На планёрцы ў райвыканкаме: бяспека ў домаўладаннях грамадзян, работы па добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы і месячнік па навядзенні парадку

События

 

Увага бяспецы

Вясна дазваляе з палёгкай уздыхнуць тым, хто ў асенне-зімовы перыяд топіць печкі — вымушаны не толькі штодня насіць дровы і брыкет, але і сачыць за спраўнасцю галоўнага ацяпляльнага агрэгата.

Аслабляць увагу за бяспекай у домаўладаннях грамадзян, упэўнены аглядныя камісіі, рана. Акрамя парушэнняў правіл эксплуатацыі печаў, пільнае вока камісіі выяўляе і іншыя недахопы: няспраўнасць электраправодкі, адсутнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, размяшчэнне спальных месцаў у адным пакоі з газавым балонам… Зразумела, што пазбегнуць няшчаснага выпадка гаспадары могуць, толькі прыслухаўшыся да парады камісіі і выканаўшы яе прадпісанні.

У першую чаргу аглядныя камісіі наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў — тыя катэгорыі насельніцтва, якія патрабуюць асаблівай увагі. Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Горбач, за тры месяцы ў раёне абследавана больш за 4 тысячы домаўладанняў, што на 37 адсоткаў больш, чым на аналагічны перыяд мінулага года.

Разам з тым, падкрэсліў старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, не ўсе камісіі справіліся з даручэннем — па-за іх увагай засталася частка так званых катэгарыраваных грамадзян.

Памяць нашчадкаў

На тэрыторыі Ашмянскага раёна знаходзіцца 15 воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяраў вайны, 16 помнікаў, 9 абеліскаў, 4 курганы і 2 стэлы.

— У 2020 годзе была праведзена замена двух помнікаў — помніка воінам-вызваліцелям у аграгарадку Кракоўка і стэлы на месцы знішчэння яўрэйскага насельніцтва ва ўрочышчы Бартэлі, — нагадала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч. — Акрамя таго, добраўпарадкаваны 2 пахаванні замежных грамадзян Першай сусветнай вайны — у аграгарадку Гальшаны і на могілках па вуліцы Аўдзеева ў райцэнтры.

Сучасны выгляд дзякуючы маштабнаму праекту набыла і брацкая магіла ў гарадскім парку. Работы па добраўпарадкаванні месцаў воінскай славы вядуцца штогод. На нарадзе Кацярына Астрамовіч пазнаёміла прысутных з відамі работ, якія патрабуецца выканаць сёлета. У пераважнасці гэта ўборка лісця, тынкоўка, афарбоўка, замена тратуарнай пліткі. Да 1 мая помнікі павінны набыць абноўлены выгляд. У кароткі тэрмін даручана правесці добраўпарадкаванне і на магіле камандзіра партызанскай брыгады імя Будзённага Васіля Аляксеевіча Чаркасава.

На перспектыву кіраўнік раёна Уладзіслаў Гершгорын даручыў вызначыцца з аб’ёмам работ, якія патрэбна правесці па замене помнікаў у вёсцы Семернікі і ля Ашмянскага аддзела Дэпартамента аховы. Бо, як заўважыў Уладзіслаў Уладзіміравіч, захаванне памяці аб тых, хто цаной свайго жыцця падараваў нам мірнае неба, — адно з самых галоўных пытанняў.

На кантролі

У рамках месячніка па навядзенні парадку належыць плённа папрацаваць. Кіраўнікам дарожных службаў даручана сканцэнтраваць сілы на грэйдзіраванні дарог з гравійным пакрыццём, у першую чаргу тых, па якіх ажыццяўляецца падвоз дзяцей, а таксама на ўтрыманні палос адводу, прывядзенні ў належны стан дарожных знакаў.

Старшыні сельвыканкамаў, падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Клышэўскі, павінны прынцыпова адносіцца да стану дарог, побач з якімі вядзецца лесанарыхтоўка.

Галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Юрый Ларыёнаў засяродзіў увагу на выніках маніторынгу, які рэгулярна праводзіцца ў тарговых аб’ектах: на жаль, ашмянцаў усё часцей можна сустрэць без маскі. Між тым, яна, як і антысептычныя сродкі, дыстанцыя, па-ранейшаму застаюцца важнымі пры памяншэнні рызыкі захворванняў COVID-19.

Людміла РЫБІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *