“Вылазьце, нашы ідуць!” Успаміны Валянціны Клінцэвіч пра вайну

Культура

Ужо восемдзесят год прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.  Але напамін аб ёй жыве ў помніках, безыменных магілах, мемарыялах, пісьмах з фронту,  узнагародах, якія захоўваюцца ў сем’ях пакаленнямі, на старонках кніг, у песнях і творах мастакоў.  Жыве яна і ў памяці людзей: тых, хто змагаўся з ворагам у баях, і тых, хто ніколі не трымаў у руках зброі, тых,  чыё бесклапотнае дзяцінства  вайна  перакрэсліла. Валянціна Сяргееўна Клінцэвіч з Маркінят добра памятае вайну. Калі яна пачалася, ёй было 12 год, малодшай сястрычцы Шуры – 9. Тады сям’я жыла ў Міхайлоўшчыне.

“Вайна!”

У той дзень дзяўчаткі-сястрычкі бавілі час на сваім двары, бацькі паехалі на кані пад Трабы, каб змалоць зерне на муку. Дзяўчаты сваім дзіцячым розумам зразумелі, што адбываецца штосьці дрэннае і жудаснае, калі ўбачылі на гарызонце шмат самалётаў, якія раней сюды амаль не заляталі, і пачулі далёкія  выбухі. Пазней яны даведаліся, што гэта немцы бамбілі станцыю Багданава. Інтуітыўна адчуўшы  страх, схаваліся пад кустом бэзу, што рос у двары за хлявом і моцна плакалі. Да страху за сябе дадалася яшчэ і трывога за бацькоў, якія ўсё не вярталіся дамоў. Дзяўчаты не ведалі, што ў гэты час у Міхайлоўшчыну прыскакаў з Ашмян веставы ў ваеннай форме і абвясціў жыхарам, што пачалася вайна з немцамі. Ён вельмі спяшаўся і нават не паехаў праз мост, а пераплыў рэчку Кляву на кані. Пра гэта ўсё даведаўся тата, калі, вярнуўшыся, знайшоў перапужаных дзяўчатак і пайшоў распытваць суседзяў.

Праз некалькі дзён вайна прыйшла і ў Міхайлоўшчыну. Па брукаванай дарозе з боку Трабаў  пагрозліва  сунуліся вялікія незнаёмыя машыны з чорнымі крыжамі на баках. Што гэта былі нямецкія танкі, дзяўчаты тады не ведалі. Машыны спыніліся непадалёку ад іх хаты, з іх павыскоквалі чужыя салдаты з закасанымі рукавамі гімнасцёрак і каскамі на галовах, пасядалі на траву і гучна сталі гаварыць на незнаёмай мове. Прастаялі яны нядоўга і рушылі далей па старой дарозе на Багданава.

А затым праз вёску пайшлі грузавыя машыны з немцамі, матацыклы, пяхота і, нарэшце, абоз. Немцы палавілі і пабілі ўсіх курэй у вёсцы і наогул аббіралі людзей.

Валянціна Сяргееўна з вучнямі

“Пачаставаўся!”

Аднаго разу ўсю іх сям’ю ледзь не расстраляў немец, якому захацелася паласавацца мёдам з вулля – у сям’і Клінцэвіч у садзе быў пчальнік. Немец сарваў з вулля вечку і дастаў рамку з мёдам. Зразумела, што пчолам гэта не спадабалася, і яны добра пачаставалі нечаканага госця – толькі не мёдам. Звар’яцелы немец, якому пчолы пакусалі ўсю галаву і шыю, выгнаў з хаты сям’ю і паставіў ля сцяны, пагражаючы аўтаматам.  Маці падняла енк, пачала цалаваць немцу рукі, галасіць і прасіцца, каб не забіваў, дзяўчаты загаласілі ўслед за ёй. Відаць, нарадзіліся пад шчаслівай зоркай,  — патрымаўшы крыху, немец адпусціў  Клінцэвічаў.

З сястрой Аляксандрай

“Новая ўлада”

Новыя ўлады абклалі мясцовых жыхароў харчовымі падаткамі, трэба было здаваць ім малако і шмат чаго іншага з прадуктаў. Немцы назначалі старастаў вёсак, каб тыя сачылі за парадкам і дапамагалі збіраць падаткі. У Міхайлоўшчыне ніхто не хацеў быць старастам — баяліся, таму вырашылі, што будуць выконваць гэтыя абавязкі па чарзе (па два-тры тыдні кожная хата).

Жыць было цяжка, але магчыма. Трымала свая гаспадарка. Прадукты былі свае. Садзілі бульбу, агарод. Хоць і пазабіралі немцы частку жывёлы, усё ж такі не ўсю: забралі ў таты каня, якога дзяўчаты вельмі шкадавалі, – прыгожы быў конь, гняды. Хутка не стала і кабанчыка. Цяжэй было з соллю, газай, не было мыла. Гэта трэба было выменьваць ці купляць. Вельмі пакутавалі ўсе ад каросты, якая напала на людзей ад немагчымасці нармальна мыцца і мяняць бялізну. Пасцель была саматканая, мылася рэдка. Не хапала вопраткі і абутку.

У Міхайлоўшчыне ў час вайны працавала пачатковая школа. Аднекуль з’явіўся настаўнік, які вучыў малодшых дзяцей. Шура хадзіла ў школу. А вось тыя, хто паспеў скончыць тры класы да вайны, як Валя, у школу не хадзілі, сядзелі на печы, як гаворыць Валянціна Сяргееўна.

Па начах да мясцовых жыхароў наведваліся “чырвоныя партызаны”, якія часцей за ўсё прасілі паесці. Пра тое, што паблізу ёсць партызанскі атрад, усе ведалі, але не выдавалі, і партызаны не чапалі немцаў у вёсцы, бо ведалі, што ў такім выпадку пагражае яе жыхарам. Партызан больш цікавіла чыгунка, якая была побач. Чула Валянціна і пра “белых партызан” і, нават, бачыла іх – з немцамі. Яны не баяліся і рабавалі хаты месцічаў у белы дзень. Наогул было страшна і часта незразумела, дзе свой, дзе чужы, дзе Польшча, дзе Літва.

Валянціна Сяргееўна з сынамі

“Вылазьце, нашы ідуць!”

У час адступлення немцы каля месяца пражылі ў вёсцы. Валянціна Клінцэвіч успамінае, як яны забягалі ў кожную хату, шукалі лепшую і чысцейшую. Чыстая палова дома Клінцэвічаў спадабалася чатыром нямецкім афіцэрам, і яны размясцілі там свае рэчы, а ў двары паставілі грузавую машыну. Нямецкія салдаты кватараваліся ў гумне. Адтуль па вечарах чулася чужая мова, рогат і гукі губнога гармоніка. Днём афіцэры былі ў доме Клінцэвічаў, а начавалі разам з салдатамі ў гумне. Пазней у доме з’явіўся пажылы нямецкі салдат, які займаўся рамонтам абутку. Ён вельмі добра гаварыў па-польску. Бацька Валянціны часта гаварыў з гэтым немцам пра палітыку. Той паказваў фотаздымак сваёй жонкі і дзвюх дзяўчынак і часта паўтараў, што ніколі ўжо іх не ўбачыць.  Гэты немец не хацеў ваяваць і абвінавачваў Гітлера ў тым, што ён уцягнуў людзей у вайну, і вельмі прасіў, каб бацька Валянціны не расказваў афіцэрам пра іх гутаркі, бо яго расстраляюць.

Памятае Валянціна Сяргееўна і той дзень, калі ў вёску прыйшлі савецкія салдаты. Кананаду і залпы гармат жыхары чулі некалькі дзён, але не ведалі, хто страляў, баяліся, што будуць страляць па вёсцы, таму на ўсялякі выпадак схаваліся ў акопах, якія загадзя  выкапалі ў лесе. А снарады, як на злосць, рваліся непадалёку, у полі. Калі ўбачылі здалёк салдат, якія ішлі па дарозе ў накірунку Трабаў, не адразу зразумелі, што гэта свае. Адзін з жыхароў Міхайлоўшчыны, Стась Вільчэўскі, папоўз да дарогі па жыце, каб бліжэй разгледзець салдат. Зразумеўшы, што гэта рускія, ён крыкнуў: “Вылазьце, нашы ідуць!” Пасля дзяўчаты насілі ў фартушках салдатам яблыкі і частавалі іх. А тыя дзякавалі: “Ой, девочки, яблоки. Спасибо, девочки!” Дзяўчаты шкадавалі рускіх салдатаў: яны ішлі вельмі доўга, стомленыя і запыленыя, а яшчэ гарэзам вельмі хацелася, каб хто-небудзь з вайскоўцаў даў рускі рубель, якога яны ніколі не бачылі. А адкуль у салдата грошы?

Пасля вайны

Пакрысе пачалося новае жыццё. Стала працаваць школа. Усіх дзяцей сабралі ў чацвёрты клас – туды трапілі і дзеці 1929 года нараджэння, і 1928-га, і малодшыя, такім чынам Валянціна апынулася ў адным класе з малодшай сястрой Шурай. Закончыўшы школу і атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Валянціна Сяргееўна ўсё жыццё працавала ў Міхайлоўшчыне настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Разам са сваімі вучнямі яна сабрала па вёсках Міхайлоўшчына, Маркіняты і Зноскі звесткі пра землякоў, якія ваявалі і аддалі сваё жыццё ў час вайны, аформіла ў школе стэнд “Яны загінулі, змагаючыся за Радзіму!”.

Вайна стала выпрабаваннем для ўсіх, мерай высвятлення чалавечай годнасці і сумлення. Чалавек нараджаецца, каб жыць і ствараць, а не забіваць і нішчыць. Каму патрэбна вайна? Чаму людзі змаглі зрабіць столькі розных тэхналагічных вынаходніцтваў, але да сённяшняга дня не навучыліся слухаць і чуць адзін аднаго?

Ірына БРАЗОЎСКАЯ.

Фота з архіва Валянціны КЛІНЦЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *