Сацыяльны курс дзяржавы застанецца нязменным — дэлегат VI УНС

VI Всебелорусское народное собрание Общество

 

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Квяткевіч у мінулы чацвер пабываў у Барунскім вучэбна-педагагічным комплексе, дзе сустрэўся з вучнямі і настаўнікамі ўстановы адукацыі.

Сустрэча адбылася ў межах адзінага дня інфармавання насельніцтва, на абмеркаванне якога былі вынесены асноўныя вынікі і рашэнні VI Усебеларускага народнага сходу.

На думку Мікалая Квяткевіча, дэлегата народнага форума ад Ашмянскага раёна, сёлетняя дыялогавая пляцоўка, сабраўшая ў Мінску 2700 прадстаўнікоў ад усіх абласцей рэспублікі, мела свае асаблівасці. Сход прайшоў у нялёгкі для краіны час. Мінулы год прынёс іспыты каронавіруснай інфекцыяй і напружанай сітуацыяй у палітычным плане, якая склалася пасля выбараў Прэзідэнта. Гэты перыяд паказаў, што ў краіне наспела неабходнасць унясення паправак у Канстытуцыю і карэкціроўкі некаторых планаў. Галоўнае, што застаецца нязменным, – гэта сацыяльны курс дзяржавы, скіраваны на клопат пра кожнага чалавека, падкрэсліў Мікалай Квяткевіч.

У выступленні старшыні раённага Савета дэпутатаў акцэнт быў зроблены на трох момантах: міжнароднае становішча і месца нашай дзяржавы ў свеце, унутраная палітыка і змены, які нас чакаюць у бліжэйшы час. Што тычыцца пытанняў эканамічнага развіцця рэспублікі, адзначыў дэлегат сходу, то сёння працягваюць актыўна развівацца традыцыйныя галіны нашай прамысловасці: машынабудаўніцтва, дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка. У якасці яркага прыкладу Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што кожны трэці кар’ерны самазвал у свеце – гэта наш “БЕЛАЗ”. Наша краіна зяўляецца буйнейшым экспарцёрам сельскагаспадарчай прадукцыі. Вялікія планы ўскладзены на хімічную прамысловасць. У бліжэйшы час плануецца будаўніцтва сучаснага хімічнага завода па вытворчасці азотных угнаенняў Гродне. Сур’ёзныя планы ўскладаюцца сёння ў такім напрамку, як выкарыстанне электраэнергіі, якую будзе выпрацоўваць уведзеная ў строй Беларуская АЭС. Далейшае развіццё атрымаюць фармацэўтычная і біяхімічная прамысловасці. Перад спецыялістамі гэтай галіны стаіць задача асвоіць на беларускіх фармацэўтычных прадпрыемствах выпуск кітайскай і расійскай вакцыны, а затым наладзіць выпуск уласнай.

— Вядома, гэта задача не можа быць вырашана раптоўна, аднак навукоўцы вядуць сістэмную актыўную работу ў гэтым напрамку, — падкрэсліў Мікалай Квяткевіч. У працяг медыцынскай тэматыкі выступоўца звярнуў увагу на тое, што будучае сёння за высокатэхналагічнымі медыцынскімі цэнтрамі. Сучасны анкалагічны цэнтр будуецца зараз у абласным цэнтры. Зусім нядаўна ўзведзена бальніца ў Астраўцы, якая абслугоўвае насельніцтва і Ашмянскага раёна ў тым ліку. Такіх цэнтраў у краіне будзе некалькі.

Як і раней, галоўнымі стратэгічнымі партнёрамі для нашай краіны застануцца Расія і Кітай. Што датычыцца Кітая, то ў гэтым годзе ў Ашмянах плануецца будаўніцтва 30-кватэрнага сацыяльнага дома за сродкі гэтай краіны.

Мікалай Квяткевіч адзначыў, што беларусаў у гэтым годзе чакае рэферэндум, на якім будуць прыняты папраўкі ў Канстытуцыю. У любым выпадку наша краіна застанецца прэзідэнцкай рэспублікай, асноўная задача якой будзе заключацца ў захаванні міру і спакою для яе народа.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Квяткевіч уручыў білеты грамадскага аб’яднання БРСМ барунскім вучням Максіму Хілінскаму і Таццяне Нагель і пажадаў ім заўсёды мець актыўную жыццёвую пазіцыю, шанаваць свой край і праслаўляць яго добрымі справамі.

Аліна БЕЛІЦКАЯ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *