Тое, што нас аб’ядноўвае, — сям’я. Ціхае шчасце Высоцкіх

Год народного единства Культура

 

Знаёмства з людзьмі — заўсёды адкрыццё, новыя ўражанні і новы досвед, прадчуванне нечаканасці і безліч пытанняў, якія не пакідаюць да апошняга і размалёўваюць уяўленне самымі яркімі фарбамі. Едучы ў Баруны, разважала аб тым, як адбудзецца сустрэча з незнаёмымі мне дагэтуль Алёнай і Віктарам Высоцкімі, сям’я якіх занесена сёлета на раённую Дошку гонару. Якія яны, бацькі трох слаўных дзетак? Па голасе ў тэлефоннай трубцы — зусім маладыя!

Чым жывуць, аб чым мараць, як бавяць вольны час, дый наогул, ці ёсць ён у вёсцы – гэты час на сябе?!

Вуліца Заходняя ўзнікла ў Барунах каля двух дзясяткаў год. Жыллё тут узводзілася згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла для спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Дыхтоўныя і добраўпарадкаваныя дамы з гаспадарчымі пабудовамі і некалькімі соткамі зямлі сталі добрай падставай для замацавання на вёсцы як маладых спецыялістаў, так і кадраў у цэлым.

Адзін з такіх дамоў у 2008 годзе атрымала ад мясцовай гаспадаркі і маладая сям’я Высоцкіх. Эксперыментальная база “Баруны” стала для маладых людзей лёсавызначальнай. Алёна Віктараўна прыйшла сюды працаваць эканамістам пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Вярнулася практычна на Радзіму, бо сама родам з Гінеўцаў. Так яна вырашыла яшчэ падчас вучобы: няма лепшага, як знайсці прызначэнне на сваёй зямлі, якая ўзгадавала і дала першапачатковыя веды. А вось Віктар Іванавіч выбраў гэту гаспадарку інтуітыўна. Падчас размеркавання ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі маладога спецыяліста чакалі і іншыя прапановы, аднак тады ён пагадзіўся на Ашмяншчыну і – не прагадаў.

У той год ажно восем маладых спецыялістаў прыйшлі ў барунскую гаспадарку. Ніхто з іх не наракаў, што трапіў на вёску. Жылі дружна і весела, часта збіраліся вечарамі, ладзілі з мясцовай моладдзю мерапрыемствы, сумесна рашалі ўзніклыя праблемы. Да Алёны Віктар прыглядваўся некалькі месяцаў, а падчас сумеснага святкавання Новага года стаў на калена і прапанаваў выйсці за яго замуж. Аднак той нечаканы “жэст” дзяўчына не ўспрыняла ўсур’ёз – ад жартаўніка Высоцкага ўсяго можна было чакаць! Але хлопец быў настойлівы і змог-такі растапіць сэрца прыгажуні.

Азіраючыся назад, Віктар не можа ўявіць, як склалася б жыццё, каб ён не сустрэўся з Алёнай. Яны і насамрэч нагадваюць тыя дзве палавінкі, якія змаглі адчуць адно аднаго на адлегласці і прыехаць сюды, у Баруны.

Менавіта на гэтай зямлі пусцілі карані прадаўжальнікі роду Высоцкіх: не па гадах сур’ёзная Паліна, жартаўнік (копія бацькі) Павел і ўсеагульны любімец Антон. Аб тым, што іх сям’я набудзе статус шматдзетнай, Алёна Віктараўна і Віктар Іванавіч раней не задумваліся, хаця сама Алёна вырасла ў такой жа дружнай і вялікай сям’і.

— Там, дзе двое дзяцей, заўсёды знойдзецца месца трэцяму, — разважае Віктар Іванавіч. – Са з’яўленнем Антона здаецца нічога ў нашым размераным жыцці не змянілася. Мы ж ужо дасведчаныя бацькі, з пэўным багажом вопыту ў гадаванні і выхаванні! Аднак толькі з нараджэннем другога сына я ў поўнай меры адчуў, якія яны розныя, нашы дзеці. Яны прымусілі мяне больш узважана ставіцца да прыняцця пэўных рашэнняў. Я больш пачаў цаніць Алёну і паважаць яе нялёгкую мацярынскую працу, якую яна так умела спалучае з работай эканамістам у эксперыментальнай базе “Баруны”.

У сілу сваёй прафесіі Віктар Іванавіч часта “прападае” на працы. Абавязкі галоўнага ўрача забіраюць і выхадныя, і святочныя дні, і вечары, якія можна было б прысвяціць сям’і. Але ў сваім шчыльным графіку ён заўсёды знаходзіць час, каб дапамагчы жонцы, пабыць разам з дзецьмі, пацікавіцца іх вучобай і дзіцячымі праблемамі, добраўпарадкаваць двор, пасадзіць чарговае дрэўца, замяніць плітку на дарожцы, што вядзе да дома, падрамантаваць альтанку, у якой часта чуецца вясёлы смех.

Заўсёды на дапамогу прыходзяць бабулі. Дзеці любяць ездзіць у госці ў Гінеўцы і ў Некрашы, што на Іўеўшчыне. Вядома ж, бабулі песцяць сваіх унукаў і робяць для іх усё магчымае і немагчымае — на тое ж яны і бабулі! Дый суседзі, калі што, ніколі не адкажуць у падтрымцы. Высоцкія лічаць, што ім вельмі пашчасціла з суседзямі. І ў радасці, і ў бядзе яны заўсёды побач.

Віктар Іванавіч і Алёна Віктараўна нарадзіліся на вёсцы. Мажліва таму, яны ніколі не ўяўлялі сябе гараджанамі. Тут, на роднай зямлі, усё блізкае і зразумелае. Яны патрэбны сваёй гаспадарцы, дзе сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы і набылі павагу калег і аднавяскоўцаў. Тут склалася іх сямейнае жыццё. Дзеці маюць магчымасць праявіць свае таленты і здольнасці ў сельскіх установах адукацыі, якія ні ў чым не саступаюць гарадскім. З вялікім задавальненнем наведвае дзіцячы садок Антон. За стараннасць і адказнасць хваляць настаўнікі Паўла і Паліну, якія пасля школы яшчэ наведваюць і класы Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Паліна іграе на цымбалах, а брат заўзята асвойвае баян. Дзеці з радасцю прымаюць удзел у творчых конкурсах і заваёўваюць свае першыя ўзнагароды, а таксама выступаюць з канцэртамі перад аднавяскоўцамі. Без Паліны не абыходзяцца спартыўныя спаборніцтвы, якіх арганізуецца ў школе вельмі многа.

У вольны час дзеці дапамагаюць бацькам, бо праца на вёсцы ніколі не канчаецца. Прыбраць у сваім пакоі, пакласці на месца цацкі, памыць посуд, накарміць сабаку – абавязкі, пра якія і напамінаць не прыходзіцца. Калі бацька сячэ дровы ці меле зерне на муку, тут жа паяўляецца і Павел – без яго дапамогі справа не ідзе!

Калі я спытала, як дарослыя спраўляюцца з усімі клопатамі, Алёна Віктараўна пажартавала, што сакрэт у тым, што яны нічога не паспяваюць. Вядома ж, заўсёды хочацца зрабіць як мага больш і лепш, але не ў гэтым сакрэт сямейнага шчасця, ціхага і ўтульнага.

— Важна, каб дзеці выраслі добрымі людзьмі, каб умелі паспачуваць чалавеку і прыйсці яму на дапамогу. Так вучылі калісьці нас бацькі, сціплыя сельскія працаўнікі, — у адзін голас сказалі Алёна Віктараўна і Віктар Іванавіч. – Мы не ведаем, які шлях у жыцці яны выберуць, будуць гараджанамі ці сельскімі жыхарамі. Важна, каб яны былі шчаслівымі і дзяліліся гэтым шчасцем з другімі.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *