“Культурная бяссоніца” ў Гальшанскім замку

Культура

 

У ноч на 18 мая увесь свет ахутала “культурная бяссоніца” – у гэты дзень у розных кропках планеты прайшла традыцыйная Ноч музеяў. У гонар такой падзеі, авеяны легендамі і паданнямі, Гальшанскі замак вырашыў адкрыць таямніцы, якія беражліва захоўваў на працягу стагоддзяў.

Майскі вечар выдаўся не па-вясенняму халодным, аднак гэта не перашкодзіла аматарам гісторыі і  містыкі сабрацца ля сцен выбітнага помніка архітэктуры. Тым больш, мясцовая траўніца частавала гасцей гарачым травяным чаем па асабліваму старадаўняму рэцэпту. Аднак не толькі духмяны напой саграваў шматлікіх гледачоў – работнікі раённага цэнтра культуры падрыхтавалі мноства сюрпрызаў і нечаканых падарункаў для наведвальнікаў.

Пачалося ўсё з тэатралізаванага прадстаўлення, падчас якога госці імпрэзы змаглі сустрэцца з вядомымі асобамі – Паўлам Сапегам і Соф’яй Гальшанскай, легендарнымі Белай Паннай і Чорным Манахам. Гучала атмасферная сярэднявечная музыка, у прыцемках ля цагляных сцен замка сталі героі вечара, каб распавесці гісторыю Гальшанскага краю ў легендах і паданнях.  Затым разам з прысутнымі закружыліся ў сярэднявечных танцах і гульнях.

Нягледзячы на позні час, на мерапрыемства прыйшлі людзі рознага ўзросту, было шмат дзяцей, якія з задавальненнем удзельнічалі ў квэст-гульні “Таямніца старадаўняга замка”. Ключніца сярэднявечнага замка прапанавала гасцям імпрэзы знайсці ключы ад дзвярэй Паўночнай вежы. Падказкі да квэст–гульні, а затым і самі ключы можна было набыць у траўніцы, ганчара, музыкаў… Толькі самыя ўважлівыя і кемлівыя аматары гісторыі знайшлі ўсе ключы і адчынілі вежу. Кожнае выпрабаванне прынесла неверагодныя эмоцыі: траўніца частавала чаем, ганчар навучыў вырабляць манеты і медальёны з асабістым надпісам, а музыканты падарылі некалькі вядомых беларускіх кампазіцый, выкананых на скрыпках. Пакуль адныя знаёміліся з народнымі промысламі і насалоджваліся мілагучнай музыкай, другія фатаграфаваліся з героямі вечара.

Статная Паўночная вежа стаяла ў промнях заходзячага сонца, якія праходзілі скрозь высокія вокны і асвятлялі цікавыя музейныя экспазіцыі. Здавалася, прывіды Белай Панны і Чорнага Манаха сачылі за гальшанцамі і гасцямі мястэчка і чакалі, калі прагучыць гісторыя іх жыцця…

Толькі ў адну ноч года ўсе таямніцы, якія захоўваюць сцены замка, адкрыліся шматлікім гасцям. Заключным акордам Ночы музеяў стала экскурсія па абноўленай Паўночнай вежы Гальшанскага замка. Тыя, хто яшчэ не былі там, з цікавасцю разглядалі экспанаты, з задавальненнем праходжваліся па ўтульных музейных пакоях, блукалі па лесвіцах, якія атачаюць вежу, і рабілі здымкі на памяць. Госці змаглі пабываць у падвальным памяшканні і на ўсіх трох паверхах паўночнай вежы, на кожным з якіх іх чакалі аповеды экскурсаводаў аб багатай гісторыі і легендах Гальшанскага краю.

У промнях пражэктараў разгарнулася фотавыстава метадыста па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргея Жыліка. Неверагодна здымкі, на якіх паўстаў герой Ночы музеяў – Гальшанскі замак, – выглядалі ў вечаровы час.

Арганізатары Ночы музеяў выказваюць падзяку ўсім гасцям і актыўным удзельнікам, без якіх гістарычнае падарожжа не адбылося б.  Так, разам з работнікамі цэнтра культуры на імправізаваную сцэну выйшлі супрацоўнікі філіяла “Ашмянскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга” – Марта Ганусевіч, Алена Лабачэўская, Вольга Дарашкевіч, Наталля Бельская, Сяргей Бурдук, Руслан Іваноў, Кірыл Кужэльны, Юрый Грудзіна, Андрэй Зянькоў, музычныя творы падарылі настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Чэрская і Ірына Асмольская.

Кацярына РУДЗІК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *