У Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча пачала працаваць выстава “Блізкае і далёкае”

Культура

 

Пад такой назвай у Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф. Багушэвіча пачала працаваць выстава, якая прадстаўлена ў незвычайным для музейнай справы фармаце.

— Адзін з водгукаў на выставу мне добра запомніўся, наведвальнік сказаў: “Стала бачна, што ў музеі жывуць не толькі рэчы, але і людзі”, — падзялілася падчас адкрыцця экспазіцыі Алена Жасткова, дырэктар музея. — Напэўна, менавіта гэтыя словы і характарызуюць нашу новую выставу.

Выстава разбіта на тры тэматычныя зоны: панскую, савецкую, ваенную. Гэтыя перыяды па часе адышлі дастаткова далёка, але ўсе прадметы знаёмыя, ад таго і блізкія, таму і назва экспазіцыі такая. На выставе вы не пабачыце падпісаных прадметаў: падпісаць, у думках, іх павінен сам глядач, адштурхваючыся ад асабістых успамінаў і асацыяцый, а калі ўзнікаюць пытанні, то заўсёды можна звярнуцца да музейнага работніка.

Панская тэма — самая “музейная”.  XVII-XVIII стст. — час, калі ў кожнай сядзібе знаходзіць сваё месца галерэя ці кабінет — расквітае эпоха калекцый. З часам колькасць экспанатаў у такіх хатніх галерэях павялічвалася і яны станавіліся публічнымі. Рэчы, якія там выстаўляліся, неслі ў сабе мэту выклікаць зайздрасць у гасцей дома. Прадметы вельмі каштоўныя і арыгінальныя адразу звярталі на сябе ўвагу. Посуд, з якога не ядуць — яго экспануюць, лялькі — з імі не гуляюца, імі любуюцца, люстэрка — не каб у яго глядзецца, а каб на яго глядзець. Адмыслова выглядае і мэбля, і прадметы щтылітарнага характару – яны створаны для таго, каб імі захапляцца, а не выкарыстоўваць па прамым прызначэнні.

Другая частка выставы адлюстрощвае вельми спрэчную эпоху — савецкую, але кожны наведвальнік скажа, што яна для нас вельмі блізкая. У стварэнні гэтай часткі экспазіцыі ўдзел прымалі непасрэдна супрацоўнікі музея і неабыякавыя людзі, якія прынеслі асабістыя рэчы. Іх мы бачылі ў доме нашых бацькоў і бабуль з дзядулямі: прадметы мэблі і інтэр’еру, посуд і цацкі.

Трэцяя частка экспазіцыі прысвечана Вялікай Айчыннай вайне. Па левым баку ад уваходу ў залу знайшлі сваё месца карты, таблічкі з прозвішчамі загінулых падчас ваенных дзеянняў, фотаздымкі і асабістыя рэчы салдат. Ваенны куток экспазіцыі – адзін з трох, які створаны не для пазітыўных эмоцый і усмешак, – ён прапітаны слязьмі, болем і крывёй, таму менавіта на гэтай частцы падчас экскурсіі навуковы супрацоўнік музея затрымала гледачоў даўжэй за ўсё.

Тры экспазіцыі ў адной выставе — такія розныя і непадобныя адна на адну, але іх адзінства ў тым, што яны выклікаюць у наведвальнікаў музея — гэта эмоцыі і ўспаміны. Светлыя і радасныя, балючыя і сумныя, але пачуцці адгукаюцца ў сэрцы кожнага. І гэта тое, дзеля чаго выстава стваралася.

Інга ГІЗ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *