Каб ззялі «Крыніцы»

Культура

 

Творчы шлях калектыву, пра які пойдзе размова, пачаўся ў 1972 годзе, калі на сцэне Ашмянскага раённага Дома культуры ўпершыню выступіў хор культпрасветработнікаў. Назву ўдзельнікі калектыву далі сабе самі — “Крыніцы”, мабыць, каб, з аднаго боку, падкрэсліць рэпертуар — з крыніц народных, а з другога, — пажадаць яму доўгага і шчаслівага жыцця: як нястомна цячэ крыніца, так нястомна жыве і народная песня — крыніца творчасці і натхнення.

Ужо ў 1975 годзе калектыў стаў лаўрэатам I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай народнай творчасці, а ў 1979 годзе ансамблю песні і танца «Крыніцы» было прысвоена званне “Народны”. Кіраўнікамі калектыву ў розныя гады былі Уладзімір Карасёў, Іван Барысенка, Валянціна Рэут, Мар’яна Калеснікава. Марына Шурбак – нязменны і нястомны балетмайстар “Крыніц”.

Чым жыве калектыў сёння, якія планы мае на будучыню — пра гэта і іншае мы пагутарылі з Вольгай Чаплінскай, якая сёння кіруе харавой групай калектыву.

— Вольга Францаўна, як даўно вы кіруеце калектывам?

— Даўно, аж самой не верыцца, з 11 ліпеня 2001 года. Калі праляцелі 20 гадоў, не  паспела заўважыць. Толькі калі гартаю старонкі фотаальбомаў і ўспамінаю нашы выступленні, разумею, колькі ўсяго за гэты час адбылося.

— Скажыце, ці магчыма трапіць у “Крыніцы” звычайнаму чалавеку, напрыклад, мне?

— Для гэтага патрэбна вытрымаць некалькі ўмоў: вам трэба любіць народную песню, мець музычны слых і голас і, самае галоўнае, мець процьму вольнага часу, каб у вас была магчымасць наведваць рэпетыцыі. На жаль, іх не заўсёды атрымліваецца рэгламентаваць, яны могуць быць і незапланаванымі, магчыма, прыйдзецца адпрасіцца з работы, і не раз. Акрамя таго, трэба быць гатовым да таго, што амаль усе нашы выступленні адбываюцца ў выхадныя і святочныя дні. Магу з уласнага вопыту сказаць, што мала каму ўдаецца сумяшчаць асноўную работу, сям’ю і пастаянныя рэпетыцыі або выступленні. У розны час розныя людзі прымалі ўдзел у рабоце калектыву. Змены ў сямейным становішчы, нараджэнне дзяцей, іншае месца працы – гэта тыя прычыны, па якіх людзі не затрымліваюцца. Заўсёды шкада і балюча, калі чалавек сыходзіць. Так што трапіць у калектыў няцяжка, цяжэй у ім затрымацца.

— Колькі ўдзельнікаў сёння ў калектыве, і назавіце, калі ласка, самых  адданых аматараў народнай песні.

— Самая актыўная вакальная група сёння складаецца з 13 чалавек, улічваючы кіраўніка. Я з задавальненнем і ўдзячнасцю назаву гэтых людзей: Алена Лаздзін, Валянціна і Эдуард Горыды, Марына Палсцюк, Канстанцін Яраш, Аліна Кеда, Святлана Ганусевіч, Любоў Шчарбакова, Генадзь Чаплінскі, Валянцін Роман, Віялета Суравец, Віктар Чаплінскі. Кожны з іх перажывае за лёс ансамбля і глыбока адданы народнай песні. Асаблівую падзяку я хачу выказаць дырэктару і намесніку дырэктара Ашмянскага раённага цэнтра культуры Марыне Палсцюк і Канстанціну Ярашу. Іх пастаянную падтрымку адчуваюць усе ўдзельнікі калектыву. Не магу не назваць Марыну Паўлаўну Шурбак – менавіта дзякуючы ёй вы бачыце на сцэне не статычны, а дынамічны, рухавы, яскравы калектыў, які жыве і раствараецца ў песні. “Крыніцы” – гэта адна вялікая сям’я, дзе ўсе разам – і ў радасці, і ў горы. Я ўдзячна ўсім, хто працаваў у калектыве, і ўсім, хто працуе ў ім сёння, — за паразуменне, за тое, што не лічаць уласны асабісты час, а адклікаюцца і ідуць насустрач, за прафесіяналізм і адданасць песні.

— Як працуе калектыў у час пандэміі? Што змянілася ў вашым творчым раскладзе?

— Мы працуем — і не менш, чым раней. У 2020-м годзе ў рамках фестывалю “Творчыя калектывы – працаўнікам сяла” мы далі больш за 20 канцэртаў, неаднаразова былі ўдзельнікамі абласных святочных мерапрыемстваў, выступалі на сцэне Гродзенскай абласной філармоніі. Дарэчы, на раённым свяце “Квітней пад небам сінім, Беларусь!” народны ансамбль песні і танца “Крыніцы” быў узнагароджаны кіраўніцтвам раёна дыпломам за актыўную канцэртную дзейнасць на працягу 2020 года. У гэтым годзе мы прадстаўлялі Гродзенскую вобласць на 31-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе “БЕЛАГРА-2021” у Смалявіцкім раёне, пабывалі з канцэртнымі праграмамі на святкаванні Масленіцы ў Малой Бераставіцы, Залессі. Выступаем у Ашмянскім раёне з канцэртнай праграмай “Спявай, душа”. Пабывалі ў Кальчунах, Палянах, Гродзях, Будзёнаўцы, Гарэцкаўшчыне, Гальшанах, Людвікаўшчыне. Не гавару пра выступленні ў Ашмянах на ўсіх значных раённых мерапрыемствах. Зусім нядаўна мы прынялі ўдзел у трансгранічным праекце “Культура аб’ядноўвае народы”, праўда, завочна — адправілі відэазапіс нашага выступлення польскім сябрам.

— Падзяліцеся, калі ласка, з нашымі чытачамі вашымі творчымі планамі.

— Мы актыўна рыхтуемся да юбілею горада, маем запрашэнне на фэст у вёску Данюшава Смаргонскага раёна, плануем выступленні ў Наваполлі, Кальчунах, Навасядах, Повішнях Ашмянскага раёна, актыўна далучыліся да ўдзелу ў абласным праекце «ЭтнаБУМ».

— Вольга Францаўна, што натхняе калектыў сёння і надае сіл рухацца наперад?

— Разуменне, што беларуская песня патрэбна, што нас слухаюць. Бачылі б вы, як нас сустракаюць жыхары вёсак, куды мы ездзім з канцэртамі, якія цёплыя словы падзякі яны выказваюць, і як — шчыра, ад душы, так, што на вачах выступаюць слёзы. Дзякуючы ім мы зноў і зноў гатовы выступаць і ў спёку, і пад дажджом. Ашмянцы прывыклі да нас, магчыма, нават перанасыціліся, а вось жыхары іншых раёнаў, вясковыя жыхары, якім нячаста выпадала трапіць на канцэрты з нашым удзелам, — нам вельмі ўдзячны. І той пазітыўны шчыры настрой, якім яны нас зараджаюць, перадаецца нам.

— Вялікі дзякуй за размову, Вольга Францаўна. Хочацца пажадаць вам і калектыву, каб ззялі і заставаліся невычэрпнымі “Крыніцы”, новых творчых поспехаў і знаходак, удзячных гледачоў, падтрымкі ўсім вашым пачынанням, дабрабыту і разумення — вашым сем’ям.

Гутарыла Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *