У Ашмянах прайшоў VII Рэспубліканскі конкурс «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт.»

Главное Культура События

На працягу трох дзён Ашмяны прымалі ў сябе ўдзельнікаў VII Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт.” Заключны  этап масавага форуму ўпершыню за сваю гісторыю праводзіўся ў невялікім райцэнтры, аднак усе без выключэння ўдзельнікі і члены журы, шматлікія ганаровыя госці, сярод якіх Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сягоднік, намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч,  адзначылі высокі ўзровень  арганізацыі і правядзення мерапрыемства. Такі нялёгкі і адказны іспыт   аддзел адукацыі і настаўнікі раёна  вытрымалі з гонарам.

У адборачным этапе конкурсу прымала ўдзел каля 300 праектаў, аднак строгае журы пад кіраўніцтвам доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара кафедры вылічальных метадаў і праграмавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Анатоля Аксёнчыка  ў фінал прапусціла толькі 63 работы.

гэты ганаровы састаў увайшлі праект “Віртуальны кабінет хіміі” настаўніка Барунскага ВПК Андрэя Пашкоўскага і  праца навучэнкі аддзялення праграмнага забеспячэння  аграрна-эканамічнага каледжа Марты Буткевіч  “Фізіка. 8 клас”, прадстаўленыя ў намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце”. У гэтым годзе Марта заканчвае вучобу. Прапанаваны праект –  дыпломная работа студэнткі. І, можна сказаць, што абарона дыплома ўжо адбылася, так як Марта на рэспубліканскім конкурсе заняла трэцяе месца, а таксама была ўзнагароджана спецыяльным прызам Нацыянальнага інстытута адукацыі за адзін з лепшых праектаў, да якога прыклала руку  менавіта навучэнка, а не педагог.

Абарона конкурсных праектаў доўжылася два дні. У перапынках паміж нялёгкай працай канкурсантам і журы была прапанавана культурная праграма, праз якую госці пазнаёміліся з  гісторыяй Ашмяншчыны і яе слыннымі асобамі. Тэатралізаваная экскурсія ў музей  СШ №2, руіны замка Сапегаў  у Гальшанах, народны музей імя Э. Корзуна ў   Гальшанскай гімназіі, касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, школьны гісторыка-літаратурны  музей Францішка Багушэвіча ў Жупранскай школе, музей Енджэя Снядэцкага ў Кальчунскай СШ  дазволілі  не толькі пазнаёміцца з нашым краем, але і пранікнуцца павагай  да яго гісторыі і працавітых творчых людзей, якімі  ганарылася і  ганарыцца зараз  ашмянская зямля. Што тычыцца творчых талентаў Ашмяншчыны, то іх яскрава дэманстравалі  юныя артысты гарадскіх школ.

Насычаным прыемнымі сюрпрызамі выдаўся фінальны дзень конкурснай праграмы. Работу Парка высокіх тэхналогій, які ўяўляе сабой унікальнае спрыяльнае асяроддзе для развіцця бізнесу ў сферы інфармацыйных тэхналогій у Беларусі,  прэзентаваў намеснік дырэктара гэтай установы Аляксандр Марцінкевіч, які расказаў аб праектах і праграмах, што распрацоўвае парк,  аб падрыхтоўцы кадраў і супрацоўніцтве больш чым з 50 краінамі свету.

У  рабоце выставы лепшых конкурсных работ прынялі ўдзел міністр адукацыі Сяргей Маскевіч і начальнік упраўлення  адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сягоднік, якія былі вельмі задаволены арыгінальнымі рашэннямі цікавых ідэй, прадэманстраваных  на сур’ёзным тэхнічным узроўні. Усё гэта сведчыць аб творчасці і крэатыўнасці  беларускіх педагогаў. Зараз важна, каб распрацоўкі  знайшлі прымяненне ў адукацыйным працэсе, каб яны выстраіліся ў  стройную сістэму  агульнага інфармацыйнага рэсурсу, накіраванага на  ўдасканаленне  адукацыі ў краіне.

Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” аказаўся вельмі шчодрым на падарункі і прызы.  Кампютарная тэхніка  і яе камплектуючыя дасталіся прызёрам і пераможцам конкурсу,  уладальнікам чацвёртых месцаў, якім зусім крыху не хапіла да  жаданай перамогі. Спецыяльных прызоў – камп’ютараў   ўдастоены прымаючы бок: СШ №1, на базе якой  праходзіў конкурс, а таксама аддзел адукацыі райвыканкама і абласное ўпраўленне адукацыі аблвыканкама.

Аліна Санюк.

Фота

Святланы Муцянскай.

 Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч:

— Вельмі задаволены рэзультатамі конкурсу. Думаю, што і яго ўдзельнікаў   перапаўняюць станоўчыя пачуцці і эмоцыі: і ад вынікаў сваёй працы, і ад наведвання  старажытных прыгожых Ашмян. Сёння мы на ўласныя вочы пабачылі, што нашы настаўнікі крэатыўныя і сучасныя,  яны ўмеюць зацікавіць сваім прадметам  вучняў. Прапанаваныя на конкурс праекты  накіраваны на рашэнне сур’ёзных  адукацыйных і тэхнічных пытанняў.  Усе яны могуць быць выкарыстаны ў адукацыйным працэсе. Праекты дэманструюць высокі інтэлектуальны ўзровень як  педагогаў, так і навучэнцаў.  Конкурс дазваляе падняць цікавасць да прафесійнай дзейнасці настаўніка, дае падставу ганарыцца  нашым  кадравым патэнцыялам. 

Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сягоднік:

—  Сістэма  адукацыі Ашмянскага раёна пастаянна знаходзіцца ў  творчым пошуку, яна актыўна развіваецца. На Ашмяншчыне працуюць педагогі, у якіх многаму можна навучыцца. Гэта педагогі-наватары, сапраўдныя прафесіяналы. Нездарма рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праходзіць на ашмянскай зямлі. Упэўнены, што напрацоўкі ў сферы камп’ютарных тэхналогій ашмянскія настаўнікі адразу ж возьмуць на ўзбраенне, каб дасягнуць яшчэ большых вышынь як па рэзультатах  алімпіяднага  руху, так і паступленні выпускнікоў у ВНУ.

У сістэмы адукацыі раёна ёсць адна важная, адрозная ад іншых рыса — стабільнасць, якая вядзе іх уперад.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *