Тое, што нас аб’ядноўвае, — мова

Год народного единства Культура

 

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. На нашай планеце, не паверыце, існуе каля сямі тысяч (!) моў. Між тым чалавецтва пастаянна сутыкаецца з праблемай знікнення моў з твару Зямлі. А гэта страта не толькі для носьбітаў, але і для ўсяго грамадства, таму што страчваецца багаты пласт культуры, які фарміраваўся тысячагоддзямі.

З усіх моў на зямным шары не больш за 400 адносіцца да высокаразвітых. І што вельмі значна, у першую сотню ўваходзіць і наша – беларуская, якая займае пачэснае месца і сярод славянскіх моў, і на лінгвістычнай карце свету. Нягледзячы на гэта, зусім нядаўна ў “Міжнародным атласе моў” яна была занесена ў групу, дзе знаходзяцца мовы, якія рызыкуюць знікнуць.

А гэта сведчанне таго, што праблема з роднай мовай усё-такі ёсць. І яна існуе не ў плане развіцця яе сістэмы, а ў плане становішча ў сучасным грамадстве і запатрабаванасці як рэальнага сродку зносін. І калі мы не будзем гэтага заўважаць, то можам страціць сваю гістарычную памяць, нацыянальную культуру і традыцыі. А гэта тое, што, па меркаванні навукоўца-філолага Аляксандра Лукашанца, дае нам падставу “застацца чалавекам сярод людзей і ганарыцца сваім месцам у той супольнасці, у якой Бог наканаваў нам жыць”.

Ірына Шанько з вучнямі 7 «Г» класа СШ № 2

Аднак давайце разбірацца, ці насамрэч становішча матчынай мовы такое хісткае. Нягледзячы на тое, што беларуская мова часам сімвалічна прысутнічае ў афіцыйным ужытку, яна рэальна запатрабаваная ў іншых сегментах чалавечых зносін. Мова пастаянна дэманструе сваю жыццяздольнасць. Перш за ўсё, гэта інтэрнэт-камунікацыі, што можа пацвердзіць на ўласным прыкладзе маладое пакаленне. Па-другое, беларуская літаратурная мова пранікае туды, дзе яе абсалютна не было гадоў дваццаць таму, — у сферу набажэнства. Родная мова гучыць і ў каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве. А гэта значыць, што яна патрэбная як элемент духоўнага жыцця нашага грамадства.

Гаварыць на мове становіцца модна. Паглядзіце, з якім гонарам размаўляе па-беларуску моладзь, асабліва ў вялікіх гарадах! Сёння беларуская мова на самай справе ў трэндзе. Калі яшчэ нядаўна родная мова была прэрагатывай настаўнікаў-філолагаў і вузкага кола інтэлігенцыі, то цяпер яе важнасць асэнсоўвае значна большая колькасць беларусаў.

Давайце возьмем вынікі апошняга перапісу насельніцтва нашай краіны, які адбыўся напрыканцы 2019 года. Паводле перапісу беларускую мову лічаць роднай як мінімум 61,2 працэнта беларусаў (па звестках Белстату, гэта 4893139 чалавек). 22018 ашмянцаў назвалі матчыну мову роднай, у тым ліку 16245 чалавек выкарыстоўваюць яе ў якасці размоўнай. Рускую ж мову назвалі сваёй 8070 жыхароў раёна. 14367 чалавек адзначылі, што размаўляюць на ёй дома. У мінулым годзе падобную апытанку ў сацыяльных сетках правяла і наша газета. Што высветлілася? У абмеркаванні прынялі ўдзел 489 чалавек, 59 працэнтаў (275 чалавек) з якіх “прагаласавалі” за родную мову — беларускую. Між тым 16 рэспандэнтаў не прызналі ў якасці роднай ні тую, ні гэтую.

Ірына Шанько з вучнямі 7 «Г» класа СШ № 2

Але ж усе мы пагодзімся з тым, што мова гучыць у нашых установах і ў грамадскіх месцах не так часта, як хацелася б. Нават у беларускамоўных школах, якіх у нашым раёне дзесяць (усе ўстановы адукацыі знаходзяцца ў сельскай мясцовасці), вучні пры сустрэчы часцей прамаўляюць звыклае “здрасце” замест “добры дзень”. Пры гэтым у горадзе ў нас адкрыты толькі адзін беларускамоўны клас – у СШ № 2, дзе вучыцца 12 дзяцей. Як высветлілася падчас размовы з сямікласнікамі, усе яны пасля дзявятага класа пойдуць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А там, канешне ж, навучанне ажыццяўляецца на рускай мове, што створыць пэўныя перашкоды пры атрыманні ведаў. У вышэйшых навучальных установах навуку прыйдзецца спасцігаць таксама на другой дзяржаўнай мове, гэтак жа, як і ў профільных 10 і 11 класах. Ці не па гэтай прычыне ў вучняў і іх бацькоў фарміруецца ўстойлівае “нежаданне” ісці ў беларускамоўныя класы, якія, дарэчы, з-за гэтага ж не так і лёгка набраць? Адсутнасць паслядоўнасці і пераемнасці ў навучанні, пачынаючы ад дзіцячага садка і заканчваючы ВНУ, няўдалы вопыт мінулых гадоў прыводзяць да адмаўлення і іграюць не на карысць роднай мовы.

Палітычныя падзеі ў Беларусі апошняга часу яшчэ больш абвастрылі пытанне дзяржаўнага двухмоўя. Складваецца ўражанне, што беларуская мова выступае ў якасцi пэўнага палiтычнага маркера. З аднаго боку: калi чалавек гаворыць па-беларуску – ён нiбыта апазiцыянер (чытай – “змагар”), з другога: калі ты не размаўляеш на мове – ты не патрыёт. Як бачым, гэтыя перагібы яшчэ больш раз’ядноўваюць народ. А павінна быць наадварот, таму што мова — найбольш важны фактар яднання грамадства.

Нішто так добра не захоўвае родную мову, як кніжныя фонды. Але калі чытач думае на рускай мове, то і кнігу хутчэй за ўсё возьме на гэтай жа мове. Адсюль і несуцяшальныя вынікі кнігавыдачы за мінулы год па цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме раёна. З амаль што 250 тысяч кніг, якімі цікавіліся ашмянцы, толькі 35 тысяч – беларускамоўныя. Але радуе той факт, што практычна ў кожнай бібліятэчнай установе ёсць прыхільнікі кніг і літаратурна-мастацкіх часопісаў на роднай мове. Беларускамоўныя навінкі рэгулярна папаўняюць бібліятэчныя фонды і не ляжаць мёртвым грузам на паліцах. Работнікі бібліятэк актыўна прапагандуюць беларускую кнігу праз розныя формы мерапрыемстваў і запрашэнні ў госці беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў.

Выпраўленне моўнай сітуацыі — справа не аднаго дня. Яна не церпіць мітусні і прымусу. Усе мы добра ведаем, што загады не прыводзяць да станоўчых вынікаў. Патрэбны жаданне ўсяго грамадства і — цярпенне. Важна, што крокі ў гэтым напрамку робяцца, і трэба, каб яны пашыраліся.


Цікава ведаць

Даўней беларуская была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.

Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з`явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м, у Празе, доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

Аліна Санюк.

Фота Святланы Муцянскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *