Здымак з вялікай гісторыяй

Культура

 

Найбуйнейшы ў Расіі прыватны музей тэхнікі Вадзіма Задарожнага ў мінулым годзе набыў на інтэрнэт–аўкцыёне рарытэтны нямецкі фотаздымак 1916 года, дзе адлюстраваны каштоўны відарыс муроў барунскай святыні падчас Першай сусветнай вайны. Гэтае фота падштурхнула жаданне ўзнавіць прызабытую гісторыю больш чым стогадовай даўніны, нагадаць пра трагічныя падзеі на ашмянскай зямлі, сляды ад якіх месцамі захаваліся да нашых дзён.

Фотаздымак 1916 года

На пярэднім плане здымка відаць частка вузкакалейкі, так званая “дэкавілька” ці перасоўная чыгуначная дарога і ваганетка на конскай цязе, якую нямецкія салдаты рыхтуюць да адпраўкі. У фокус фотааб’ектыва трапіла частка барунскай вясковай забудовы з храмам, недалёка ад якога складзены скрынкі. Дапаўняе інфармацыю пра падзею надпіс на адваротным баку фотакарткі. Невядомы нямецкі сведка здымачнага моманту пакінуў запіс, які ў перакладзе з нямецкай мае наступны змест: “Першы “пасажырскі цягнік” з Барун да Багданава пакрыў 9 красавіка 1916 года адрэзак даўжынёй у 20 кіламетраў амаль за 7 гадзін, церпячы 5 крушэнняў. Цягнік штурхалі сяляне, калі коні не маглі пераадолець глыбокую дрыгву.

Нота Бэне! Яго правасхадзіцельства фон Лютвіц з левага боку наперадзе. Цягнік адправіўся з Барун у 8.30 раніцы. У цягніку маёр фон Бронсарт, капітан Хартан і інтэнданцкі саветнік Шмідт”.

Расшыфроўваючы гэты запіс, у першую чаргу звярнуў увагу на агідную праяву акупацыйнага рэжыму, калі адбываецца прымусовая мабілізацыя сялян і мясцовае насельніцтва становіцца падняволеным на сваёй зямлі. З восені 1915 па верасень наступнага года ў сутарэннях барунскага кляштара размяшчаўся штаб 89-ай нямецкай пяхотнай дывізіі, якую ўзначальваў генерал фон Лютвіц. Па агентурных дадзеных рускага боку вядома, што ў царкве знаходзіўся шпіталь, у які “два разы трапіла руская артылерыя, але ніводнага разу ў кляштар”. У навакольных маёнтках і вакол барунскага храма былі заснаваны вялікія артылерыйскія і інтэнданцкія склады: тут на той момант базіраваўся нямецкі 45-ы авіяцыйны атрад.

Фотаздымак снежня 2020 года

Вялікую ролю ў справе забеспячэння германскай арміі правіянтам, фуражом, боепрыпасамі, для перавозкі асабовага складу і пры транспарціроўцы параненых адыгрывала даволі развітая сетка пад’яздных вузкакалейных шляхоў. З-за недастатковай колькасці конскага саставу ўвесь бліжэйшы тыл немцаў трымаўся амаль выключна на гэтых чыгуначных пад’ездах. На ўсім фронце непрыяцельскія пазіцыі былі аддалены ад вузкакалейных чыгуначных дарог не далей як за пяць кіламетраў, а на некаторых участках дарогі набліжаліся да акопаў нават на кіламетр.

Вузкакалейная сетка шляхоў Віленскага накірунку, куды падпадала тэрыторыя Ашмяншчыны, базіравалася на вузлавых станцыях двух дарог нармальнай каляі: аднакалейнай чыгунцы Маладзечна – Вільна і двухкалейнай чыгунцы Маладзечна – Ліда. Віленскі накірунак быў стратэгічна важным, бо пагражаў тылу ўсяго германскага фронту. Развіццё прарыву ў гэтым накірунку прымусіла б праціўніка ачысціць нашу тэрыторыю да Нёмана і наблізіцца да дзяржаўнай мяжы з Германіяй. Наступленне рускай арміі на Вільню адбілася на ўсёй Дзвінскай нямецкай групе і прывяло яе да неадкладнага адступлення. З другога боку, засяроджванне сіл на гэтым прамежку фронту давала магчымасць немцам наступаць на адчувальным для рускай арміі маскоўскім накірунку.

Вось чаму адразу пасля ўсталявання франтавой мяжы ў нашых мясцінах пачынаецца пракладка вузкакалейнага палатна працягласцю каля 24 кіламетраў па маршруце: Багданава–Селішчы–Гірбінята–Шальціны–Седляроўшчына–Пятровічы–Загарнята–Баруны. Як бачна з даты на адваротным баку фотаздымка, ужо ў сакавіку 1916 года гэты ўчастак актыўна выкарыстоўваўся. У далейшым вузкакалейная лінія з Барун была злучана са станцыяй Солы–Захад, сённяшняй станцыяй Ашмяны. Для яе абслугоўвання былі прыцягнуты рускія ваеннапалонныя, лагер якіх знаходзіўся ў лесе паміж чыгуначнай станцыяй і Жупранамі.

У артыкуле нельга абысці ўвагай гісторыю змены назвы добравядомай сёння станцыі Багданава. Прадугледжаная за 2 км на ўсход ад мястэчка Багданава, пры новазбудаванай чыгуначнай лініі Маладзечна – Ліда, станцыя першапачаткова атрымала назву Вайганы. Цяпер цяжка вызначыць, з якіх меркаванняў яна займела такую назву ў 1904 годзе, бо аднайменны фальварак знаходзіўся ў двух кіламетрах ад Багданава, але толькі ў заходнім накірунку. Часовы рух праз ст. Вайганы быў адкрыты ў першай палове 1906 года. Афіцыйна гэта лінія была прынята ў эксплуатацыю 1 студзеня 1907 года. Пры адступленні ў канцы верасня 1915 года рускія вайскоўцы ўзарвалі вялікі чыгуначны мост праз раку Гальшанку і суседні з ім віадук каля Багданава. Немцы спачатку не аднаўлялі гэтыя масты, а блізка ад іх, каля фальварка Вайганы, пабудавалі буйную станцыю перагрузкі з шырокай на вузкую каляіну, уладкавалі шматлікія склады і іншыя аб’екты інфраструктуры, а побач з узарваным мастом праз Гальшанку ўзвялі драўляны мост.

На фотаздымках з калекцыі апантанага даследчыка тых ваенных падзей Уладзіміра Багданава гэтая станцыя пазначана як станцыя Багданава на мясцовай палявой чыгунцы. Падчас сусветнай вайны адсюль у бок Ліды выкарыстоўваліся дзве каляіны: правая з іх была вузкай, а левая — шырокай. У далейшым ад гэтай новастворанай немцамі станцыі разышліся ў розных накірунках некалькі вузкакалейных магістралей, у тым ліку на Баруны і далей на станцыі Солы–Захад і Солы–Усход, якія размяшчаліся на Лібава–Роменскай чыгунцы. Вядомы калекцыянер з сугучным нашай тэме прозвішчам Багданаў даслаў фотаздымкі, па якіх стала вядома, што ў 1917 годзе нямецкія сапёры часткова аднавілі масты, праклалі адну каляіну да былой даваеннай ст. Вайганы і пачалі выкарыстоўваць яе магчымасці для ваенных патрэб. У 1916 годзе са ст. Багданава, як дарэчы і са ст. Солы–Усход, адпраўляліся на Берлін хуткія цягнікі з вайскоўцамі, якія накіроўваліся на адпачынак. Па дзеючым з 1 кастрычніка 1916 года раскладзе цягнікі праходзілі ўвесь маршрут за 28 гадзін 41 хвіліну.

Пасля Першай сусветнай вайны створаная немцамі чыгуначная станцыя каля фальварка Вайганы была поўнасцю знішчана. У 1923 годзе праводзіцца капітальны рамонт напалову разбуранай станцыі, вакзальны будынак тады змяніў знешні выгляд і набыў асабліва запамінальны двухспадовы дах. Пры гэтым назва станцыі змянілася на Багданава, у той жа час чыгуначны прыстанак на захад ад мястэчка ў накірунку Ліды атрымаў назву Вайганы.

Вяртаючыся да вузкакалейкі Багданава – Баруны, варта прыгадаць пра яшчэ адну гісторыю, якая захоўваецца ва ўспамінах нашага земляка Фердынанда Рушчыца. Усе гады ваенных ліхалеццяў знакаміты мастак амаль бязвыезна пражыў у спадчынным маёнтку Багданава і ў сваім “Дзённіку” занатаваў розныя бакі побыту пад прэсам акупацыі. Ваенныя ўлады вельмі строга рэгламентавалі парадак перамяшчэння цывільнага насельніцтва, таму пасля прыезду да яго 17 чэрвеня 1917 года добразнаёмага бянюнскага землеўладальніка Генрыка Карчэўскага ён інфармуе аб гэтым нямецкага маёра і просіць дазволу на сумеснае наведванне Бянюнаў. Атрымаўшы спецыяльнае пасведчанне з правам карыстання чыгункай да Марыянава, суседзі па маёнтках на наступную раніцу, ад маста праз Гальшанку, выправіліся ў паездку. Разам з імі па вузкакалейцы на пазіцыі вярталіся з адпачынку нямецкія салдаты, якія былі вельмі здзіўлены прысутнасцю цывільных спадарожнікаў.

Выйшаўшы перад Бянюнамі, наведвальнікі са скрухай заўважылі сляды спусташэння краю. Лес быў цалкам высечаны, у бянюнскім садзе мураваліся два бетонныя схроны, сама сядзіба была прыстасавана пад патрэбы ваеннага штаба. Фердынанд Рушчыц патлумачыў генеральскаму ад’ютанту просьбу ўладальніка бянюнскай сядзібы аб выплаце шкоды за ўраджай 1915-1916 года, на што нямецкі службоўца пачаў пераконваць Г. Карчэўскага, што той павінен вяртацца ў Вільню і там падаваць прашэнне аб кампенсацыі страт.

Ад’ютант адмовіў у сустрэчы з генералам, а знаходжанне іх у Бянюнах, хоць бы на адну ноч, лічыў немагчымым. З’едлівую насмешку выклікаў у Ф. Рушчыца гэты прыём. У дзённіку ён пазначыў: “Найвыразна хоча справу сапхнуць, а нас, зламыснікаў, – выпіхнуць”. Пасля заканчэння “аўдыенцыі” бянюнскі камендант у чыне фельдфебеля адвёў наведвальнікаў да чыгункі і выправіў іх у зваротны шлях да Багданава. Цынічныя адносіны да мясцовага жыхарства выклікаюць негатыўнае стаўленне мастака да немцаў. Яго незадаволенасць дапаўняе эканамічная палітыка акупацыйных уладаў, калі сыравіна і прадукты вывозяцца ў Германію, а мясцовыя прыродныя і працоўныя рэсурсы няшчадна эксплуатуюцца. Не апошнюю ролю ў гэтай дзейнасці адыгрывала створаная сетка вузкакалейных дарог.

Уладзімір ПРЫХАЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *