«Гэта не проста друкаванае выданне, а штодзённы летапіс жыцця ашмянцаў». Жыхарка вёскі Замасцяны выпісвае раёнку больш за пяцьдзясят гадоў

Культура

 

Раёнку на Ашмяншчыне чытаюць амаль у кожным доме. “Ашмянскі веснік” дапамагае жыхарам горада і вёсак заставацца ў віры падзей. Больш таго, у многіх з нашых чытачоў ёсць любімыя рубрыкі і аўтары, матэрыялы, якіх яны заўсёды чакаюць. Некаторыя падпісчыкі крочаць разам з раённай газетай на працягу дзесяццігоддзяў. “Чытацкі стаж” жыхаркі вёскі Замасцяны Алены Уладзіміраўны Зімніцкай налічвае больш за пяцьдзясят гадоў.

— Дакладна не магу сказаць, калі прачытала першы нумар выдання, але гэта было вельмі-вельмі даўно, — дзеліцца Алена Зімніцкая. – Праўда, калі кошт на яе стаў вышэйшы, думала не буду выпісваць, але не змагла здрадзіць “Ашмянскаму весніку”.

Алена Уладзіміраўна адзначае, што раёнка – адна з тых рэчаў, без якіх не абысціся ў звычайным жыцці. Гэта не проста друкаванае выданне, а штодзённы летапіс жыцця, дзе запісаны лёсы ашмянцаў. Калі скласці падшыўкі з нумароў “Ашмянскага весніка” за восем дзясяткаў гадоў яе існавання, то атрымаецца велізарны экцыклапедычны дапаможнік Ашмянскага раёна.

Жанчыне цяжка нават уявіць, каб раёнка не прыходзіла ў яе дом па аўторках і пятніцах. Але не толькі цікавыя матэрыялы і навіны ад карэспандэнтаў яна чытае на старонках, прыцягваюць увагу жанчыны і віншаванні, і спачуванні. А аб’явы і рэкламныя матэрыялы ўвогуле павінны быць пад рукой у кожнага ашмянца, упэўнена Алена Зімніцкая. Раней каб, напрыклад, дровы і зерне купіць ці да будоўлі якую-небудзь рэч набыць, трэба было тры раёны аб’ехаць. А зараз адкрыў газету, патэлефанаваў, самі ўсё прывязуць. Бо дзе, як ні на старонках газеты пра гэта даведаешся?!

Жанчына большасць часу праводзіць дома, таму адразу пасля візіту паштальёна знаёміцца са свежым нумарам “АВ”. Падабаюцца Алене Уладзіміраўне публікацыі пра жыццё людзей і іх працу: адных яна адкрывае з новага боку, з іншымі знаёміцца ўпершыню. Прыемна разам з падпіскай атрымаць і каляндар, які радуе вока на працягу года.

— Люблю пачытаць матэрыялы нашых журналістаў, а асабліва цікава на старонках знайсці сваіх суседзяў і знаёмых, — усміхаецца жанчына. — Шмат каго ў раёне ведаю, бо ўсё жыццё тут пражыла і працавала. Заўсёды з інтарэсам разглядваю фотаздымкі. Ведаю, што і ў вяскоўцаў артыкулы карэспандэнтаў знаходзяць шчырыя водгукі. Вось толькі вёска наша паменшылася, некалькі дамоў занялі дачнікі, але паштальёны спраўна прывозяць раёнку заўзятым чытачам.

На працягу амаль чатырох дзесяццігоддзяў Алена Зімніцкая працавала ў раённым спажывецкім таварыстве, філіял якога знаходзіўся ў Жупранах. Спачатку прадаўцом у магазіне, пасля заняла пасады экспедытара і тавараведа. Праца заўсёды прыносіла ёй асалоду, нават, нягледзячы на тое, што складана было паспяваць пасля працоўнага дня займацца хатняй гаспадаркай. Жанчына прызнаецца, што нават цяпер, вяртаючыся з амбулаторыі ці аптэкі, заўсёды зазірне ў свой “Родны кут”.

Са сваім мужам, Людвігам Зыгмундавічам, жанчына пазнаёмілася на працы. У вёсцы Солы Смаргонскага раёна прадоўцам працавала яе стрыечная сястра. Пасля заканчэння школы яна запрасілу Алену на працу. У вясковым магазіне, у Васюках, ашмянскую прыгажуню і заўважыў будучы муж. Разам яны пражылі трыццаць чатыры гады. З-за хваробы мужчына рана пайшоў з жыцця.

Алена Зімніцкая даўно на заслужаным адпачынку, стараецца больш адпачываць і берагчы здароўе, якое, на жаль, апошнім часам стала падводзіць. Раней старалася выбірацца ў багатыя мясцовыя лясы па ягады і грыбы, а таксама працаваць на прысядзібным участку і агародзе. Цяпер у гаспадарскіх справах больш дапамагаюць пляменннікі — калі знаходзяць вольную хвіліну, прыязджаюць у Замасцяны. Гаспадарка ў нашай падпісчыцы невялікая – куры, сабака Бім ды кот Пушок, якога яна выратавала ад вясковых сабак.

На развітанне Алена Зімніцкая пажадала калектыву рэдакцыі творчых поспехаў і надалей заставацца інфармацыйным веснікам раёна, які чакаюць у кожным доме. Хутка яна атрымае свежы нумар газеты з гэтым матэрыялам і за кубкам кавы прачытае кожную старонку.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *