У Ашмянах прайшла дыялогавая пляцоўка па тэме «Прыярытэты ў працы з пажылымі людзьмі»

Диалоговая площадка Общество

 

Сёння людзі ва ўзросце зусім па-іншаму адносяцца і да свайго статусу, і да колькасці і якасці паслуг, гарантаваных ім дзяржавай, чым тыя, хто выходзіў на пенсію дзесяць – дваццаць год назад. Аднак праблемы, якія абмяркоўваліся на дыялогавай пляцоўцы ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, актуальнасці сваёй не губляюць.

Крыху больш за чвэрць жыхароў Ашмянскага раёна старэйшыя за працаздольны ўзрост, аднак яны не хочуць мірыцца са званнем “пажылы чалавек”, якое навязвае ім, пачынаючы з 60-гадовага ўзросту, Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Іх актыўная жыццёвая пазіцыя і досвед былі адзначаны і падчас дыялогу, у якім прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кацярына Астрамовіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіна Яшына і яе намеснік Марына Дзятловіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лілія Невяркевіч.

Важнейшым складнікам сістэмы сацыяльнай абароны ў нашай дзяржаве з’яўляецца пенсійнае забеспячэнне. Падрабязна на гэтай форме сацыяльнай падтрымкі спынілася ў сваім паведамленні Галіна Яшына, адзначыўшы, што на 1 студзеня 2021 года ў Ашмянскім раёне налічваецца 7981 атрымальнік пенсіі. Сярэдняя пенсія па стану на студзень бягучага года склала ў Ашмянскім раёне 457,31 рубля, што на 26,7 рубля больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. На выплату пенсіі ў 2020 годзе было патрачана 41600 тысяч рублёў. Літаральна па палічках расклала інфармацыю аб тым, з чаго складваецца памер налічанай пенсіі, Марына Дзятловіч. Безумоўна, не ўсіх ён сёння задавальняе, таму і была агучана прапанова пры вылічэнні індывідуальнага каэфіцыенту заробку для грамадзян, якія доўгі час працавалі ў нізкааплатных галінах, браць у разлік не сярэднюю зарплату па рэспубліцы, а сярэднюю – у дадзенай галіне. Было таксама прапанавана не абысці ўвагай падчас пенсійнай рэформы такі момант, як улік у стаж работы не толькі поўных гадоў, але і месяцаў, і дзён, што таксама станоўча адаб’ецца на памеры налічанай пенсіі.

Выхад на пенсію – гэта заўсёды пераломны момант у жыцці чалавека. Хтосьці ўспрымае гэтыя перамены досыць спакойна, у іншых пачынаецца “пенсійны стрэс”. Сёння сацыяльная палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб палепшыць якасць жыцця пажылых людзей і падрыхтаваць грамадства да дэмаграфічных змен, якія адбываюцца пастаянна. Таму рэгулярна пашыраецца спектр паслуг, прапануемых нашым жыхарам спецыялістамі Ашмянскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вядзецца маніторынг новых прапаноў, якія не ўваходзяць пакуль у зацверджаны спіс.

Аб новых формах работы з пажылымі людзьмі расказала Лілія Невяркевіч. Каб авалодаць камп’ютарнай граматай, атрымаць параду псіхолага, задаць пытанне медыцынскаму работніку, адчуць задавальненне ад заняткаў ёгай ці зладзіць сумесную дабрачынную акцыю, сёння трэба прыйсці ў аддзяленне для пажылых людзей, якое, дарэчы, збірае пад сваім крылом каля 80 чалавек пажылога ўзросту раёна. У сувязі з пандэміяй каранавірусу для засцярогі на дадзены момант гэта работа крыху прыпынена, таму наведвальнікі “Універсітэта даўгалецця” з нецярпеннем чакаюць спаду інфекцыі.

А што тычыцца пытання якасці жыцця, то Кацярына Астрамовіч пажадала людзям ва ўзросце не губляць аптымізму, знайсці для сябе любімы занятак, не адмаўляць фізічную актыўнасць і ўжываць у харчаванне ежу, вырашчаную на ўласным участку.

Падчас работы дыялогавай пляцоўкі акрамя прапаноў у пенсійную рэформу, былі закрануты пытанні актыўнага даўгалецця, санаторна-курортнага лячэння для людзей пенсійнага ўзросту, вакцынацыі ад COVID-19, якасці сацыяльных аплачваемых паслуг, а таксама жыллёва-камунальных, якія тычацца прыбірання прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў.

Самыя актуальныя з прапаноў, спадзяюцца ўдзельнікі сустрэчы, а гэта не толькі актывісты ветэранскага руху, але і іншыя жыхары Ашмяншчыны, якім неабыякава будучыня сваёй краіны, будуць абмеркаваны і на ўзроўні раёна, і на VI Усебеларускім народным сходзе.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *