Звонкія перамогі “Званочкаў”

Культура

 

Узорны ансамбль песні і танца “Званочкі” СШ №1 імя Міхаіла Гружэўскага добра вядомы не толькі ў сценах навучальнай установы. Створаны ў 1990 годзе калектыў, за час свайго існавання не раз здабываў перамогі на розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках. Праз тры гады, у 1993 годзе, ансамблю “Званочкі” было прысвоена званне “узорны”, якое таленавітыя вакалісты не раз пацвярджалі. На працягу трох дзясяткаў гадоў нязменны кіраўнік ансамбля Вера Іванаўна Федарэнка выпусціла не адно пакаленне музыкантаў, а дзеці былых вакалістаў і цяпер займаюцца ў таленавітага настаўніка.

Склад “Званочкаў” неаднаразова змяняўся, але нязменным засталося адно – любоў да народных спеваў, якую амаль кожны выпускнік не згубіў пасля школы. Былыя вакалісты звязалі сваё жыццё з творчасцю, а некаторыя працягваюць займацца народнымі спевамі ў складзе калектываў у сваіх навучальных установах.

Цяперашнія ўдзельнікі ўзорнага калектыву працягваюць традыцыі выпускнікоў — выступаюць на школьных мерапрыемствах і раённай сцэне і, канешне, заваёўваюць перамогі на шматлікіх конкурсах, у тым ліку міжнародных.

У кастрычніку ў Беларускім саюзе кампазітараў адбыліся праслухоўванні ІІ адкрытага музычнага конкурса “Ступени творчества”. Музычнае спаборніцтва прынесла ашмянцам некалькі заслужаных узнагарод.

Фальклорная харавая група ўзорнага ансамбля песні і танца “Званочкі” паднялася на самую высокую прыступку творчасці. Яскравае выступленне, аўтэнтычныя спевы, прадуманыя вобразы – прынеслі перамогу ў сваёй намінацыі. На сцэне дзяўчыны ўвасобілі народны абрад гукання вясны, які складаўся з трох твораў. Сцэнарый распрацоўвала Вера Федарэнка, а дзякуючы вопытнаму харэографу Марыне Шурбак, якая працавала над вобразамі дзяўчат, выступленне атрымалася насычаным і яркім.

Журы таксама высока ацаніла музычнае майстэрства салісткі “Званочкаў” Анастасіі Лугін, якая стала дыпламантам І ступені. Насця, нягледзячы на ўзрост (дзяўчынка вучыцца ў 3 класе) не адстае ад старэйшай сястры – вакалісткі Ульяны, паспявае займацца народнымі спевамі і выступаць на вялікай сцэне.

З узнагародай з конкурсу вярнуўся і Мікалай Паўлавіч Федарэнка – у намінацыі “кампазітарская творчасць” атрымаў дыплом ІІІ ступені. “Званочкі” ў чарговы раз выканалі кампазіцыю “Ашмяншчына” на словы таленавітай паэтэсы, нашай зямлячкі Валянціны Ліштван. Гэты меладычны і цудоўны твор, музыку да якога напісаў Мікалай Паўлавіч, стаў візітоўкай “Званочкаў”. Ужо некалькі  пакаленняў музыкантаў выконвалі яе на працягу вакальнай дзейнасці.

У скарбонку творчых перамог “Званочкі” дадалі яшчэ адно паспяховае выступленне на міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без межаў” (ІІ месца), дзе іх выканальніцкае майстэрства заўважылі сярод калектываў з Расіі, Італіі, Азербайджана і Малдовы, а таксама сярод лепшых дзіцячых калектываў з Беларусі, у тым ліку заслужаных  — “Зорачка” і “Жавароначкі”.

Вучаніцы Мікалая Федарэнкі, вакалісткі ўзорнай студыі эстрадных спеваў  “Палёт”, таксама выступілі на конкурснай сцэне. Трэцяе месца ў сваёй намінацыі атрымала Ульяна Лугін і вакальнае трыа Ксеніі Крышаловіч, Паліны Муцянскай і Валерыі Цярэшкі.

Цяпер канцэртная дзейнасць “Званочкаў” ні на хвіліну не спыняецца. Дзяўчыны спадзяюцца, што наступныя конкурсы пройдуць у звычайнай, а не завочнай форме, і яны абавязкова выйдуць на вялікую сцэну. Хутка іх аб’яднае рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “Здравствуй, мир!”, да якога яны апантана рыхтуюцца разам з кіраўніком і харэографам.

Кацярына РУДЗІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *