Вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў атрымалі матэрыяльную дапамогу са спецфонда Прэзідэнта

Культура

 

У Гродне названы імёны лаўрэатаў прэміі імя Дубко ў галіне культуры і мастацтва і спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

У гэтым годзе прэмію ўручылі ў дваццаць другі раз. Пачынаючы з 1999 года, яе лаўрэатамі сталі больш за 200 чалавек, кожны з якіх не проста індывідуальнасць і творчая асоба, але яшчэ і стваральнік: музыкі, вершаў, журналісцкіх матэрыялаў, скарбаў культуры вобласці і краіны.

Сёлетняе ўзнагароджанне лаўрэатаў прэстыжнай прэміі было асаблівым: яго аб’ядналі з уганараваннем стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Урачыстая цырымонія ўручэння ўзнагарод прайшла на галоўнай сцэне Гродзеншчыны – у абласной філармоніі.

– Культура – гэта крыніца духоўнасці нацыі, гарантыя стабільнасці і росквіту краіны. Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што ў Беларусі склалася зладжаная сістэма выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, – адзначыў намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада падчас уручэння ўзнагарод. – З 1995 года тысячы дзяцей атрымалі заахвочванні фонду. Дастойнае месца ў гэтым шэрагу займае Гродзенская вобласць. Калі ў 2017 годзе стыпендыятамі былі 42 чалавекі, то ў 2020 ужо 116 юных жыхароў рэгіёна ўдастоены такой узнагароды. Дасягненне такіх высокіх рэзультатаў, бясспрэчна, было б немагчымым без высокага прафесійнага майстэрства педагогаў Гродзеншчыны.

Высокія ўзнагароды на абласной сцэне атрымалі і вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў. Матэрыяльная дапамога са спецыяльнага фонду Прэзідэнта аказана Анастасіі Казлоўскай, Даніілу Ласёнку і Ангеліне Ляўкоўскай. Адметна тое, што дзяўчаткі-баяністкі атрымліваюць гэту ўзнагароду ў трэці раз, а Данііл Ласёнак – у чацвёрты.

— Узнагарода з фонду Прэзідэнта — гэта знак таго, што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за далейшае прафесійнае станаўленне маладых талентаў, клапоціцца аб тым, каб гэты дар раскрыўся ў поўнай меры, — падкрэсліла дырэктар музычнай школы Наталля Віктараўна Елфімава. — Гэта высокая ацэнка працы не толькі дзяцей, але і іх настаўнікаў — сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы Іны Мікалаеўны Гайдукевіч і Наталлі Канстанцінаўны Каспяровіч. Гэта матывацыя на новыя поспехі ўсяго нашага калектыву.

Аліна САНЮК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *