У касцёле пагашана святло, толькі гараць ліхтарыкі. Як у Ашмянах праходзяць Рараты

Культура

 

У зімовы час, дакладней – у снежні — часта можна заўважыць, як дзеці разам з бацькамі, зусім рана, яшчэ ў поцемках, кіруюцца да касцёла. Каталіцкія вернікі Ашмян, нягледзячы на штодзённую мітусню, холад і цемру на вуліцы знаходзяць час для Бога і ідуць на Рараты, якія праводзяцца ў храме Святога Арханёла Міхаіла кожны дзень, акрамя нядзелі, у сем гадзін раніцы.

Час чакання і прыгатавання да свята Божага Нараджэння называецца адвэнтам, а Рараты – адмысловыя святыя імшы ў гэты перыяд. Святыя службы пачынаюцца ранкам, што мае пэўны Біблейскі сэнс. Езус прадстаўляецца як святло ўзыходзячага сонца і прыходзіць як той, хто можа выцягнуць чалавека з цемры граху. Гэта і тлумачыць ранні пачатак імшы. Акрамя не зусім звыклага часу, у гэтай службе ёсць і іншыя адметнасці. Напрыклад, адсутнасць электрычнасці: ў касцёле пагашана святло, толькі гараць ліхтарыкі – свечкі рараткі, якія вернікі прыносяць звычайна з сабой.

Сімволіка святла ў хрысціянстве вельмі багатая. Дарэчы, раратка – сімвал прысутнасці Марыі, якая знаходзіцца ў чакані Езуса. Таму, трымаючы ў руках свечкі, каталікі таксама паказваюць гэту рысу – чаканне.

На Раратах можна заўважыць вялікую колькасць прысутных дзяцей – іх на такой імшы значна больш, чым, напрыклад, падчас звычайнай службы. Святары адмыслова запрашаюць дзяцей. Ксяндзы рахтуюць цыкл катэхез, якія можна пачуць на Раратах. Але не толькі дзяцей лічуць галоўнымі ўдзельнікамі імш, самы прыгожы спосаб перажывання Раратаў – перажыванне іх усёй сям’ёй.

Рараты і такая прыгожая сімволіка службы нагадвае каталікам пра неабходнаць збірання на працягу ўсяго адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць паказаць Езусу шлях на нашага сэрца. І, наведаўшы касцёл раніцай, мы можам зрабіць вынік, што ашмянцы гэты шлях адказна дэманструюць.

Інга ГІЗ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *