У краязнаўчым музеі адбудзецца сустрэча з мастаком Васілём Зянько

Анонсы событий

 

У Ашмянскім краязнаўчым музеі разгарнулася незвычайная мастацкая выстава пад назвай “Паэзія кропак”. Гэта вынік дзейнасці мастака-манументаліста Васіля Зянько, які ўжо колькі год стварае мастацтва, даступнае для людзей з праблемамі зроку.

Арыгінальныя тактыльныя карціны, прадстаўленыя на выставе, выкананы ва ўнікальнай інавацыйнай тэхніцы. Маляўнічыя рэльефныя паверхні створаны па літаратурных тэкстах класікаў беларускай літаратуры. Вершы Максіма Багдановіча і Алеся Разанава ўведзены ў прастору карцін шрыфтам Брайля.

Канцэпцыя дадзенага праекта дазваляе адчуць тонкую сувязь паміж літаратурай і жывапісам, паміж рознымі культурамі, людзьмі розных нацыянальных ідэнтычнасцяў і фізічных асаблівасцей.

Чалавек, які слаба бачыць, напачатку чытае верш, а пасля знаёміцца з яго мастацкім ўвасабленнем. Дакрануцца да мастацтва можна ў прамым сэнсе слова.

Выстава выклікае цікавасць і сярод відушчых людзей. Карціны Васіля Зянько ўяўляюць сабою гарманічныя па колеру работы з рэльефнай паверхняй плаўных ліній. Дарэчы, карціны напісаныя па матывах вершаў Максіма Багдановіча, з‘яўляюцца ўласнасцю Літаратурнага музея нашага славутага паэта ў Мінску.

Шмат пытанняў віруе ў галаве, калі стаіш ля гэтых карцін і праводзіш пальцамі па іх шурпатай халоднай паверхні. Атрымаць адказ на гэтыя пытанні дапаможа сам аўтар.

У сераду, 14 ліпеня, у 15.30 у музеі адбудзецца сустрэча з Васілём Зянько.

Калектыў музея шчыра запрашае ашмянцаў на сустрэчу з мастаком і цікавым чалавекам.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *