У Граўжышках адрамантавалі драўляную вежу-званіцу

Культура

 

У цэнтры аграгарадка Граўжышкі калісьці цягнуўся да неба драўляны касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Яго пабудавалі ў другой палове 18 стагоддзя на месцы храма, узведзенага у 1495 годзе. На жаль, помнік драўлянай архітэктуры з элементамі барока да сучаснасці не дажыў. На дагледжанай парафіянамі тэрыторыі засталіся рэшткі каменнага касцельнага падмурка, як напамін нашчадкам высіцца каталіцкі крыж.

Тэрыторыя, дзе граўжанцаў раней сустракаў Георгіеўскі касцёл, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Цяпер тут захавалася толькі драўляная вежа-званіца. Калісьці яе гучныя званы збіралі на святую імшу вернікаў з аграгарадка і прылеглых вёсак. Нават казалі, што рэха граўжышкоўскіх званоў даносілася з ветрам да Гальшан. Але час бярэ сваё. Канструкцыя вежы драўляная і пад дзеяннем навакольнага асяроддзя паступова адбывалася яе разбурэнне. Званіца стала патрабаваць рамонту.

Старшыня сельскага Савета Пётр Чаплінскі расказаў, што было вырашана выдаткаваць сродкі з мясцовага бюджэту для правядзення супрацьаварыйных і кансервацыйных работ на помніку драўлянай архітэктуры.

Так, з дапамогай работнікаў ААТ «АГАТ-стройсервис» будынак адрамантавалі, замянілі пашкоджаныя драўляныя элементы, закансервавалі вокны і пафарбавалі. Гэта, на думку, Пятра Вікенцьевіча, дасць магчымасць званіцы праіснаваць яшчэ шмат гадоў.

Жыхары цэняць клопат мясцовай улады і робяць свой унёсак у агульную справу. Падчас суботніка быў наведзены парадак на тэрыторыі вакол могілкаў у аграгадку Граўжышкі. А дзякуючы ксяндзу-пробашчу Паўлу Раманоўскаму і вернікам добраўпарадкаваны могілкі ў Клявіцы. Ніколі не забываюць месцічы і пра тэрыторыю былога Георгіеўскага касцёла – яна дагледжаная і абкошаная, тут высаджаны кветкі і туі. Нават здаецца, што калі-небудзь цішыню вясковай вуліцы парушыць меладычны гук старажытных званоў.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Інгі ГІЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *