Паэты раёна сустрэліся ў Астраўцы

Культура События

Яшчэ, здавалася, зусім нядаўна прайшла  на Ашмяншчыне сустрэча  паэтаў з трох раёнаў: Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага, арганізаваная раённай газетай “Ашмянскі веснік”. Уражанні ад яе грэлі творчыя ўразлівыя  душы  амаль цэлы год, і ўсё настойлівей было жаданне сустрэцца яшчэ.  Сустрэцца, каб атрымаць глыток   натхнення ад убачанага на зямлі-суседцы, абмяняцца думкамі і вершамі з калегамі па пяры.

І вось гэты час настаў. Мы дружна садзімся ў аўтобус і імчым насустрач  нязведанай, а ад таго яшчэ больш жаданай, Астравеччыне.

—  Прывітанне, Астравец! Не, зусім не хочацца назваць цябе ў рыфму “свету канец”! Ты гэтага свету пачатак, асабліва цяпер,  калі набыў статус горада. Апошнім часам ты змяніўся, стаў яшчэ больш прывабным і ўтульным. Гэта заўважаем не толькі мы, ашмянскія вершатворцы, але і шматлікія госці, якіх наведваецца да цябе заўсёды  шмат.

Нашы калегі з “Астравецкай праўды” прапануюць экскурсію па гораду.  Пачынаецца яна са знаёмства з  раённай бібліятэкай і яе гасціннымі супрацоўнікамі. Прызнацца, у Год кнігі гэта вельмі сімвалічна, асабліва для творчых людзей, для якіх кніга заўсёды была і будзе сябрам і дарадцам. Загадчыца бібліятэкі Наталля Ачарэтава шмат цікавых звестак расказала пра астравецкую зямлю  і яе жыхароў.  Аднак час прыспешваў, а культурная праграма была  насычанай.

Далей мы трымаем курс у бок Варнян, дзе сустракае нас мясцовая жыхарка, краязнаўца і паэт Людміла Кухарэвіч. Варнянскі касцёл Святога Георгія,  вежа канца ХІХ стагоддзя на  казачнай прыгажосці астраўку, да якога вядзе пад’ёмны мост,  дамкі з больш чым трохсотгадовай багатай  гісторыяй уперамежку з сучаснай забудовай  нікога не пакідаюць раўнадушным. А спадарыня Людміла Іванаўна ўсё расказвала б, здаецца, і расказвала б. І гэта ж нядзіўна, бо гісторыя гэта мястэчка, можна сказаць —  горада ў вёсцы, налічвае больш 500 год!

Захопленыя прыгажосцю Варнян,  далей паэты накіраваліся ў Гервяты. Тое, што  адчулі ашмянцы, якія ўпершыню пабачылі  касцёл Святой Тройцы,  можа зразумець толькі той, хто сам пабываў у гэтых мясцінах і  ўвачавідкі  сузіраў гэты Божы цуд.  Не, гэтыя пачуцці нельга перадаць на паперы, бо ў кожнага яны былі свае. Аднак найбольшае ўзрушэнне выклікала арганная музыка.  Гервяцкі арганіст Андрэй Міхневіч сваёй ігрой паланіў нашы душы і сэрцы, нават выклікаў слёзы.  А яшчэ мы ўсе пранікліся вялікай  павагай  да нястомнага рупліўцы і адданага Богу чалавека ксяндза Леаніда Несцюка.

З гэтага  прыветнага і мілага куточка ад’язджаць не хацелася, аднак чакала нас яшчэ адна слаўная  мясціна  на карце Астравеччыны, амаль на мяжы з Літвой, —  вёска Барані. Тут  знаходзіцца хата-музей, дзе нарадзіўся   слынны паэт  і святар  Казімір Сваяк. Аб яго нялёгкім жыцці распавядала сваім гасцям  супрацоўніца раённай газеты Ганна Чакур.  Тут, у двары бараньскага творцы, на ўлонні прыроды і адбылося больш блізкае знаёмства ашмянскіх і астравецкіх паэтаў. Астравецкія літаратары Ігар Туршаў, Алена Гануліч,  Людміла Кухарэвіч, Ніна Міралькова, Святлана Еўтушэнка, Святлана Бацюлева, Станіслаў Курыла, Марыя Пешка, нашы шаноўныя калегі Ніна Рыбік, Таіса Сямёнава і Ганна Чакур падарылі нам  шчымлівае спатканне з высокім пачуццем  і падзяліліся сваімі творчымі набыткамі.  Мы, у сваю чаргу, таксама прыехалі  не з пустымі рукамі.   Галіна Даўгашэй, Святлана Муха, Ядзвіга Чаплінская, Эдвард Сяргей, Алена Місюк, Генуэфа Кеўра, Валянціна Васюкевіч, Яніна Гардзей расказалі аб сабе  праз сваю паэзію…

Сум і радасць, яскравы гумар і глыбокі роздум у паэтычным абрамленні  перапляліся ў той дзень на астравецкай зямлі разам з песнямі, што разносіліся па бязмежных прасторах…

…Дзякуй табе, астравецкая зямля, за гасцінны прыём, за тое, што здзівіла і ўразіла нас сваім хараством  і талентам.

Аліна Санюк,  кіраўнік  літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *