З надвор’ем заадно: прафесійнае свята адзначаюць работнікі гідраметэаралагічнай службы

Instagram Общество

 

У сакавіку адзначаюць прафесійнае свята работнікі гідраметэаралагічнай службы. Разам з імі і невялікі, усяго толькі з шасці чалавек, калектыў Ашмянскай метэастанцыі. Гэта арганізацыя размяшчаецца ва ўтульным і кампактным будынку па вуліцы Якуба Коласа, 5, на самай горцы, побач са старой трасай на Астравец. Напэўна, нават не ўсе ашмянцы ведаюць, што тут кругласутачна, не зважаючы на выхадныя і святочныя дні, бесперапынна на працягу амаль 60-ці год вядуцца метэаралагічныя назіранні, а сама станцыя ўваходзіць у Сусветную метэаралагічную арганізацыю, для якой інфармацыя з Ашмян мае важнае значэнне.

Для мяне наша метэастанцыя – аб’ект загадкавы і таямнічы. Тут мне цікава ўсё. Хаця самі работнікі і іх кіраўнік Наталля Уладзіміраўна Більмон на маё захапленне рэагуюць з усмешкай. Выконваючы штодня свае абавязкі, яны ўжо нават і не задумваюцца аб значнасці і важнасці сваёй працы, а тым больш аб тым, як і з якой перыядычнасцю перадаюцца тэлеграмы і справаздачы ў Гроднааблгідрамет. Усе працэсы тут даведзены да аўтаматызму. І нават калі часам дае збой электроніка, паказанні ўсё роўна перадаюцца ў адведзены тэрмін: з дапамогай факса ці па тэлефоне.

Метэаралагічная станцыя невыпадкова знаходзіцца наводшыбе і на адным з самых высокіх месцаў у горадзе. З 1962 года нязменнай застаецца і пляцоўка, якая размяшчаецца за адміністрацыйным будынкам. Нягледзячы на тое, што ў бліжэйшым акружэнні выраслі будынкі пажарнай часці, раённага аддзела ўнутраных спраў, карпусы завода “Радыётэхніка”, з’явілася густая прыватная забудова, на паказанні прыбораў яны не ўплываюць, бо размяшчаюцца ніжэй узроўню метэапляцоўкі.

Метэаралагічныя назіранні ў Ашмянах вядуцца ўжо больш за 110 год. Інжынер-аграметэаролаг Павел Кураловіч, вялікі аматар гісторыі і краязнаўства, адшукаў звесткі аб існаванні метэастанцыі ў Ашмянах ў летапісах Галоўнай геафізічнай абсерваторыі канца XIX–пачатку ХХ стагоддзяў. Метэаралагічная станцыя ў Ашмянах упамінаецца ў гэтым дакуменце ўпершыню ў 1909 годзе. На той час тут вялі назіранні за атмасфернымі ападкамі, навальніцамі, снежным покрывам, паводкай і замярзаннем вадаёмаў.

Пачынаючы з 29 верасня 1962 года метэаралагічная станцыя ў Ашмянах свайго адраса не мяняла. Зыходзячы з назіранняў, якія праводзяць ашмянскія метэаролагі, яна адносіцца да другога разраду. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што гэта адна з нямногіх арганізацый, дзе практычна не існуе цякучасці кадраў. Усе, хто сюды прыходзіць, працуюць на адным месцы ажно да пенсіі.

Больш за дваццаць год кіруе метэастанцыяй пасля заканчэння Ленінградскага метэаралагічнага інстытута Наталля Більмон. 36 год звязваюць з метэастанцыяй Алену Фалевіч. Перакінуўся за 30 год стаж работы ў гэтай арганізацыі Наталлі Ромаш. Шмат год вядзе назіранні тэхнік-метэаролаг Рэгіна Пясецкая. Сярод маладых супрацоўнікаў — Аксана Доўнар і Павел Кураловіч.

Павел Францавіч прыйшоў працаваць на метэастанцыю чатыры гады назад. За яго плячыма геафак БДУ, служба ў арміі, праца настаўнікам геаграфіі ў адной з сельскіх школ Смаргонскага раёна. У першай гарадской школе Ашмян, дзе ён вучыўся, геаграфія была любімым прадметам. Ён не раз удзельнічаў у алімпіядах як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню. За паспяховае авалоданне прадметам у свой час Павел быў удастоены абласной прэміі імя Аляксандра Дубко па падтрымцы таленавітай моладзі рэгіёна. Поспехі ў алімпіядным руху сталі падставай для пэўных ільгот пры паступленні на геафак. Падчас вучобы ва ўніверсітэце Павел менш за ўсё думаў аб размеркаванні ў школу. Аднак менавіта так і атрымалася. Да гэтага часу хлопец не можа зразумець, ці быў ён патрэбен той школе, бо маладога спецыяліста “дагружалі” факультатывамі і заняткамі па інтарэсах і нават прапанавалі весці біялогію, каб атрымалася стаўка. Павел Францавіч хутка зразумеў, што школа – гэта не яго канёк, таму пасля таго, як аддаў свой доўг Радзіме, назад у педагогіку ўжо не вярнуўся.

Павел працуе на Ашмянскай метэастанцыі аграметэаролагам. Гэта адзін з самых адказных і цяжкіх у фізічным плане ўчасткаў метэаслужбы, бо часам на сабе прыходзіцца “цягнуць” нялёгкія інструменты больш за кіламетр, каб дабрацца да поля з азімінай.

— Які сёлета плануецца ўраджай? — пытаюся ў спецыяліста, які ведае пра стан раслін, напэўна, больш за агранома сельгаспадаркі, і атрымліваю дакладную раскладку зімоўкі па кожным месяцы: якой вышыні быў снежны покрыў, як тэмпература глебы адбілася на стане пасеваў, як паўплывае на расліны працэс хуткага раставання снегу…

Збор звестак у зімовы перыяд метэаролаг праводзіць кожную пяцідзенку з падрабязнай справаздачай у канцы месяца. Яго даследаванні вельмі важныя для функцыянавання і развіцця сельскагаспадарчай галіны. Летам назіранні праводзяцца па другім прынцыпе, з іншымі тэрмінамі збору і падачы інфармацыі ў вышэйшую інстанцыю.

Многія замеры на метэастанцыі зараз аўтаматызаваны і не патрабуюць удзелу чалавека. Як паведаміў Павел, у Гродзенскай вобласці ёсць дзве метэастанцыі, якія працуюць без людзей. У апошнія гады аўтаматызацыя працэсаў у метэаралогіі развіваецца вельмі актыўна. Летась на Ашмянскай метэастанцыі з’явіўся тэмпературны профілемер, прызначаны для назіранняў за тэмпературай па пластах паветра на вышыні ад 50 да 1000 метраў.

У Ашмянах уведзена ў эксплуатацыю аўтаматызаваная метэаралагічная сістэма MAWS, якая прадстаўляе сабой кампактную метэастанцыю для вядзення назіранняў у кругласутачным рэжыме. Метэаролагу нават і на вуліцу выходзіць не трэба, бо прыём і апрацоўка рэзультатаў вымярэння метэаралагічных велічынь, архівацыя і фарміраванне справаздач адбываецца з дапамогай электронікі. Сістэма нават дазваляе зрабіць выбарку дадзеных за пэўны перыяд часу.

Уся інфармацыя выводзіцца на манітор камп’ютара. Разам з тым няма нічога надзейнейшага за чалавека. Вось і на метэаралагічнай пляцоўцы разам з электронным тэрмометрам, які апрацоўвае дадзеныя ў аўтаматычным рэжыме, ляжаць побач тры звычайныя. Аўтаматыка можа выйсці са строю, а метэаролаг на гэта права не мае.

Калі мы сустрэліся з Паўлам, ён адпраўляўся ў адпачынак. У летнюю пару водпуск атрымаць аграметэаролагу практычна немагчыма. У гэты час для яго, як і для аграрыяў, таксама гарачая пара. На пытанне, чым будзе займацца ў водпуску, Павел, не задумваючыся адказаў, што краязнаўствам. Гэтай рабоце, дарэчы, ён аддае ўвесь свой вольны час. Цікавасць выклікае ў яго інфармацыя пра генеалогію свайго роду. Даследчык ужо “дабраўся” да сёмага калена сваіх продкаў. Шмат інфармацыі сабраў пра адну з самых значных, на думку Паўла, асоб нашага горада – Лейбу Стругача. На прасторах інтэрнэта ён пазнаёміўся з унучкай уладальніка дражджавога завода. Так што мы маем спадзяванне атрымаць новыя звесткі пра гэту асобу ў сацыяльных сетках і блогу «Ашмяны», які вядзе Павел.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *