На гальшанскім кірмашы танцавалі ад душы

Культура

 

Напрыканцы верасня гальшанцы і жыхары суседніх вёсак спяшаюцца на традыцыйны кірмаш. Штогод работнікі аддзела культуры і вольнага часу запрашаюць на цудоўнае свята, напоўненае яскравымі ўсмешкамі і шчырымі размовамі, тэатралізаванымі выступленнямі і цікавымі гульнямі…

Нездарма гэта восеньскае свята атрымала назву “Гальшанскі кірмаш”, бо ў мінулым стагоддзі акрамя штотыднёвых таргоў у мястэчку некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы, вядомыя ва ўсёй краіне. Спецыфічным заняткам местачкоўцаў было вязанне рукавіц, панчох і “гальшанскіх каптаноў”… Канешне, такіх багатых гандлёвых радоў у аграгарадку цяпер не сустрэнеш ды і гандаль на “Гальшанскім кірмашы” ідзе не так бойка, як у мінулыя гады, але падчас свята вяскоўцы змаглі набыць ласунак ці выраб на свой густ, паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах. Маленькія гальшанцы адпачылі на надзіманых атракцыёнах і паласаваліся папкорнам і салодкай ватай.

Віталі гасцей пацешнікі Наталля Кошчыц і Наталля Корзан, весялілі сяброўкі і суседкі Ганна (Любоў Шчарбакова) і Маргарэта (Вольга Сінькевіч). Закруціла ўсіх прысутных у віры падзей Восень (Караліна Адашкевіч) і перадала гасцям падарунак ад гальшанскіх хлебаробаў — каравай, спечаны з зерня новага ўраджаю.

Добрымі песнямі, гучнымі танцамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі – гасцей віталі танцавальныя групы “Фіеста” і “Мэры Попінс”, артысты Марына Кісліцкая, Аляксандр Кот, Караліна Адашкевіч, і Любоў Шчарбакова. Забаўляльныя конкурсы для ўдзельнікаў мерапрыемства правяла Алена Альшук з Барунскага сельскага клуба.

Завяршылася свята выступленнем народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы”. Несумненна, кожны з артыстаў уклаў у сваё выступленне часцінку душы, а гледачы, не шкадуючы апладысментаў, дзякавалі за душэўнае свята.

Кацярына РУДЗІК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *