У Ашмянскім раёне праходзіць акцыя “Чысты лес”

 

У Беларусі праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя «Чысты лес». Да яе далучыліся арганізацыі і прадпрыемствы Ашмянскага раёна. Ініцыятарам і каардынатарам работы па навядзенні парадку ў лясных масівах, зонах адпачынку і прыдарожных палосах сталі лясныя гаспадаркі, размешчаныя ў раёне.

На тэрыторыі адміністрацыйнага будынка Ашмянскага лясніцтва з самай раніцы назіраўся рух. Работнікі рыхтавалі да зімы дэндрапарк і пладовы сад, прыбіралі апалае лісце на тэрыторыі, укрывалі дэкаратыўныя кусты і кветкі.

— Частка нашых леснікоў сёння працуе разам з вучнёўскімі калектывамі, — адзначае ляснічы Вадзім Мешчановіч. – Нам на дапамогу прыйшлі сёння школьнікі першай і трэцяй гарадскіх школ, жупранскія і дакурнішскія вучні. Мы вельмі ўдзячны ім за дапамогу. Адным нам было б складана справіцца з гэтай задачай. За сваю работу дзеці атрымаюць на памяць бейсболкі і магніты з эмблемай акцыі.

Вучні і настаўнікі Жупранскай СШ імя Ф.Багушэвіча разам з дырэктарам Уладзімірам Бізюком і леснікамі накіраваліся на Крыжовую гару – так называюць месцічы колішнія кар’ры. Ад смецця яны прыбралі больш за тры гектары ляснога фонду.

Вучні СШ №3 навялі парадак на тэрыторыі зоны адпачынку ва ўрочышчы Сухая.

Вялікі фронт работ быў даручаны настаўнікам і вучням дзявятых класаў СШ №1.

— Лес у Цантэлях – гэта наш праблемны ўчастак, — зазначае ляснік Ашмянскага лясніцтва Леанід Жаваранкаў.- Размешчаны ён недалёка ад горада, таму пастаянна “прымае” ў свае сховы смецце, будаўнічы друз, рэшткі з агародаў, розныя запчасткі, піўныя бутэлькі і элементы бытавых прыбораў, якія ашмянцы аніяк не хочуць вывозіць на гарадскі сметнік. На пад’ездах у лясную зону мы паставілі шлагбаўмы, але і яны не выратоўваюць – нядаўна зламалі чарговы. Дзеці працуюць усяго толькі гадзіну, а ужо колькі мяшкоў запоўнілі! На цэлы прыцэп будзе.

Сваю лепту ў кампанію па навядзенні парадку, прымеркаваную да Года малой радзімы, унеслі таксама працоўныя калектывы Ашмянскіх электрычных сетак, Ашмянскага раёна газазабеспячэнні, вучні гімназіі, Крэйванцаўскага і Цудзенішскага ВПК.

На сваіх угоддзях працавалі сёння леснікі Граўжышкоўскага, Будзёнаўскага і Гальшанскага лясніцтваў.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ і Аліны САНЮК.

0

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Регистрация
*
*
Генерация пароля