У рамках праекта “ШАГ” у Кальчунскай школе прайшоў урок па тэме “Ёсць у кожнай перамозе тваёй і маёй вясна сорак пятага года”

Общество

 

Па традыцыі напрыканцы месяца ў Кальчунскай сярэдняй школе прайшоў адзіны дзень інфармавання ў рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”. Праходзяць такія мерапрыемствы ў фармаце цікавых сустрэч са знакамітымі людзьмі,  выпускнікамі школы. 23 красавіка школу наведала карэспандэнт газеты “Ашмянскі веснік” Інга Гіз. Разам з навучэнцамі 8-9 класаў абмеркавалі пытанні жыцця краіны, планаў на будучыню сучаснай моладзі. Навучэнцы атрымалі адказы на хвалюючыя іх пытанні.

Тэматыка ШАГа  — “Ёсць у кожнай перамозе тваёй і маёй вясна сорак пятага года”. Чаму так важна, каб над намі было мірнае сонечнае неба? Што такое вайна? І як здабывалася Перамога? На гэтыя пытанні ўдзельнікі сустрэчы разам шукалі адказы і разам разважалі.

Па словах Інгі,  мінулае ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэтае мінулае — вайна. Нават калі ты сам не перажыў яе, а ведаеш пра той мужны і суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў родных і блізкіх людзей, ветэранаў. Памяць вайны — гэта боль перажытага народам за доўгія 1418 дзён. Гэта страты і ахвяры, гераічная барацьба не на жыццё, а на смерць, цяжкія дарогі выпрабаванняў. Вайна зламала лёсы мільёнаў людзей. Гэта трагедыя закранула кожнага беларуса. Пазбавіла звычайнага чалавечага шчасця: сям’і, сяброў, любімай працы. Вайна прымусіла забываць і цярпець невыносныя пакуты у канцлагерах, блакадах, на франтах і ў тыле. У вайны трагічная статыстыка. I пра гэта трэба ведаць і памятаць. I калі б сёння па кожным загінулым аб’явілі хвіліну маўчання, краіна маўчала б 32 гады. Жыццё працягваецца. Нельга знішчыць, пусціць дымам усё жывое. Трэба заўсёды помніць, якой цаной здабыта Перамога.

Сустрэча ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта не абмяжоўвалася толькі заяўленай тэмай. Разам са старшакласнікамі карэспандэнт газеты, выпускніца нашай школы абмеркавала шырокае кола пытанняў. Падзялілася думкамі наконт правільнага выбару прафесіі, арганізацыі вольнага часу падлеткаў. Такія сустрэчы, безумоўна, карысныя для моладзі — нашай будучыні, а ў новым фармаце яны больш цікавыя і запамінальныя. Па водгуках вучняў гэтая сустрэча пакінула сапраўды вялікія ўражанні.

 

Наталля Аўсюкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кальчунскай СШ.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *