Якія яны, нашы бабулі і дзядулі?

Культура

 

Усім сваім існаваннем гісторыя чалавецтва  сцвярджае: найбольшае шчасце — бачыць працяг у дзецях і ўнуках. І калі першым, сынам ды дочкам, часам не стае бацькоўскай увагі — дарослыя заняты працай, хатнімі клопатамі, жыллёвымі пытаннямі, то з гадамі ўся нявыказаная любоў адрасуецца ўнукам. Родныя крывіначкі, для бабуляў і дзядуляў яны – пацеха і гонар, радасць і сапраўдная ўзнагарода. Хіба на іх можа не хапіць часу?! Хіба ёсць лепшы занятак, чым адвесці ўнука ў школу, узяць яго на рыбалку, расказаць казку, навучыць унучку вязаць ці пячы пірагі?!.. У нашых бабуляў і дзядуляў столькі карыснага жыццёвага досведу, што толькі паспявай матаць на вус. Сваім вопытам зносін з бабулямі і дзядулямі падзяліліся юныя жыхары нашага раёна.

Вікторыя Скароль, вёска Будзёнаўка – пра бабулю Галіну Эдуардаўну Горыд :

— Колькі сябе памятаю, бабуля заўсёды побач. Раней, у пачатковых класах – зараз я ў шостым, вадзіла мяне ў школу, забірала з заняткаў, калі мама з татам былі на рабоце. Разам з ёй мы хадзілі і на рэлігійныя заняткі ў касцёл – сёлета я прыступіла да першай споведзі. У вольны ад школы і дамашніх заданняў час я люблю дапамагаць ёй: збіраць маліну, пячы слодыч, варыць вішнёвае, грушавае варэнне… Не ведаю, ці атрымаецца, але, калі вырасту, хачу быць такой самай гаспадыняй, як бабуля. У яе такія прыгожыя кветкі растуць, такія вялікія буракі і морква, такія сакавітыя яблыкі. Каб вы ведалі, колькі ўсяго смачнага яна ўмее гатаваць! А яшчэ яна амаль ніколі не сварыцца і заўсёды частуе нас, унукаў – мяне і Яўгена з Дзмітрыем, — цукеркамі і пірагамі.

Мацвей Бакшэвіч, вёска Лэйлубка – пра бабулю Джульету Вартанаўну Швабовіч:

— Калі я расказваю, што мая бабуля ў свае 75 год карыстаецца інтэрнэтам, мне не вераць. Ну і няхай. А баба Джульета адкрывае Ютуб і чытае навіны, сочыць за падзеямі ў свеце, глядзіць відэа танцаў з зоркамі. Прыемна, што яна такая сучасная. І гасцінная. Хто б ні прыйшоў да яе, бабуля заўсёды пачастуе гарбатай ці кавай. Асабіста мне вельмі падабаюцца яе бліны – напэўна, ні ў каго больш такіх няма. І хаця жывём мы асобна, святы – Новы год, Каляды альбо Вялікдзень — адзначаем разам. Бабуля частуе нас, унукаў, цукеркамі і марозівам.

Часам у мяне пытаюць, адкуль у бабулі такое незвычайнае імя. Я пацікавіўся ў яе самой. Аказваецца, што родам бабуля з Арменіі, там скончыла пачатковую школу і разам з бацькамі пераехала ў Беларусь. Яе тата пасля вярнуўся на радзіму, а бабуля так і засталася ў Беларусі. Мая мама ў юнацтве была ў родзічаў з Ерэвана. Можа, і ў мяне калі-небудзь атрымаецца пазнаёміцца са шматлікай раднёй.

Маргарыта і Ксенія Шыдлоўскія, горад Ашмяны – пра дядулю Анатоля Уладзіміравіча Шыдлоўскага:

— Нашага дзядулю ў горадзе многія ведаюць. Некалькі год назад ён атрымаў званне “Чалавек года Гродзеншчыны”. А яшчэ ён – заядлы спартсмен, удзельнічае ў спаборніцтвах па валейболе, падняцці гіры (нават першыя разрады мае!), лёгкай атлетыцы. А мы ходзім за яго “балець”. Нядаўна на “Ашмянскай пяцёрцы” дзядуля заняў трэцяе месца на дыстанцыі ў два кіламетры. Ён штогод бегае, а зімой, на Вадохрышча, акунаецца ў палонку. Яго надзейны сябар – веласіпед. Дзед кажа, што ў дзень ён праязджае каля дваццаці кіламетраў. Цяпер і мы палюбілі катацца на веласіпедзе. Праўда, Маргарыта двухкалёсны яшчэ толькі асвойвае, таму часцей яе можна ўбачыць на роліках.

На дачы ў Міхалконях дзядуля зрабіў спартыўныя пляцоўкі. Там ён вучыць нас гуляць ў валейбол і бадмінтон.  А вось у шашкі часта перамагаем мы. Дзед кажа, што не паддаецца. Можа, і праўда!

Акрамя валейбола, дзед вельмі любіць лазню і касіць – такой звычайнай касой, не трымерам. Казаў, як падрастуць Ванька і Ілья – унукі, якія жывуць у Гродне, абавязкова іх навучыць.

Падрыхтавала Людміла РЫБІК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *