Пра крылатых гусараў даведайцеся ў Ашмянскім краязнаўчым музеі

Общество

 

Ашмянскі краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча, нягледзячы на пандэмію, якая прыпыніла актыўнасць наведвальнікаў, працягвае здзіўляць і прывабліваць. Топавыя экспанаты музея і трафеі з прыватнай калекцыі Канстанціна Дземідовіча ляглі ў аснову зладжанай тут на днях выставы пад назвай “А дзе тыя ваяры?”.

На выставе прадстаўлена вайсковая вопратка ад часоў Вялікага Княства Літоўскага да Другой сусветнай вайны, якую апраналі на нашых землях ваяры з ХІІІ па ХХ стагоддзі.

Як адзначыла захавальніца фондаў музея Таццяна Кіркоўская, зброя і ваеннае абмундзіраванне складаюць 182 адзінкі асноўнага фонду музея і 47 — навукова- дапаможнага, што ўяўляе сабой толькі паўтара працэнта ад усяго музейнага скарба. Аднак гэтыя прадметы заўсёды запатрабаваныя.

Сярод артэфактаў заслугоўвае ўвагі ўнікальная кальчуга XVI стагоддзя. Да нас яна трапіла з Гродзенскага музея. Экспанат, па словах дырэктара музея Алены Жастковай, быў перададзены ў “баявым” стане і патрабаваў рэстаўрацыі, так як у ім адсутнічаў рукаў, быў пашкоджаны каўнер, страчаны цэлыя фрагменты металічных кольцаў. Пасля рэстаўрацыі і рэканструкцыі ён гатовы да экспанавання.

Зацікавяць наведвальнікаў шлем і наплечнік XVII стагоддзя і кіраса XVIIІ стагоддзя. На выставе прадстаўлена серыя літаграфій царскай эпохі з выявай афіцэраў і радавых Гродзенскага гусарскага палка, у якім, дарэчы служыў Лермантаў.

Значную частку экспанаваных на выставе прадметаў складае вайсковая вопратка з калекцыі Канстанціна Дземідовіча, які “абазначыў” сябе нашым земляком, так як нарадзіўся ў Ашмянскім павеце. Ураджэнец суседняга з намі Смаргонскага раёна зацікавіўся рэканструкцыяй з дваццаці год.

— Яшчэ ў двухтысячныя я захапіўся рыцарствам. Пасля была кавалерыя. Я навучыўся сядзець у сядле, валодаць пікай і шабляй. Затым мой інтарэс перакінуўся на часы Першай сусветнай вайны. Так ў маіх шафах сабралася вялікая колькасць мундзіраў і іншай вайсковай вопраткі. Задаўшы сабе пытанне: “А што ж будзе далей?”, я рашыў падзяліцца гэтымі набыткамі са сваімі землякамі, такім чынам паказаць, кім былі нашы продкі.

Канстанцін прапанаваў гасцям выставы невялікую экскурсію, падчас якой распавёў гісторыю нашай зямлі, пачынаючы Нальшанскім княствам і яго слаўным князем Даўмонтам і заканчваючы падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Змястоўны аповед пра вайсковае абмундзіраванне і рыштунак суправаджаўся яркімі прыкладамі гераізму нашых продкаў. Найбольшае ўражанне наведвальнікі атрымалі ад выгляду ўніформы крылатых гусараў, так званай цяжкай кавалерыі, якую называлі яшчэ анёламі смерці. Элітная кавалерыя Рэчы Паспалітай абрасла шматлікімі легендамі і праславілася перамогамі пад Кірхгольмам, Клушына, Хоцінам, Венай. Сапраўдную кірасу крылатага гусара, якая засцерагала яго падчас бітваў, можна было нават пакратаць рукамі.

Мундзір 18 уланскага палка — гонару і годнасці апошняй арміі Вялікага Княства Літоўскага, мундзір 9 сапёрнага батальёна, які доблесна змагаўся падчас Першай сусветнай вайны; патронная сумка і гінасцёрка байца Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ўзору 1943 года…

Напачатку экскурсіі Канстанцін Дземідовіч задаў пытанне, ці толькі “мужыком, дурным мужыком” быў наш беларус, якія яго звычайна прадстаўлялі. Напрыканцы змястоўнага экскурсу стала зразумела, што гэта зусім не так. Багатая гісторыя беларускай зямлі сцвярджае, што нашы продкі былі і адмысловымі палкаводцамі, і мужнымі вайскоўцамі, сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Каб насамрэч у гэтым упэўніцца, трэба вывучаць гісторыю. Дапаможа ў гэтым і наш краязнаўчы музей. Дарэчы, выстава “А дзе тыя ваяры?” будзе працаваць на працягу трох тыдняў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *