У Міхайлоўшчыне адзначылі свята “Радасць сустрэчы пад аховай Святога Ільі”

Культура

 

З самай раніцы мілагучным рэхам на кожным падворку вёскі Міхайлоўшчына адгукалася музыка царкоўных званоў храма Святога прарока Ільі. Яны гучна абвяшчалі пачатак свята заступніка вёскі, заклікаючы міхайлоўшчынцаў да веры і бласлаўляючы на кожны дзень.

Штогод у другі жнівеньскі дзень вялікай падзеяй для праваслаўных вернікаў з’яўляецца ўрачыстая служба, прысвечаная нябеснаму апекуну. Падчас сёлетняй літургіі настаяцель храма Уладзімір Семяняка павіншаваў прысутных са святам і даў божае блаславенне вернікам. На жаль, моцны дождж змяніў планы і таму традыцыйны крыжовы ход вакол храма не адбыўся.

Кажуць, што калі на Ілью чалавек трапіў пад дождж, то ўвесь год будзе шчаслівым, здаровым і не будзе ведаць хвароб. Але міхайлоўшчынцы  і без дажджу шчаслівыя, бо нарадзіліся на цудоўнай зямлі, багатай сваімі традыцыямі, каштоўнасцямі не толькі гістарычнымі, але і людскімі. Сапраўды, адкрытыя, руплівыя і таленавітыя людзі жывуць тут. Шчырай і дбайнай працай, незвычайнымі талентамі славяцца месцічы.

Пасля абеду, выгнаўшы ў поле кароў і скончыўшы гаспадарскія справы, міхайлоўшчынцы сабраліся ў клубе-бібліятэцы, дзе іх чакала пятнаццатая святочная праграма “Радасць сустрэчы пад пакровам Святога Ільі”. Як заўсёды, у канцэртнай зале сабраліся жыхары, а таксама тыя, хто тут нарадзіўся, а зараз жыве далёка ад роднага дома, тыя, хто калісьці прыехаў сюды і застаўся назаўсёды.

Нягледзячы на тое, што моладзь з вёскі стараецца пераехаць у горад, а старажылы пакідаюць гэты свет – не знікне ў нябыт традыцыйнае свята вяскоўцаў, бо для кожнага чалавека малая радзіма – гэта тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, знайшоў сяброў, атрымаў квіток у жыццё… Сюды хочацца вярнуцца, тут хочацца адпачыць душою. На свята завіталі не толькі месцічы, але і госці з розных куткоў краіны – Мінску, Валожына, Смаргоні, Маладзечна, Ашмян… І гэта, нягледзячы на тое, што святочны дзень выпаў на панядзелак. Для кожнага з іх загадчыца клуба-бібліятэкі Наталля Копач падрыхтавала цудоўнае і шчырае свята, а тым, хто не трапіў сюды, яна ўжо адправіла фотапрывітанні з роднай вёскі.

Ад душы весяліліся ў гэты дзень як жыхары, так і госці свята. Добры настрой стваралі новыя рускія бабкі ў вобразах якіх выступілі Валянціна Горыд і Станіслава Тамашэвіч. Чароўнымі мелодыямі скрыпкі напоўніла залу Таццяна Чэрская, а сваімі галасамі ўпрыгожылі свята Канстанцін Яраш і Святлана Федаровіч. Шматлікія госці змаглі пазнаёміцца з выставай аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама зрабіць на памяць сувенір сваімі рукамі.

Прысутных на свяце вяскоўцаў і гасцей віншавалі старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец і  настаяцель царквы Святога Прарока Ільі Уладзімір Семяняка.

— Няхай ваша духоўная вера ўмацоўваецца праз малітвы да Бога, —  адзначыў  святар. — Праслаўляйце заступніка сваёй вёскі прарока Ілью і імкніцеся быць падобнымі да яго ў сваіх дзеяннях і ўчынках.

Шмат добрых слоў і віншаванняў было сказана ў адрас маладых матуль, моладзі, пажылых людзей, якія пражылі большую частку свайго жыцця ў вёсцы. У гэты дзень прысутныя павіншавалі сваіх аднавяскоўцаў–юбіляраў Ядзвігу Афанасьеўну Данілевіч і Марыю Канстанцінаўну Смольскую, шматдзетных матуль Вольгу Швайкоўскую, Таццяну Базык, Вольгу Шыльвян і Юлію Губар. Гучнымі апладысментамі сустракалі самага маленькага жыхара Міхайлоўшчыны Ілью Базыка.

Упершыню свята “Радасць сустрэчы пад пакровам Святога Ільі” прайшло без вядомай зямлячкі, паэтэсы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціны Гіруць-Русакевіч. Сэрца таленавітай і мудрай жанчыны перастала біцца 22 студзеня, але яе вершы, якія яна прысвяціла сваёй Міхайлоўшчыне і яе жыхарам, працягваюць жыць у асобніках яе кніг і людскіх сэрцах. Тут, у гэтым маляўнічым куточку Ашмяншчыны, яна нарадзілася і зрабіла першыя крокі ў творчасць. Хоць у Валянціны Францаўны родных у Міхайлоўшчыне не засталося, але яна штогод, нягледзячы на клопаты і турботы, знаходзіла час, каб наведаць родныя мясціны.

“Я нарадзілася на міхайлоўшчынскай зямлі, – падчас адной з сустрэч на Ашмяншчыне адзначала паэтэса. – Гэта мая вёсачка, мае суседзі, такая цёплая і родная бацькоўская хата, тут самыя родныя і дарагія мне людзі. Я вельмі рада, што між зямель Валожынскай і Іўеўскай ёсць куток, які заўжды прытуліць. Куточак, што стаў для мяне вытокам і калыскай, тым месцам, дзе душа сапраўды адпачывае і натхняецца”.

У Міхайлоўшчыну завіталі яе родныя і блізкія, якія не былі тут дзесяцігоддзямі…. Цёплымі і поўнымі пяшчоты ўспамінамі аб паэтэсе, жонцы і сяброўцы падзяліліся самыя блізкія людзі Валянціны Францаўны – яе муж Рыгор Мікалаевіч і сяброўка Ніна Уладзіміраўна Дземідзюк.

— На працягу пятнаццаці гадоў з гэтай сцэны Валянціна Францаўна гаварыла: “Да чарговай сустрэчы!”, але сёлета лёс распарадзіўся інакш і новае спатканне праходзіць без яе, — адзначыла Ніна Уладзіміраўна.  – Але незадоўга да сваёй смерці, у снежні мінулага года, Валянціна Гіруць-Русакевіч выпусціла зборнік вершаў “Куточак мой родны – вёсачка мая любая”, прысвечаны Міхайлоўшчыне і яе жыхарам.

У цёплай сяброўскай атмасферы прачыталі пранікнёныя вершы з апошняга зборніка зямлячкі ўдзельніцы аб’яднання мастацкага чытання клуба-бібліятэкі Дар’я Ганусевіч і Надзея Шыльвян.

У памяць аб знакамітай зямлячцы восенню на тэрыторыі клуба-бібліятэкі будзе высаджана алея дрэў. Напэўна, сюды, як і шмат гадоў запар на Ілью, будзе вяртацца яе душа, поўная любові і цеплыні да роднага краю.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Аляксандра НАУМЧЫКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *