Калектыўны дзень адпачынку прайшоў у Кракоўцы

События

Выдатнай на падзеі выдалася мінулая субота. Сваё прафесійнае свята адзначылі бібліятэкары, цікавае мерапрыемства адбылося на базе адпачынку будаўнікоў «Вячкойні», аматары музыкі сустракалі ў гарадскім парку гурт «Цвет алоэ». Але толькі свята, што ладзілася ў Кракоўцы, сабрала людзей розных узростаў, прафесій і захапленняў, бо іх аб’ядноўвае штосьці большае ‑ любоў да свайго роднага куточка.

На запрашальныя гукі музыкі з розных канцоў аграгарадка спяшаліся жыхары: спачатку маленькія, а потым, адклаўшы штодзённыя клопаты, ‑ дарослыя і пажылыя. Значная частка моладзі, самі разумееце, з’явілася на апошнюю частку праграмы ‑ дыскатэку. Нягледзячы на гэта, дзякуючы намаганням работнікаў мясцовага Дома культуры, дзецям, якія прымалі ўдзел у святочным канцэрце, іх бацькам, а таксама бабулям і дзядулям Дзень калектыўнага адпачынку атрымаўся.

Шчырасць вядучых Жанны Паўлоўскай і Мікалая Свірбутовіча, юных выканаўцаў Настассі Навакоўскай, Вікторыі Люткоўскай, Ганны Каткоўскай перадавалася прысутным. Адныя ахвотна падхоплівалі знаёмыя мелодыі, другія ‑ кружыліся ў танцы. Гэтае свята, не менш, чым дарослым, патрэбна менавіта ім, дзецям. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем і адначасова нецярплівасцю чакалі свайго выхаду на сцэну самыя маленькія артысты. Яны прыйшлі, каб павіншаваць свайго бібліятэкара ‑ Алену Іванаўну Буйніцкую. Добрым настроем з кракоўцамі дзяліліся таксама ўдзельнікі танцавальнага калектыву пры Доме культуры, ансамбль «Жытніца», артысты Ашмянскага раёна.

Гасцінна сустрэлі ў аграгарадку не толькі вядомых тут выканаўцаў, але і студэнтаў Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, якія пазнаёмілі са сваёй установай адукацыі і вытрымалі сапраўдны творчы экзамен: каля гадзіны радавалі вяскоўцаў музычнымі падарункамі. Павіншаваць кракоўцаў са святам прыехалі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання Наталля Генадзьеўна Кучынская і яе давераная асоба дырэктар СШ № 1 г. Ашмяны Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі. Наталля Генадзьеўна падзякавала жыхарам за актыўную жыццёвую пазіцыю, папрасіла не адступаць ад яе і прыняць удзел у выбарах.


Добры канцэрт змяніла цікавая гульнявая праграма Валянціны Горыд, у якой гумарам, знаходлівасцю і спрытам змаглі памерацца і дзеці, і дарослыя. Якое ж свята без традыцыйных дзіцячых ласункаў і забаў! Маленькія кракоўцы змаглі пакаштаваць салодкай ваты, попкорна, ледзяшоў, а таксама набыць маскі казачных герояў і іншыя святочныя атрыбуты.

Не забыліся арганізатары Дню адпачынку і пра ўдзельнікаў акцыі «А вам слабо?» — маладых людзей, якія ачысцілі ад бруду сажалку, высеклі сухія дрэвы і хмызняк. Словы падзякі прагучалі ў адрас Івана Дзярнейкі, Барыса Шанцілы, Рамана Аўсюкевіча, Юрыя Калтушэвіча, Андрэя Гарлуковіча.

Самай вялікай узнагародай арганізатарам мерапрыемства за падоранае свята сталі ўсмешкі, якімі шчодра дзяліліся ў гэты вечар жыхары Кракоўкі.

Людміла КОЗЕЛ.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *