Вёска аб’яднала пакаленні. У Карабах прайшло незвычайнае свята

Год народного единства Культура

 

Напэўна, у кожнага чалавека ў душы захоўваюцца цёплыя ўспаміны аб невялікім куточку, дзе прайшло яго дзяцінства. Памятаеце, як на ўроках геаграфіі разглядалі карту ці круцілі глобус і мімаволі шукалі месца, дзе жывём? І тая маленькая, зусім непрыкметная кропачка ў вялікім свеце – наша радзіма.

Такіх кропак на карце Ашмяншчыны — некалькі дзясяткаў. Усе яны, хоць і маюць розныя гісторыі і розныя назвы, але падобныя найперш спагадлівымі і працавітымі жыхарамі. Здаецца, яшчэ дваццаць гадоў таму вёска Карабы Гальшанскага сельскага Савета была вялікай і шматлюднай — у 1997 годзе тут жылі 113 чалавек, а зараз тут засталося толькі 43 месцічы. Хлопчыкаў і дзяўчынак яднала пачатковая школа, у пасляваенны час тут існаваў калгас “8 Сакавіка”, магазін і сельскі клуб.

У апошнюю нядзелю ліпеня ў маленькіх Карабах было асабліва шматлюдна — каля будынку былога Дома культуры сабраліся жыхары вёскі, прыехалі і тыя, хто даўно перабраўся ў горад, каб пабачыцца з блізкімі, землякамі, успомніць мінулыя гады. На вузкай вулачцы паабал дарогі сталі ў рад аўтамабілі, з іх выходзілі людзі, якія нават і не пазнавалі адзін аднаго, бо прайшоў не адзін год з іх апошняй сустрэчы. Колькі радасных пачуццяў было ў іх сэрцах пры спатканні, колькі цеплыні яны перадавалі адзін аднаму разам з усмешкамі, а колькі яшчэ сапраўдных эмоцый захаваецца на шматлікіх сумесных фотаздымках.

Ідэя сабраць у роднай вёсцы розныя пакаленні карабчан з’явілася ў жыхаркі аграгарадка Навасёлкі Алены Місюк, якая родам адсюль. Яе адразу падтрымала яшчэ адна зямлячка Святлана Ганусевіч — удзельніца народнага ансамблю народнай песні “Жытніца”, а таксама  работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны, якія сумеснымі намаганнямі арганізавалі сустрэчу землякоў.

— Я нарадзілася тут 74 гады таму, — расказвае Алена Місюк, — і заўсёды лічыла, што ў нашай вёсцы самыя дружныя людзі, самыя добрыя суседзі, самыя вясёлыя і галасістыя. Я часта ўспамінаю, як некалі спявалі Карабы, а Валовікі адгукваліся на спеў. Я гаварыла з “валовіцкімі”, дык яны расказвалі, як залазілі на страху высокага хлява і гукалі адтуль, а Карабы — слухалі. Я жадаю, каб наша сустрэча землякоў стала традыцыйнай, а цудоўныя песні і шчырыя размовы збіралі б яшчэ больш людзей на свята.

Разам з Таццянай Чэрскай Святлана Ганусевіч прагартала старонкі гісторыі вёскі, разважала, адкуль пайшла назва іх малой радзімы. Успамінала сваё дзяцінства і добрымі пажаданнямі вітала гасцей свята, а з розных бакоў даносілася: “Дзякуй, Света, што не забываеш нас!”. Свята стала своеасаблівай дошкай гонару вяскоўцаў, адраджэннем ранейшых традыцый і ўспамінаў аб мінулых падзеях, з якіх складвалася жыццё на гэтай зямлі. Карабчане самаддана працавалі і працуюць, ствараюць утульнасць і хараство на сваіх падворках, падтрымліваюць адзін аднаго ў розных жыццёвых абставінах.

Зачапіла вёсачку сваім жудасным крылом і Вялікая Айчынная вайна. На франтах змагаліся вяскоўцы Іван Міхайлавіч Місюкевіч (узнагароджаны медалём “За Перамогу над Германіяй”), Віктар Яфімавіч Снігірэвіч, Іван Андрэевіч Трон (узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За Перамогу над Германяій”), Іван Гаўрылавіч Яскель. Дэпутат сельскага Савета Ганна Гервасеўна Астрамовіч  была расстраляна немцамі ў сакавіку 1944 года. Не вярнуліся з франтоў і зніклі без вестак карабчане Васіль Яфімавіч Снігірэвіч і Аляксандр Захаравіч Трон.

 

Шмат выпрабаванняў выпала на долю старэйшых жыхароў вёскі. Жыццё гэтых людзей прайшло ў Карабах, а некаторыя прыехалі сюды, каб звязаць з гэтым мястэчкам свой лёс. Але ўсе яны могуць шмат расказаць пра Карабы, пра падзеі, людзей… Цудоўную гадавіну — пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця адзначылі сем’і Яўгенія Іванавіча і Леанілы Яфімаўны Місюкевіч, Соф’і Мікалаеўны і Мікалая Часлававіча Квяткоўскіх, сорак гадоў у згодзе і радасці пражылі Анатолій Уладзіміравіч і Ганна Аўгусцінаўна Гайдукевічы.

Падчас свята вёскі адбылося ўшанаванне вяскоўцаў-юбіляраў. Віншаванні і кветкі ў гэты дзень прымаў Фёдар Якаўлевіч Яскель, які адзначыў 85-гадовы дзень нараджэння. Васьмідзесяцігадовую старонку жыцця перагарнулі Ірына Антонаўна Яскель, Яўгеній Іванавіч Місюкевіч, Леаніла Яфімаўна Місюкевіч, Луцыя Вацлаваўна Пякарская, Ніна Якаўлеўна Багдзевіч, Алдона Казяўна Талочка, Уладзіслаў Пятровіч Касціневіч, Вікенцій Іванавіч Трон, Зінаіда Іванаўна Місюкевіч, Мікалай Часлававіч і Соф’я Мікалаеўна Квяткоўскія.

Для тых, хто нарадзіўся і вырас у Карабах, гэта бацькоўскі дом, тое месца, адкуль пайшоў адлік жыцця і падзей, якімі яно напоўнена. Менавіта сюды вяскоўцы імкнуцца сэрцам, стомленыя рознымі нягодамі і жыццёвымі акалічнасцямі — добрымі ці дрэннымі. Тут кожны чалавек не проста сусед ці знаёмы, а сапраўдны сябра і дарадца, які заўсёды дапаможа і падтрымае. Так было раней і, хочацца верыць, будзе заўсёды… Да шчырай сустрэчы землякоў была арганізавана выстава “Усе мы родам з Карабоў”, дзе на чорна-белых фотаздымках захаваліся самыя важныя і непаўторныя падзеі жыцця вяскоўцаў: юбілеі, вяселлі, адпраўленне ў войска… Цікавай і прыцягальнай стала экспазіцыя вышыванак ранейшых часоў, якія калісьці стварылі сваімі залатымі рукамі майстрыхі Ірына Віктараўна Яскель і Марыя Іванаўна Снігірэвіч.

Найбольшую ўвагу месцічаў і гасцей Карабоў прыцягнула выстава старадаўніх рэчаў Івана Яскеля, які нарадзіўся і вырас у Карабах. Тут сабраны рэчы, якімі карысталіся нашыя продкі — ручнікі, посцілкі, збаны, прадметы быту і паўсядзённага жыцця вяскоўцаў… Пачэснае месца сярод экспанатаў займае драўляная скрыня, якую ў ваенныя гады матулі Івана Яскеля аддалі немцы. Таксама выставу ўпрыгожылі каваныя вырабы майстра. Большасць выстаўленых рэчаў належала сям’і Яскеляў, а некаторыя Іван Віктаравіч збіраў па вёсках раёна. Мужчына нават марыць адкрыць музей у бацькоўскім доме, бо за гады пошукаў назапасілася дастаткова экспанатаў.

Ад душы весяліліся ў гэты дзень як жыхары, так і госці свята. Добры настрой стваралі работнікі аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гальшаны і народны ансамбль народнай песні “Жытніца”.

Пасля канцэрта сустрэча працягнулася — гучала сяброўская гутарка, землякі ў размове вярталіся ў часы сваёй маладосці. Кожнаму было што ўспомніць, яшчэ раз прыгадаць тыя слаўныя гады, якія, на жаль, ужо нельга пражыць ізноў. А за святочным сталом карабчане абавязкова паспрабуюць жытнёўку, якую ім перадалі ўдзельнікі ансамблю “Жытніца”.

…У Карабах засталося ўсяго сорак тры жыхары. Не даносіцца з розных канцоў вёскі гарэзлівых дзіцячых галасоў, не чуваць амаль спеваў пеўня. Але цудоўна, што свае Карабы не забываюць ураджэнцы гэтай вёскі і з ахвотай знайшлі час, каб сустрэцца разам там, дзе рабілі свае першыя крокі, дзе прайшлі іх маленства і юнацтва, адкуль яны накіраваліся ў самастойнае жыццё…

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *