Што стаіць за сцягам?

Общество

 

Той ці іншы сімвал, часта першапачаткова бяскрыўдны ці нават пазітыўны, з цягам часу можа набываць абсалютна негатыўную інтэрпрэтацыю. Чаму так адбываецца і чаму бела-чырвона-белы сцяг нельга лічыць нацыянальным, разважалі падчас круглага стала ў агенцтве БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін і рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч.

Ігар Марзалюк:

– Бела-чырвона-белы сцяг не з’яўляецца спрадвечным беларускім сімвалам. Нацыянальных сцягоў не існавала, таму што не існавала нацый. Існавалі дынастычныя сцягі. Беларусь з’яўляецца пераемніцай традыцый спачатку чырвонага, потым чырвона-зялёнага сцяга.

Гістарычны факт — гэта фрагмент рэальнасці. Яго інтэрпрэтацыі могуць істотна адрознівацца ў залежнасці ад сацыяльна-палітычных густаў, ад таго, якія канатацыі мы ўкладваем. Разам з тым, мы павінны памятаць адну рэч: той ці іншы сімвал, вельмі часта першапачаткова бяскрыўдны або нават пазітыўны, з часам можа набываць абсалютна негатыўную канатацыю. Калі мы кажам пра сімвалы, пра дзяржаўную сімволіку, то гэта – заўсёды стаўленне да дзяржаўнага сцяга і герба, да дзяржавы.

Вячаслаў Даніловіч:

– Мы павінны казаць праўду пра сімволіку, якая выкарыстоўваецца кімсьці ў нашай краіне. Быў час, калі яна была афіцыйнай. Але чаго дасягнуў беларускі народ пад бела-чырвона-белым сцягам? Фактычна нічога пазітыўнага за сцягам, які быў прыдуманы ў 1917 годзе дзеячамі беларускага нацыянальнага руху, не стаіць. Але мы знойдзем велізарны негатыў, звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. І наадварот, у дзяржаўнай сімволіцы няма адмоўных рэчаў. Яна была афіцыйна зацверджана ў 1951 годзе, і пад ёй БССР паспяхова развівалася. Быў закладзены сацыяльна-эканамічны і духоўна-культурны патэнцыял, грамадска-палітычны падмурак, на якім і вырасла незалежная Беларусь.

У сучасны сцяг закладзены вялікі сэнс – ён выходзіць з БССР. У 1951 годзе аб гэтым і не задумваліся, але цяпер, калі паглядзець на нашу сімволіку, бачым велізарныя сэнсавыя пласты, якія туды закладзеныя. Апаненты сучаснай беларускай дзяржаўнай сімволікі любяць казаць, што ў беларусаў няма больш старажытнага сімвала, чым БЧБ-сцяг. Гэта не так. Арнамент, які на нашым сцягу прысутнічае, – гэта тысячагоддзі нашай гісторыі. Акрамя таго, што гэта старажытны сімвал, ён яшчэ з глыбокім пазітыўным сэнсам: засеянае поле, пажаданне дабрабыту, росквіту тым людзям, якія жывуць пад гэтым сцягам. А арнаментальны складальнік – вельмі рэдкая рэч на сцягах. Мы можам ганарыцца: наш сцяг унікальны ў гэтым плане.

Вадзім Гігін:

– Часам кажуць, што немцы і калабарацыяністы і ў іншых краінах выкарыстоўвалі нацыянальныя сцягі. Але там розная гісторыя. Напрыклад, фашысцкі рэжым выкарыстоўваў французскі трыкалор. У Шарля дэ Голя быў латарынгскі крыж. Трэба разумець, якое было стаўленне насельніцтва да бела-чырвона-белага сцяга. Да вайны насельніцтва гэты сцяг рэальна не бачыла. Ён уздымаўся на асобных будынках у Мінску, Гродне, Слуцку, і мабыць гэта ўсё. Ён шырока не выкарыстоўваўся ў перыяд 1918-1920 гадоў. Ён нідзе не выкарыстоўваўся ў БССР і Усходняй Беларусі з 1920 па 1941 год. У 1920-я гады ў Заходняй Беларусі ён быў адным з сімвалаў барацьбы за свае правы, але разам з чырвоным сцягам.

Часта прыводзяць верш Максіма Танка, дзе ён успамінае бела-чырвона-белы сцяг (здаецца, у 1930 годзе). Але пасля гэтага чырвоны сцяг у беларускім вызваленчым руху фактычна адхіляе бела-чырвона-белы. Ужо да 1939-га года па меры таго, як гэты вызваленчы рух трапляе пад уплыў Камуністычнай партыі і камсамола Заходняй Беларусі, чырвоны сцяг становіцца сцягам гэтага руху. І гэта пацверджана дакументамі. Многія людзі бела-чырвона-белы сцяг упершыню ўбачылі ў 1941 годзе, калі яго пачалі выкарыстоўваць калабарацыяністы. Таму ён асацыяваўся менавіта з гэтым перыядам. У той жа Літве, Латвіі, Эстоніі гэта былі афіцыйныя сцягі, якія паўсюль віселі з 1918 да 1940 года.

Пры выкарыстанні той ці іншай сімволікі трэба ведаць канатацыю, якая з ёй звязана. Не выдумляць, а абапірацца на аргументацыю і факты. Многія сцягі розных краін атрымаліся амаль выпадкова. Потым за імі цэлая легенда выбудоўваецца, фарміруецца гістарычнае або псеўдагістарычнае абгрунтаванне. Гэта ёсць паўсюдна. Мы да гэтага павінны ставіцца з разуменнем. Але барыкад адзін супраць аднаго, выкарыстоўваючы сімвалы, мы будаваць не павінны. Дарэчы, беларусам гэта ніколі не было ўласціва.

Па матэрыялах БелТА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *