Штогадовы раённы конкурс дзіцячай эстраднай творчасці “Вясковы жаваронак” прайшоў у Кракоўцы

Культура

 

Сёлета ён сабраў юных талентаў у чатырнаццаты раз. На музычным небасклоне раёна заззялі новыя зорачкі.

Юныя ўдзельнікі з розных куточкаў Ашмяншчыны – прадстаўнікі клубных устаноў – прадэманстравалі не толькі выканальніцкае майстэрства, але і артыстызм, мастацкае афармленне нумароў. Для жыхароў і гасцей аграгарадка прагучаў разнастайны рэпертуар: ад дзіцячых вясёлых песень да глыбокіх лірычных кампазіцый пра вайну, каханне, любоў да радзімы.

Ва ўзроставай катэгорыі 6-9 год першае месца заняла Дар’я Снігірэвіч, другое – Адэліна Буйноўская, трэцяе – Ксенія Ляўкоўская.

Сярод удзельнікаў ва ўзроставай катэгорыі 10 – 12 год лепшым журы прызнала творчы нумар Ксеніі Сальмановіч.

У намінацыі “Трыа” пераможцам стаў дзіцячы калектыў з Граўжышак, другое месца – у дзяўчат з Жупранаў.

Як адзначыла старшыня журы, дырэктар раённага цэнтра культуры Марына Палсцюк, некаторыя з кіраўнікоў вельмі адказна аднесліся да падрыхтоўкі творчых нумароў. Так, прыемнае ўражанне пакінула пасля сябе Ксенія Сальмановіч з Граўжышак – падчас выступлення дзяўчынкі можна было ўбачыць сапраўдную тэатралізаваную пастаноўку.

Прыемным працягам свята стаў музычны сэт у выкананні былога ўдзельніка конкурса “Вясковы жаваронак” Арцёма Гружэўскага з Навасёлкаў. Прысутныя з  задавальненнем падпявалі выканаўцу, а пасля далучыліся да забавы, якую прапанавалі вядучыя. Дзеці і дарослыя ўспаміналі танцы, папулярныя ў нашых бабулях і дзядуляў. “Полька”, “вальс”, “кракавяк” закружылі прысутных у імправізаваным карагодзе.

Свята доўжылася, аж пакуль летні дожджык не напалохаў вяскоўцаў. Малечы выстройвалія ў чэргі, каб нанесці аквагрым або набыць папкорн і салодкую вату, а дарослыя не шкадавалі апладысментаў для ўдзельнікаў конкурсу.

Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *