“Іх след у гісторыі горада”. Лінія Гедыміна

680-летие г. Ошмяны Культура

 

Любоў да Радзімы, як вядома, пачынаецца з ведання гісторыі свайго народа – яго перамог і паражэнняў, здабыткаў і страт, помнікаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Але ж мы павінны памятаць, што гісторыю любой дзяржавы стваралі і ствараюць людзі. Менавіта ад іх дзеянняў залежыць будучае краіны, іх сем’яў, іх саміх.

Пачынаючы першы расповед сумеснага праекта “Іх след у гісторыі горада”, які прапануецца чытачам раённай газеты напярэдадні 680-годдзя Ашмян, хочацца выказаць адну цікавую думку, якая не раз застаўляла мяне задумацца: гісторыя адлічваецца ў адваротным накірунку – пачатак яе заўжды сённяшні дзень. Заўтра ён стане гісторыяй. Кожнае адлічанае імгненне становіцца гісторыяй: у ім нічога не змяніць, ні выправіць. Мабыць гэта добра ведалі людзі ў далёкім мінулым, бо тыя справы, якія яны пачалі ў свой час, актуальныя і для нас. Гэта я пра тых, хто закладваў фундамент дзяржаўнасці ў далёкім часе – з сярэдзіны ХІІІ да сярэдзіны ХIV ст. — і чые лёсы так ці інакш звязаны з гісторыяй нашай Ашмяншчыны.

Гедымін — Гравюра з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваньіні, 1578.

Ашмянская зямля ў тыя часы апынулася на раздарожжы падзей, якія спрыялі утварэнню Вялікага Княства Літоўскага. Я не буду аналізаваць яго гісторыю, гэта можа зрабіць кожны — яна выкладаецца ў падручніках, энцыклапедыях, навуковых працах. Мяне цікавяць у першую чаргу тыя, хто ўзяў на сябе адказнасць за лёсы сваіх народаў і дзяржаў, і як яны былі звязаны з маёй малой радзімай. Ужо чую ў адказ, што яны думалі ў першую чаргу аб сваіх амбіцыях і інтарэсах. Пагаджуся, але нягледзячы на гэта, яны не маглі не думаць і аб будучым сваіх дзяцей, унукаў і прапраўнукаў…

Вялікі князь Гедымін — адна з самых славутых постацей нашай гісторыі. Чалавек гэты шмат зрабіў для мірнага аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель у адзіную дзяржаву, якая стала ўрэшце адной з самых магутных у Еўропе. Адрозніваўся ён верацярпімасцю і дэмакратычнасцю, што было не вельмі ўласціва для тагачасных палітычных дзеячаў.

Пры вялікім князі Гедыміне (1316-1341) пачаўся імклівы тэрытарыяльны рост дзяржавы і яе ўмацаванне. Многія беларускія землі ўвайшлі у склад ВКЛ. Пры гэтым ён выкарыстоўваў не толькі ваенную сілу, але і дыпламатыю, і дынастычныя шлюбы. Гедымін не ўмешваўся ва ўнутраныя справы мясцовых князёў, але ўсё больш абпіраўся на сваіх стаўленікаў, якія верна яму служылі. Паступова пачала складвацца адзінаўладная цэнтралізаваная дзяржава. Гедымін першым пачаў называць сябе ўладаром не толькі ліцвінаў, а і русінаў, а свае ўладанні — каралеўствам ліцвінаў і русінаў. Ён бачыў сваю велізарную дзяржаву як спадчыннае ўладанне свайго роду.

Гедымін — A. Tarasievič, 1675

Да Гедыміна збудаванні пасяленняў Вялікага Княства Літоўскага былі драўлянымі, а дарогамі называлі звярыныя сцежкі. Пры ім упершыню з’яўляюцца каменныя будынкі, а дарогі пачынаюць расчышчаць і ўмацоўваць. Узводзіцца цэлы шэраг магутных умацаванняў для абароны ад набегаў тэўтонцаў. Палонных Гедымін не прадаваў на нявольніцкіх рынках, а загадаў выкарыстоўваць у якасці рабочых на будаўніцтве замкаў і дарог. У гэты ж час у Вялікім Княстве Літоўскім з’яўляюцца і запрошаныя майстры з гільдый ганзейскіх гарадоў: каменячосы, муляры, цесляры, чарапічных спраў майстры, а таксама гандляры, адукаваныя людзі з еўрапейскіх краін, што ў значнай ступені садзейнічала культурнаму росту дзяржавы. Пры двары ствараецца пасада — дойлід. На яе прызначаўся дасведчаны будаўнік, які ад імя вялікага князя наглядаў за ходам будаўніцтва на дзяржаўных аб’ектах.

Дзякуючы такім умовам у Вялікім Княстве Літоўскім і ствараецца першая абарончая лінія, якая складалася з умацаваных замкаў, так званая — «лінія Гедыміна». У яе ўваходзілі замкавыя збудаванні: у Крэве, Лідзе, Мсцібагаве (Мсцібава), Геранёнах, Гальшанах, Ашмянах, Мастах, Гродне, Ваўкавыску, Слоніме. Асноўнай мэтай магутнай абарончай лініі было прыкрыць землі ВКЛ ад нападаў з поўначы і захаду, бо менавіта адтуль у Вялікае Княства Літоўскае пранікалі тэўтонскія войскі. Замкі будаваліся рознага тыпу: самыя сучасныя і магутныя былі пабудаваны ў Лідзе і Крэве. Падобныя на іх, толькі з паменшаным перыметрам да 27 метраў і адной замкавай вежай вышынёю ў 14 метраў, збудавалі ў Мсцібаве, Мастах, Геранёнах. Ва ўсіх астатніх гарадах і мястэчках умацаванні заставаліся драўлянымі, але ўмацаваныя знізу вялікімі валунамі. І гэтая лінія абароны, як і мудрая палітыка самога князя, добра спрацавала. Са з’яўленнем сістэмы замкавай абароны крыжакі ўжо не маглі трымаць у аблозе замак некалькі тыдняў, так як праз суткі звычайна прыходзіла дапамога. Усе каштоўныя рэчы таксама звозіліся ў замкі, а рабаваць вёскі не было сэнсу, насельніцтва звычайна разбягалася па лясах або хавалася за высокімі сценамі. Эфектыўнасць усходніх набегаў для нямецкіх рыцараў сышла на нішто.

Усе замкі «лініі Гедыміна» паспяхова спраўляліся са сваёй роляй аж да канца ХVІ стагоддзя. Але з развіццём агнястрэльнай зброі яны пачалі развальвацца і патроху разбурацца. На месцы некаторых з іх былі пабудаваны новыя, а камбінаваныя каменна-драўляныя замкі ў Слоніме, Ваўкавыску, Ашмянах былі спалены падчас канфліктаў ХVІ — ХVІІ стагоддзяў.

Вялікі князь Гедымін за час свайго праўлення значна пашырае межы Вялікага княства, далучыўшы землі Віцебскага, Валынскага, Турава-Пінскага і іншых княстваў. Менавіта Гедымін лічыцца заснавальнікам новай сталіцы княства – Вільні, і ад яго пайшла дынастыя Гедымінавічаў, што пазней уладарыла не толькі на беларускіх і літоўскіх землях, але і ў Польшчы, Венгрыі і Чэхіі.

У 1341 годзе, як сцвярджае “Хроніка Літоўская і Жамойцкая”, паміраючы, вялікі Літоўскі князь Гедымін перадае ў спадчыну любімаму малодшаму сыну Яўнуту Вільно з прыгарадамі Вількамірам, Браславам і Ашмяною. Менавіта з гэтага года і бярэ свой адлік наш горад.

Яўнут — A. Tarasievič, 1675

Яўнут (1341-1345), чалавек міралюбівы і неагрэсіўны, паводле тастаменту Гедыміна, становіцца вялікім князем Літоўскім пасля яго смерці. Але ўжо ў 1345 годзе ён быў скінуты з пасады братамі Альгердам і Кейстутам, якія ўтварылі дуумвірат, у якім Альгерд атрымаў сталіцу дзяржавы Вільна і яе ўсходнюю палову (з Ашмяной, Лідай, Крэвам, Віцебшчынай і Меншчынай) і лічыўся вялікім князем Літоўскім, а Кейстут – заходнюю частку (Жамойць, беларускае Панямонне, Берасцейшчыну і Падляшша) з цэнтрам ў Троках і лічыўся суправіцелем. Разам браты вырашалі найважнейшыя задачы – абаранялі краіну ад крыжакоў, а таксама імкнуліся аб’яднаць славянскія землі пад сваёй уладай. Ваяры з ашмянскіх земляў актыўна ўдзельнічалі ў паходах як Альгерда, так і Кейстута, аб іх узвышэнні мы можам даведацца з летапісных крыніц. Дасягненні Альгерда і Кейстута значна павялічылі тэрыторыю ВКЛ, але і прывялі да пэўнай дэцэнтралізацыі.

Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе ў дзяржаве зноў пачалася барацьба за вялікакняжацкі прастол, нягледзячы на перадачу яго па тастаменту Ягайле. Аднавіліся братазабойныя войны, некаторыя землі пачалі адасабляцца ад ВКЛ. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Святлана ЧАРНЯК, навуковы супрацоўнік музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *