Сям’я Аляшкевічаў з Гальшан. Тое, што нас аб’ядноўвае, — сям’я

Год народного единства Культура

 

У аграгарадку Гальшаны жыве сям’я Аляксандра і Аксаны Аляшкевічаў, якія сталі прызёрамі абласнога этапу конкурсу «Уладар сяла». Хоць у двухпавярховік па вуліцы Школьнай дружная сям’я пераехала нядаўна, у кватэры ўтульна і прыгожа, а прылеглая тэрыторыя добраўпарадкаваная. Адразу бачна, што без дапамогі маладой сям’і тут не абыйшлося. Дагледжаныя кветнікі, пафарбаваныя лаўкі, арэлі, якія яшчэ не дамайстраваў тата для сваіх трох сыноў…

Сям’я Аляшкевічаў зусім маладая, але, гледзячы на іх, з упэўненасцю можна сказаць, што яны ўжо ведаюць таямніцы моцнага сямейнага шчасця. Насамрэч таямніцы гэтыя простыя — тут валадарыць каханне, пануе ўзаемаразуменне і падтрымка, а маладыя людзі стараюцца саступаць адзін аднаму і знаходзіць кампраміс у складаных жыццёвых сітуацыях.

Аксана і Аляксандр разам трынаццаць гадоў, восем з якіх жанатыя. Юнака з суседніх Доргішкаў у гальшанскае кафэ, дзе адпачывала Аксана са сваімі знаёмымі, запрасілі сябры. Настойліваму Аляксандру адразу спадабалася прыгожая і няўрымслівая дзяўчына, таму ў першыя гадзіны знаёмства вырашыў, што яны будуць сустракацца і будаваць адносіны. На іх шляху было шмат выпрабаванняў, але самай галоўнай стала адлегласць — Аляксандр ужо працаваў ў сталіцы, а Аксана толькі паступіла ў Лідскі музычны каледж на настаўніка тэарэтычных дысцыплін. Амаль кожныя выхадныя маршрут закаханых пралягаў праз Мінск, Ліду ці Гальшаны. У павуціне дарог умацоўваліся і праходзілі праверку іх пачуцці, а сэрцы падказвалі, што гэта назаўсёды.

Многія маладыя сем’і пачынаюць самастойнае жыццё ў чужым горадзе, далёка ад родных і блізкіх, а Аксана і Аляксандр — у бацькоўскім доме. Безумоўна, лягчэй, калі побач знаходзяцца родныя людзі, гатовыя ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. За сямейнае жыццё яны паспелі змяніць некалькі адрасоў — месціліся ў Гальшанах, Доргішках і Ашмянах. У горадзе яны змаглі пражыць толькі паўгода і вярнуліся ў Гальшаны, дзе атрымалі арэнднае жыллё ад мясцовай гаспадаркі.

— Мы наўпрост не змаглі жыць у горадзе, — дзеліцца Аксана. — Тут прасцей, блізка школа і садок, да працы рукой падаць… З Ашмян было б цяжэй дабірацца, ды і хваляваліся б за дзяцей, якіх трэба было забіраць са школы. Тым больш, што муж не можа пасля працоўнага дня ляжаць на канапе і сядзець без справы.

Вось так па маленькай цаглінцы яны і заклалі падмурак сваёй сям’і. З кожным годам яго ўмацоўваюць, каб разам ісці па жыцці, акружаючы адзін аднаго каханнем, даверам і павагай. Сем гадоў таму на свет з’явіліся двайняты Леў і Глеб, а тры гады таму шчаслівая сям’я дачакалася малодшага Арсенія.

— Мы нават і ўявіць не маглі, што ў нас будуць двайняты, — усміхаецца Аксана. — Калі я выйшла з кабінета і паказала мужу здымак, ён вельмі ўзрадаваўся, хоць і марыў аб дзяўчынках.

А пасля віншаванняў урача пачаўся пошук імёнаў для хлопчыкаў, маладыя бацькі нават складалі асобныя спісы з імёнамі і выбіралі сугучныя. Калі Глеб і Леў з’явіліся на свет, пачалося доўгае сямейнае падарожжа, якое маладыя бацькі прайшлі самастойна, хоць і хапала штодзённых клопатаў.

Калі размаўляеш з маленькімі гарэзамі, разумееш, што падобныя яны адзін на аднога звонку і па аднолькавым гардэробе, а характары маюць розныя. Лёва больш спакойны і разважлівы, а Глеб — няўрымслівы. Пачаткоўцы добра вучацца і стараюцца радаваць бацькоў сваімі штодзённымі поспехамі. Актыўныя, вясёлыя, яны ні хвілінкі не сядзяць без справы, імкнуцца пазнаваць свет і з дзіцячай непасрэднасцю сустракаюць новы дзень.

Складаюць кампанію па гульнях у двары Глебу, Льву і трохгадоваму Арсенію іх маленькія суседзі і па сумяшчальнасці стрыечныя браты з кватэры насупраць — Арцём і Данііл. Сям’я роднага брата Аксаны Аляксандра таксама атрымала кватэру ў новым двухпавярховіку.

Аксана на ўласным вопыце пераканалася ў тым, што быць маці траіх дзяцей — трайное шчасце і адначасова няпростае выпрабаванне. Сапраўды, складана ўсё паспяваць, але паступова цяжкасці зніклі, праблемы вырашаліся дзякуючы мужу Аляксандру — падтрымцы і апоры ва ўсіх справах.

Хоць у сям’і Аляшкевічаў трое сыноў, Аксана Анатольеўна ў адпачынку па даглядзе за імі амаль не была і ўвесь час працавала.

Пасля вучобы ў Лідскім музычным каледжы маладога спецыяліста па размеркаванні накіравалі ў Гальшанскую школу мастацтваў выкладаць тэарэтычныя дысцыпліны. Пазней яна скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “культуролаг-менеджэр” і заняла пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

Пакуль мы размаўляем з Аксанай, з суседняга пакою даносіцца дзіцячы плач – Арсеній не хоча адпускаць тату на працу. Аляксандр сумяшчае працу вадзіцелям у КСУП “Гальшаны” з прадпрымальніцкай дзейнасцю. Мужчына скончыў аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “повар”, але па прафесіі так і не ўдалося працаваць ні дня. За гэтыя гады Аляксандру Аляшкевічу давялося змяніць некалькі працоўных месцаў, але ён не шкадуе, што калісьці пакінуў жыццё ў сталіцы і прыехаў да каханай.

У адрозненні ад творчай жонкі, Аляксандр мае «мужчынскія» захапленні і часта прападае ў гаражы. Сыночкі таксама любяць там бавіць час – круцяць гайкі і балты, дапамагаюць бацьку «капацца» ў машыне. У пяць гадоў хлопчыкі ўжо дапамагалі тату мяняць у машыне кола! Але памочнікі яны не толькі татавы, стараюцца дапамагчы і матулі з прыбіраннем кватэры — мыюць посуд і выціраюць пыл.

Як і ў кожнай сям’і, у Аляшкевічаў ёсць свае традыцыі — яны абавязкова разам адзначаюць дні нараджэння, рыхтуюць сюрпрызы, выразаюць паштоўкі, ствараюць малюнкі і ўпрыгожваюць кватэру. Калі ёсць час, бацькі арганізоўваюць для дзяцей паездкі ў заапарк, паркі атракцыёнаў і забаўляльныя цэнтры. Галоўнае, робяць усё разам.

— Сакрэтаў выхавання  ў нас няма, напэўна, усё прыходзіць з вопытам, — расказвае Аксана Аляшкевіч. — Галоўнае, пачуць сваіх дзяцей і зразумець, заўсёды знаходзіць час для іх і выслухаць нават самыя фантастычныя ідэі.

У Год народнага адзінства на конкурс «Уладар сяла» творчых, працавітых, цікавых, актыўных Аляшкевічаў запрасіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Александровіч. Спачатку гэта быў раённы конкурс, а пасля абласны. Дарэчы, на апошнім сям’я атрымала трэцяе месца.

— Асаблівых цяжкасцей не было, — адзначае Аксана. — Напрыклад, каня запрагаць і распрагаць мы ўмелі, на дзедавым кані ездзілі ў дзяцінстве вярхом, а з творчай візітоўкай нам дапамаглі работнікі культуры. Спачатку, муж не хацеў удзельнічаць у конкурсе, але пасля адзначаў, што дамоў вернецца толькі з перамогай.

…Мы доўга размаўлялі з маладой шматдзетнай матуляй, пакуль хлопчыкі мірна гулялі ў сваім пакоі. І ў адзін момант прамільгнула думка, што цёпла і ўтульна ў кватэры можа быць ад шчырай і добрай атмасферы ў сям’і. Аксана і Аляксандр разам трынаццаць гадоў, для іх, як яны самі гавораць, гэта маленькі тэрмін, бо многае яшчэ ў жыцці наперадзе.

— Аб чым я мару? — адказвае на маё пытанне Аксана Аляшкевіч. — Нават не ведаю, у мяне ўсё ёсць — дружная сям’я, муж, дзеці, здароўе, а астатняе дробязі. Я вельмі шчаслівы чалавек.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *