У Ашмянах прайшла сустрэча ў межах рэалізацыі праекта “Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”

 

У Ашмянскім краязнаўчым музеі прайшла чарговая сустрэча ў межах рэалізацыі праекта “Гісторыя мястэчка, якую расказалі яго жыхары”.

Размова на гэты раз пайшла пра будынак сінагогі – самы значны і загадкавы аб’ект у музейнай экспазіцыі. Узведзеная больш за сто год таму, сінагога прыцягвае да сябе беларускіх і замежных турыстаў, бо сёння гэта бадай ці не самы захаваны ў першапачатковым выглядзе яўрэйскі храм на Беларусі. І хаця час бярэ сваё, аднак тут добра бачны роспіс скляпення і сцен і ўнікальныя архітэктурныя элементы. На жаль, на вачах страчваюцца элементы роспісу задыякальнага кола, працякае ў некалькіх месцах шыферны трохузроўневы дах, абсыпаецца тынкоўка са сцен.

— Мэта нашай сустрэчы – сабраць і надзейна зафіксаваць вусныя ўспаміны ашмянцаў пра гэты будынак, і, калі атрымаецца, вызначыць яго месца ў памяці жыхароў Ашмян, — адзначыла дырэктар музея Алена Жасткова. – Пасля заканчэння дыскусіі вы пойдзеце дахаты, а музею застанецца гісторыя.

Крок на шляху да змены становішча сінагогі ў Ашмянах быў зроблены ў 2018 годзе, калі Беларускі камітэт Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін і наш краязнаўчы музей сумесна пачалі рэалізоўваць праект «Распрацоўка канцэпцыі аднаўлення будынка былой Ашмянскай сінагогі дзеля патрэбаў мясцовай супольнасці”. Ашмянская сінагога стала прыкладам, як даследаваць праблему, кансалідаваць супольнасць і захоўваць яўрэйскую спадчыну.

Сёння захаваць сінагогу для выкарыстання яе па прамым прызначэннні няма сэнсу, лічаць супрацоўнікі музея. У Ашмянах няма яўрэйскай абшчыны, ды і яўрэяў, якія тут жывуць, можна пералічыць на пальцах: цяпер у горадзе пражывае некалькі сем’яў.

Падчас дыскусіі з удзелам навукоўцаў з Беларусі і Літвы, а таксама мясцовых жыхароў, якая была разгорнута ў музеі два гады назад, было вырашана, што сінагога павінна функцыянаваць як мультыкультурны цэнтр. Такім чынам ён зможа выконваць функцыі лекцыйнай і выставачнай залы, ці канцэртнай пляцоўкі класічнай музыкі. Таксама размова вялася аб тым, што гэты культавы будынак – наша спадчына, беларуская, нават ашмянская, і ад нас залежыць, захаваем мы яе нашым нашчадкам ці не.

Аднаўленне сінагогі павінна быць карысным для мясцовага грамадства, тым больш, што ўжо ёсць архітэктурны праект яе аднаўлення. Сёння варта сабраць як мага больш інфармацыі пра яе ад тых, хто жыў побач з гэтым будынкам, хто сустракаўся і сябраваў з яўрэямі, хто ў сінагозе працаваў. Менавіта так. Як адзначыла жыхарка горада Алена Буйко, у 16-гадовым узросце, пасля заканчэння вучылішча ў Шчучыне, яна прыйшла працаваць у ашмянскую пякарню (пасля закрыцця гальшанскай), якая размяшчалася ў будынку сінагогі. Жанчына расказала, што будынак быў прыстасаваны пад патрэбы хлебапячэння: закрыты зорны купал, у столі зроблены адтуліны для вываду пячных труб, збоку былі дабудаваны склад і душавыя памяшканні. Хлеб пяклі ў чатыры змены. Для Алены Баляславаўны сінагога была месцам працы, і яна аніяк не асацыіравалася з храмам. А што тычыцца ўзаемаадносін з яўрэямі, то былі яны ў мясцовых людзей самыя добрыя. У гады вайны, калі яіх пачалі вынішчаць, яўрэйскія дзеці знаходзілі прытулак у беларускіх сем’ях. Каб у немцаў не ўзнікала падазрэнняў, дзецям нават мянялі імёны. Такія ўспаміны засталіся ў Алены Буйко ад сваёй маці.

Галіна Селістроўская, якая прыехала ў Ашмяны ў 1970 годзе, кіравала пэўны час хлебазаводам, пабудаваным на вуліцы Пушкіна. Ён быў запушчаны ў 1968 годзе. У сінагозе дырэктару не прыходзілася бываць, аднак яна адзначыла, што ў гэтым будынку пасля пякарні размяшчаліся аптовая база райспажыўсаюза, склад прадпрыемства грамадскага харчавання і вінна-гарэлачная крама.

Усё жыццё дырэктара ТАА “Граніт+” Аляксандра Гугалы звязана з будаўніцтвам. І ён добра памятае, што ў 80-я гады мінулага стагоддзя стан сінагогі быў нездавальняючым, таму было прынята рашэнне будынак знесці, але яму пашчасціла – у вызначаны дзень выйшла са строю цяжкая тэхніка. Сабраць жа яе наступным разам не атрымалася, таму будынак застаўся. Праз год Аляксандр Пятровіч правёў візуальны агляд паддашша і даху ў цэлым, і тады вырашылі будынак пакінуць — выкарыстоўваць як склад, але зрабіць пры гэтым рамонт. Іншымі словамі кажучы, менавіта ў 80-я прайшла кансервацыя сінагогі.

— Цікавага было шмат, аднак многага ўжо і не памятаю, — адзначыў Аляксандр Гугала. – Ад сінагогі быў падземны ход, які вёў да былой сталоўкі. Мы яго засыпалі. Павінен дагэтуль застацца на вуліцы Міцкевіча калодзеж з падземнымі каналамі, які ўяўляў узаемазвязаную сістэму.

Змястоўны аповед пра сінагогу супрацоўнікам музея ўдалося атрымаць ад Марыі Громавай, якая ў свой час была начальнікам прадпрыемства грамадскага харчавання (яе ўспаміны будуць змешчаны ў газеце асобным матэрыялам).

Сваімі ўспамінамі пра сінагогу падзяліліся супрацоўнікі музея Таццяна Кіркоўская і Святлана Чарняк. Завітаў на мерапрыемства Уладзімір Цюцюноў з Лоску, які зараз займаецца вывучэннем гісторыі культавых збудаванняў яўрэйскай спадчыны на Беларусі.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі сустрэчы наведалі будынак сінагогі, пасля чаго з’явіліся і новыя ўспаміны.

Як і абяцалі, супрацоўнікі музея падрыхтавалі ўдзельнікам сустрэчы прыемныя сюрпрызы: кубкі і магніты з выявай славутасцяў Ашмянскага краю.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

Цікава ведаць

Да Другой сусветнай вайны ў Ашмянах было 3 сінагогі і 4 малельныя дамы.

Будаўніцтва сінагогі доўжылася каля 50 гадоў. Функцыянаваць будынак пачаў у 1912 годзе.

Архітэктурная форма Ашмянскай сінагогі – куб. Асноўныя элементы інтэр’еру ў савецкі час былі страчаны. Аднак захаваліся выявы знакаў задыяка ў 12 нішах з назвамі месяцаў на іўрыце.

У сінагогах абавязкова павінны быць вокны і круглае акно над Арон а-кодзеш – месцам захоўвання скруткаў Торы. Круглае акно захавалася. Па некаторых дадзеных, вокнаў павінна было быць не менш за 12. Людзі павінны бачыць неба ў час малітвы. Жыхары Ашмян сёння не могуць апісаць інтэр’ер сінагогі, паколькі яны туды проста не заходзілі.

Сінагога была цэнтрам Ашмянскага гета, у якім па розных звестках знаходзіліся і былі знішчаны каля чатырох тысяч чалавек.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля