і стаў ужо добрай традыцыяй.

— Сённяшняе свята – гэта ўшанаванне не толькі пчаляроў, але і ўсіх руплівых людзей, якія праяўляюць працавітасць у розных прафесіях і розных галінах і ствараюць не толькі ўласны дабрабыт, але і клапоцяцца аб росквіце краю, — зазначыў старшыня Граўжышкоўскага сельвыканкама Пётр Чаплінскі, вітаючы аднавяскоўцаў і гасцей мерапрыемства. – Прыемна, што завіталі на кірмаш не толькі людзі сталага веку, але і моладзь, і дзеці. Гэта значыць, што будуць жыць і развівацца нашы Граўжышкі.

Ксёндз-пробашч Граўжышкоўскай парафіі Павел Раманоўскі пажадаў парафіянам мудрасці ў думках і паводзінах, надзеі і веры, прытрымлівацца запаведзяў Божых, якія саладзейшыя за мёд. Затым святар асвяціў карысны прадукт.

Граўжышкоўская старонка багата людзьмі, якія займаюцца пчалярскай справай. Вядучая Святлана Ганусевіч запрасіла на імправізаваную сцэну Паўла Буйко, Віталя Урбана і Валерыя Навіцкага і пад апладысменты вяскоўцаў уручыла ім падарункі.

Арганізатары святочнага мерапрыемства – работнікі мясцовага Дома культуры паклапаціліся аб тым, каб цікава на свяце было людзям рознай узроставай катэгорыі. Малышы скакалі на надзіманым атракцыёне і батуце, ласаваліся салодкай ватай і папкорнам, моладзь стаяла ў чаканні дыскатэкі, а людзі старэйшага ўзросту былі ў захапленні ад канцэртнай праграмы, у якой прынялі ўдзел як мясцовыя самадзейныя артысты і дзеці – удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў пры аддзеле культуры і вольнага часу, так і госці са Смаргоні.

У Граўжышкі завітаў аркестр Смаргонскай пагранічнай групы. Перад тым, як прадставіць гледачам канцэртную праграму, начальнік аддзялення інфармацыі і прапаганды аддзела ідэалагічнай работы вайсковай часці 2044 падпалкоўнік Ілья Аксенцеў, намеснік начальніка аддзялення пагранічнага кантролю “Каменны Лог” па ідэалагічнай рабоце маёр Аляксей Янкоўскі і начальнік пагранічнага паста “Клявіца” капітан Дзмітрый Максімчык павіншавалі мясцовых жыхароў са святам, падзякавалі ім за дапамогу ў ахове дзяржаўнай мяжы, давялі інфармацыю аб парадку перасячэння пагранічнай зоны і адказалі на пытанні вяскоўцаў.

У гэты дзень у Граўжышках можна было атрымаць асалоду не толькі ад песень і папулярных музычных кампазіцый розных часоў, але і ад карыснага прадукту, які пчаляры прывезлі на продаж: гэта і мёд розных гатункаў, і прадукты пчалярства.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.