Весткі з Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў

Культура

 

Вясна – час новых адкрыццяў і перамог, час здзяйснення запаветных мар і чарговы крок у самапазнанні і развіцці. Сёлетні сакавік прынёс нямала крокаў-перамог вучням і настаўнікам Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў.

У гэтыя веснавыя дні віншаванні прымала настаўніца школы па класе баяна Іна Мікалаеўна Гайдукевіч, якая шмат год дзеліцца сваімі творчымі здабыткамі з дапытлівымі вучнямі і маладымі калегамі. Яе выхаванцы не раз станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Сама настаўніца актыўна праяўляе свае здольнасці ў намінацыі «мастацкае слова». Яе перамогі – стымул развівацца і яе вучням. Па выніках працы за мінулы год прозвішча Іны Мікалаеўны занесена на раённую Дошку гонару.

У канцэртнай зале Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа прайшоў абласны адкрыты конкурс маладых выканаўцаў на баяне і акардэоне «Юны віртуоз». Гальшанскую дзіцячую музычную школу ў намінацыі “баян” на гэтым творчым фестывалі прадстаўлялі вучаніца Наталлі Канстанцінаўны Каспяровіч Анастасія Казлоўская і Ангеліна Ляўкоўская, якая асвойвае ігру на баяне ў Іны Мікалаеўны Гайдукевіч. Па рашэнні журы Анастасія ўзнагароджана дыпломам лаўрэата III ступені. Граматай за высокае прафесійнае майстэрства адзначана яе настаўніца.

Анастасія Казлоўская

Чарговую перамогу вучаніцы школы Паліне Высоцкай, якая займаецца ў класах аграгарадка Баруны, прынёс творчы інтэрнэт-праект «Пакары вяршыню”. У намінацыі “інструментальны жанр” таленавітая цымбалістка адзначана дыпломам лаўрэата III ступені. Займаецца дзяўчынка ў Галіны Ігараўны Каралевіч, канцэртмайстар Наталля Генадзьеўна Ёрш.

Важкую ўзнагароду ў скарбонку школы прынёс Антон Грынюк, вучань класа выяўленчага мастацтва. Ён стаў пераможцам міжнароднага конкурсу юных талентаў «Зоркі арэны».

Антон узнагароджаны дыпломам лаўрэата I ступені. Падзячным пісьмом адзначана яго настаўніца Наталля Генадзеўна Багдановіч.

Чарговым крокам развіваць свае здольнасці стаў для вучняў школы Міжнародны дыстанцыйны шматжанравы патрыятычны конкурс “Мая Айчына”. Вучаніца Галіны Ігараўны Каралевіч Кіра Дубіцкая стала лаўрэатам I ступені. Дыпломы лаўрэата III ступені заваявалі Ангеліна Ягела (настаўнік Наталля Генадзьеўна Ёрш) і Павел Высоцкі (настаўнік Павел Іосіфавіч Дыско).

Аліна БЕЛІЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *