«Пані, адкуль там блыха? Калі ўжо, то вош!» Пра свавольствы родзічаў Францішка Багушэвіча распавяла праўнучка класіка беларускай літаратуры

Культура

 

Пра свавольствы родзічаў Францішка Багушэвіча распавяла праўнучка класіка беларускай літаратуры Крысціна Шманьда.

Сям’я Тамашэўскіх з няняй Анэлькай, якая трымае на руках маленькую Крысціну

Спадарыня Крысціна цяпер жыве ў Варшаве. Нарадзілася яна перад Другой сусветнай вайной у леснічоўцы Падзялёная (пад Смаргонню) былога Ашмянскага павета. Яе бацька Юзаф Тамашэўскі быў ляснічым, які не вельмі шмат зарабляў на дзяржаўнай службе. Нягледзячы на гэта, сям’я жыла заможна, бо Юзаф умела распараджаўся 44 гектарамі лесу – пасагам сваёй жонкі Станіславы, якая прыходзілася ўнучкай беларускаму паэту Францішку Багушэвічу.

Анекдот пра няню Анэльку і жарты паэтавай унучкі

Сям’я Тамашэўскіх трымала вялікую гаспадарку: коней, кароў, свіней, сабак і безліч курэй ды гусей. Пераважна ўсім займаліся нанятыя людзі. Малой дачкою ляснічага апекавалася нянька Анэлька, якая размаўляла перадусім па-беларуску. Анэлька паходзіла з Кушлянаў. Спачатку яна працавала ў сына Францішка Багушэвіча – Тамаша, гадавала яго сярэднюю дачку Станіславу. Калі ж Станіслава выйшла замуж, Анэлька перайшла працаваць да яе. Нянька з Кушлянаў стала нават гераіняй сямейнага анекдота. Нашчадкі беларускага паэта расказваюць, што аднойчы Станіслава заўважыла блыху на бялізне ў ложачку сваёй маленькай дачкі. Калі ж маладая гаспадыня звярнула на гэта ўвагу Анэлькі, то тая вельмі здзівілася: «Пані, адкуль там блыха? Калі ўжо, то вош!»

Крысціна – праўнучка Францішка Багушэвіча

«Мама вельмі любіла жартаваць, – адзначае спадарыня Крысціна. – Памятаю, што неяк вясною яна купіла ў Вільні свежых агуркоў ды прывязала іх тоненькай нітачкай да агурковых кусцікаў, якія ва ўсю цвілі. Пазней яна ўсім хвалілася, што ў яе агародзе найхутчэй у ваколіцы растуць агуркі».

Аднаго разу Станіслава Тамашэўская паклала ў бульбяную клёцку замест мяснога фаршу змелены перац. Калі ж сабраліся госці, маладая гаспадыня з усіх сіл старалася, каб тая клёцка трапіла на талерку да чалавека, якога яна не зносіла.

Аднойчы ў леснічоўку Тамашэўскіх завітала іх далёкая сваячка, якая вельмі любіла катоў. Станіслава ж пусціла чуткі, што тая жанчына будзе скупляць катоў па залатоўцы. У тыя часы адзін злоты быў досыць вялікай сумай, бо за адно яйка плацілі адзін грош, а кілаграм добрай ялавічыны каштаваў 40 грошаў. Вяскоўцы з наваколля, пачуўшы пра скуп катоў, налавілі жывёлін ды, пасадзіўшы іх у мяшкі, з’явіліся да сваячкі Тамашэўскіх. Той жа спатрэбілася шмат часу, каб пераканаць «прадаўцоў», што ўзнікла недарэчнасць, і яна нават не збіралася купляць чацвёралапых.

Раўнівы сабака і паляванні

Юзаф Тамашэўскі, паводле ўспамінаў сваёй дачкі, вельмі любіў сабак, якія ўсюды за ім хадзілі. «Гэта былі звычайныя нямецкія аўчаркі, якіх мы называлі «ваўкарамі», – распавядае Крысціна Шманьда. – Калі бацька быў яшчэ нежанаты, вялізная нямецкая аўчарка заўсёды спала ў яго спальні. Гэтак было і пасля шлюбу бацькоў. Але калі нарадзілася я, сабаку перавялі жыць у буду. Ён вельмі раўнаваў да мяне, таму заўсёды, калі бачыў на вуліцы, накідваўся, але не кусаў, а толькі рабіў мне сінякі».

У канцылярыі Юзафа Тамашэўскага заўсёды трымаў варту сабака, які здымаў наведвальнікам шапкі, калі тыя самі гэтага не рабілі. Аднаго разу сабака нават адкусіў кончык вуха селяніну, які праз гэта судзіўся з ляснічым.

Сям’я Тамашэўскіх з сябрам (за дзіцячым вазком) на адпачынку

Леснічоўка Тамашэўскіх была прывабным месцам для родзічаў і знаёмых, якія любілі прыязджаць сюды на адпачынак. Юзаф часта арганізоўваў для гасцей паляванні на ваўкоў, вялікую колькасць якіх успрымалі ў тыя часы як бедства. Бацька пані Крысціны ўваходзіў у тройку найлепшых паляўнічых даваеннай Польшчы, якія забілі найбольш ваўкоў. Сямейнікі праз гэта вельмі ім ганарыліся, а ў іх хаце замест дываноў паўсюль ляжалі воўчыя скуры.

Жонка Юзафа Тамашэўскага  Станіслава ад часу да часу таксама ўдзельнічала ў паляваннях, а аднойчы ёй удалося застрэліць ваўка. Часам дарослыя бралі на паляванне і дзяцей. Спадарыня Крысціна дагэтуль памятае розныя віды паляванняў, якія адбываліся на Ашмяншчыне. Напрыклад, падчас палявання «на свінку» паляўнічы і яго спадарожнікі, захутаныя ў буркі, ехалі ў брычцы праз лес. Ля іх ног у мяшку ляжала свінка, якую штораз штурхалі ў бок. Свінка вішчала, а яе крык прывабліваў ваўкоў, у якіх пазней стралялі.

Падчас палявання з нагонкай пэўную тэрыторыю ў лесе акружалі шнуром, на якім недалёка адна ад адной віселі чырвоныя латкі. Ваўкі баяцца чырвонага, таму было вядома, што яны не пяройдуць праз шнур. У сваю чаргу на аточанай шнуром тэрыторыі з усіх бакоў ішлі мужчыны, стукаючы кіямі па дрэвах. Ваўкі праз гэта збіраліся ў адным месцы, дзе паляўнічыя ў іх стралялі.

Яшчэ адзін від палявання – «з зямлянкі» – заключаўся ў тым, што навокал зямлянкі, якая служыла хованкай для паляўнічых, раскладалі падліну, а калі прыходзілі галодныя ваўкі, то тады ў іх пачыналі страляць. Падобна выглядала і паляванне з паляўнічых вежаў. Часам проста раскладвалі падліну на лясной паляне, а вакол яе ставілі пасткі на ваўкоў.

Аднойчы малая Крысціна, якой было ўсяго некалькі годзікаў, пабачыла тушу каня, што ляжала ў снезе каля леснічоўкі. Зацікаўленая дзяўчынка доўга хадзіла вакол каня, пакуль яе не заўважыў бацька. Аказалася, што толькі цудам яна не трапіла ў воўчую пастку, схаваную ў снезе. «Тады першы раз у жыцці бацька на мяне насварыўся», – успамінае праўнучка класіка беларускай літаратуры.

Цыгарэты з сушаных лістоў і збіранне вусеняў

Калі Крысціна мела тры годзікі, нарадзіўся яе брат Лешак. Немаўля аднак захварэла на дыфтэрыт, які ў тыя часы быў вельмі сур’ёзнай хваробай. Бацькі пастанавілі як мага хутчэй пахрысціць дзіця, але праз тое, што арганізоўвалі хрост у спешцы, не мелі адпаведнай кандыдатуры на хросную маці. Але раптам у іх з’явілася ідэя, што ёй можа быць іх старэйшая дачка Крысціна. Гэтак трохгадовая дзяўчынка стала хроснай маці свайго брата.

На шчасце, Лешак выздаравеў. Ён рос вельмі актыўным і цікаўным хлапчуком. Памяць спадарыні Крысціны захавала, як аднойчы маленькі Лешак выбраўся на самотны шпацыр і адышоў ад дому ажно на некалькі кіламетраў. Бацькі ў роспачы, заломваючы сабе рукі, шукалі яго па ўсім наваколлі. Урэшце бацька пабачыў, як хлопчык ідзе па дарозе ўвесь у слязах, румзае і крычыць на ўвесь голас: «Свінкі, калі ласка, не ешце мяне!» За ім па дарозе ішлі тры невялікія парсючкі.

Мама спадарыні Крысціны зацята паліла цыгарэты. «Яна сядала, закладаючы нагу за нагу, і трымала цыгарэту ў доўгім муштуку. Гэта мне вельмі падабалася. Акурат у тыя часы маім сябрам у гульнях быў старэйшы на чатыры гады сын егера. Разам мы прыдумалі зрабіць цыгарэты з высушаных лістоў ляшчыны», – распавядае Крысціна Шманьда.

Дзеці расклалі агонь, каб высушыць лісце, якое пазней змялі ды абкруцілі цыгарэтнай паперай. Калі яны падпалілі самаробныя цыгарэты ды пачалі зацягвацца, то заўважылі, што касцёр разгарэўся да неверагодных памераў – языкі полымя шугалі высока ўгору. Аказалася, што дзеці расклалі агонь на кучы сухіх шышак. Агонь мог вельмі хутка распаўсюдзіцца па лесе ды нарабіць вялікай бяды, але, на шчасце, яго ўдалося неяк затушыць.

Дзецьмі ў сям’і Тамашэўскіх займаўся пераважна бацька. Ён вельмі рупіўся, каб выпрацаваць у сваёй нясмелай дачкі ўпэўненасць. З гэтай мэтай ён паабяцаў дачцэ даваць 5 злотых кожны раз, калі тая пазвоніць да сваёй школьнай настаўніцы. «Я патэлефанавала толькі тры разы. Гэта былі самыя страшныя хвіліны для мяне, якія зусім не дадалі мне адвагі», – кажа спадарыня Крысціна.

Па просьбе бацькі яна збірала ў маленькае дзіцячае вядзерца бульбу, што засталася пасля выкопак, а таксама вусеняў, якіх страсалі з пладовых дрэў каля хаты. «Бацька хацеў выхаваць у мяне павагу да працы», – адзначае дачка ляснічага.

Спакойнае жыццё Тамашэўскіх аднак перарвала Другая сусветная вайна. Станіслава і двое яе маленькіх дзяцей сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій і былі высланы на пасяленне ў Сібір. Юзаф не меў з імі кантакту і доўгі час не ведаў, што сталася з роднымі. Толькі пасля вайны, у 1947 годзе, сям’я зноў здолела ўзʼяднацца ў Польшчы.

Віктар Шукеловіч, Жупраны-Варшава.

Фота з сямейнага архіва Крысціны Шманьды.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *