Акцыя “Сад надзеі” прайшла ў Ашмянскім раёне

Общество

 

— Гэтай восенню ў Ашмянскім раёне на чатыры сады стане больш, — адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Станкевіч падчас сустрэчы з удзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Сад надзеі” ў Жупранскай СШ імя Францішка Багушэвіча.

Наталля Станкевіч назвала дабрачынную акцыю, якая не першы год праходзіць у краіне пры ўдзеле Беларускага радыё, рэспубліканскай асацыяцыі «Белсадгадавальнік», Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, сялянска-фермерскай гаспадаркі «Януш», грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз жанчын”, высакароднай справай з глыбокім сэнсам, бо яна заклікана выхоўваць дастойнае пакаленне, якое шануе працу на зямлі і ведае, наколькі яна нялёгкая і адказная.

— Праз такія акцыі, якія становяцца сапраўднымі святамі, нашы дзеці вучацца з павагай ставіцца да роднай зямлі, — падкрэсліла Наталля Станкевіч. — Гэта не разовае мерапрыемства, бо яго рэзультат разлічаны на дзесяцігоддзі. Ураджаем закладзеных сёння на Ашмяншчыне садоў зможа карыстацца не адно пакаленне нашых жыхароў, якія жывуць у нашай краіне ў міры і дабрабыце.

Разам з вучнямі школы, удзельнікамі валанцёрскага атрада “Добрыя сэрцы”, гасцей вітаў народны ансамбль народнай песні “Крыніцы” РЦК.

З вялікай удзячнасцю школьнікі ўручылі караваі генеральнаму дырэктару рэспубліканскай асацыяцыі «Белсадгадавальнік» Анатолю Каранько, намесніку начальніка ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Таццяне Гумянюк, вядучаму вучонаму інстытута пладаводства НАН Беларусі, старшыні рэспубліканскага клуба “Паўночны вінаград” Уладзіміру Усцінаву і спецыяльнаму карэспандэнту Беларускага радыё Святлане Башылавай.

За пладовыя саджанцы, а гэта сто яблынь, сліў, чарэшань і вішань, а таксама кусты вінаграду ўдзельнікам акцыі падзякавалі дырэктар аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылага ўзросту і інвалідаў Віталь Мачэль і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Куліковіч, якая назвала сімвалічным той факт, што даглядаць сады ў Жупранах будуць людзі розных пакаленняў: і вучні школы, і пастаяльцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для людзей пажылага, сад якіх размесціцца перад будынкам установы. Марына Куліковіч перадала ад раённай арганізацыі падарунак сацыяльнай установе.

Пасадка дрэўцаў праходзіла пад пільнай увагай і кіраўніцтвам Таццяны Гумянюк і Уладзіміра Усцінава. Вучоны правёў з дзецьмі майстар-клас, на якім паказаў, як саджаць вінаград і расказаў, як яго неабходна даглядаць. У акцыі прынялі ўдзел таксама валанцёры раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа і актывісты пярвічнай арганізацыі БРСМ Жупранскай школы.

– «Сад надзеі» – акцыя, якая стала традыцыйнай, – тлумачыць Святлана Башылава. – Ідэя яе заключаецца ў тым, каб высадзіць пладовыя дрэвы і кусты там, дзе яны патрэбны, — каля школ, інтэрнатаў, сацыяльных устаноў для пажылых і інвалідаў. Сад – гэта сімвал жыцця. Няхай ён радуе людзей доўгія гады.

Удзельнікі рэспубліканскай акцыі залажылі яшчэ два сады на Ашмяншчыне. Адзін з іх размясціўся на тэрыторыі гімназіі №1, другі – побач з цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і сацыяльна-педагагічным цэнтрам Ашмянскага раёна. Разам з гасцямі пладовыя дрэўцы садзілі дырэктар гімназіі Вольга Саванец з вучнямі і дырэктары ЦКРН — Людміла Казлоўская і СПЦ – Наталля Пялецкая.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *