Самая нізкая тэмпература ў Ашмянах гэтай зімой была адзначана ў ноч на 18 студзеня

Общество

 

Надвор’е б’е рэкорды. Дзесяцігоддзе з 2011 па 2020 гады ўжо назвалі самым цёплым на Зямлі за ўсю гісторыю метэаназіранняў — з 1850 года. Мінулы год запомніўся нам тым, што на Беларусь наогул не прыйшла кліматычная зіма, а гэта значыць, што пераход праз нуль не адбыўся.

2020 год пабіў рэкорд 2019-га, стаўшы самым цёплым за ўвесь перыяд назіранняў у Беларусі, пачынаючы з 1881 года. Сярэднегадавая тэмпература склала +9,1 градуса (2019 год — 8,8 градуса) пры норме +6,7 градуса.

Сёлетні год пачаўся для беларусаў сапраўднай зімой. Аднак калі спачатку мы вельмі ўзрадаваліся снегу і прыгожай карцінцы за акном, то пасля не на жарт устрывожыліся маразамі.

Ці насамрэч яны ўжо такія вялікія для нашага рэгіёна, мы спыталі ў аграметэаролага Ашмянскай метэастанцыі Паўла Кураловіча.

— У гэтыя дні самая нізкая тэмпература ў Ашмянах была адзначана ў ноч на 18 студзеня — слупок тэрмометра апусціўся да мінус 24,5 градуса. Для зімы гэта нармальна. Бяда наша ў тым, што мы ўжо адвыклі ад такіх тэмператур, — заўважыў метэаролаг. – Для параўнання: 31 студзеня 1970 года на нашай станцыі была зафіксавана тэмпература мінус 31,8 градуса. Сцюдзёна было і ў 2017 годзе: на праваслаўнае Раство (7-8 студзеня) тэмпература склала мінус 24,5 і мінус 26,5 градуса адпаведна. 1996 год стаў апошнім, калі марозы дасягнулі 30 градусаў. Такія паказчыкі былі зафіксаваны двойчы: 8 лютага і 27 снежня. Максімальна прыблізіўся да гэтай лічбы 2003 год, аднак пабіць рэкорд не змог: 6 студзеня тэмпература паветра ў Ашмянах дасягнула 29,6 градуса.

Гэтай зімой снег лёг ў нашым краі на незамёрзшую зямлю, што не вельмі добра для азімых пасеваў. Зараз вышыня снежнага покрыва дасягае ў Ашмянскім раёне ў сярэднім 18 см. Канешне, калі параўноўваць зімы мінулага стагоддзя і перашага дзесяцігоддзя ХХІ, то ападкаў тады выпадала значна больш. У цэлым у Беларусі, ды і ва ўсім свеце, назіраецца тэндэнцыя да іх памяншэння. Да прыкладу, 2020-й па краіне стаў другім запар годам з недаборам ападкаў. Найбольш вільготным месяцам мінулага года быў чэрвень (120 працэнтаў нормы), найбольш сухім — красавік (34 працэнты кліматычнай нормы). Гэтыя дадзеныя – адна з падстаў для тлумачэння з’явы “высыхання” калодзежаў у сельскай мясцовасці.

Аліна САНЮК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *